Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кукабака, чалавек па-за часам


Аляксандар Лукашук і Міхась Кукабака ў бібліятэцы Вацлава Гаўла ў Празе
Аляксандар Лукашук і Міхась Кукабака ў бібліятэцы Вацлава Гаўла ў Празе

— Памятаеце, вы завялі мяне на сустрэчу ў Дом друку, і калі я выступаў, камуністы ўставалі на знак пратэсту і пакідалі залю, — узгадваў пад час нашай нядаўняй сустрэчы ў Празе Міхась Кукабака свой першы прыезд у Менск пасьля вызваленьня зь лягеру. Толькі што скончыўся ягоны выступ у Бібліятэцы Вацлава Гаўла, куды яго запрасілі як аднаго з рэдкіх пратэстоўцаў супраць акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968.

Магчыма, так і было тады ў Менску дваццаць пяць год таму, ужо не памятаю, але майстэрства кідаць палемічныя гранаты Кукабака ня страціў. Вось пару загалоўкаў яго нядаўніх артыкулаў: «9 мая — Дзень перамогі Рускага фашызму», ці «Расеяй кіруе «Малпа з гранатай».

Шлях Кукабакі-дысыдэнта па турмах і псыхушках пачаўся менавіта з яго абароны Чэхаславачыны: у ваенкамаце ён заявіў, што паверне зброю супраць сваіх, потым занёс ліст з пратэстам у консульства ЧССР у Кіеве. На сустрэчу ў бібліятэцы Кукабака прыйшоў з бел-чырвона-белым значком на грудзях, ветліва ўсьміхаўся, і гаварыў тое, што лічыў патрэбным. Пра пагрозу анэксіі Беларусі Расеяй ён пісаў яшчэ дзесяць год таму, і нават тыя, хто катэгарычна не пагодзяцца зь яго ацэнкай беларускай незалежнасьці («падарунак на Раство»), верагодна, пагодзяцца з аналізам расейскай палітыкі (генацыд, за які нікому не пагражае Гааскі трыбунал, бо ёсьць атамная бомба).

Бібліятэка Гаўла сёньня — цэнтар вельмі асабістай памяці дысыдэнтцва ХХ стагодзьдзя. Дзьве гадзіны ўспамінаў Кукабакі пра жыцьцё паводле сваіх перакананьняў у часы, калі мільёны дружна глядзелі ў іншы бок і маўчалі, скончыліся аплядысмэнтамі, якія не змаўкалі доўга-доўга — у залі была пераважна моладзь.

«Мартыралёг» апекваўся Кукабакам пад час ягонага першага прыезду ў Менск, ў 1990-м, і я запрасіў яго з сабой у Дом ураду. Сябры камісіі Вярхоўнага савету ў справах рэпрасаваных па чарзе дзяжурылі ў прыёмнай і сустракаліся з ахвярамі іх роднымі, якраз была мая чарга, і я падумаў, што хто лепш за апошняга савецкага палітзэка можа іх зразумець і нешта падказаць. Міхась недаверліва аглядаў дзяржаўныя сьцены, дзьверы, мэблю — ён прывык да іншых інтэр’ераў. Прыходзілі людзі, мы разьбіралі іх справы, часам Кукабака даваў нейкія парады, але гэта былі парады зэка — ня верце, не прасіце...

Ужо пасьля ад’езду Кукабакі я надрукаваў вялікі нарыс пра ягоны подзьвіг «Жил не по лжи» у самай папулярнай тады газэце «Знамя юности». — Было там пару недакладнясьцяў, — адразу сказаў ён мне праз чвэрць стагодзьдзя пасьля той сустрэчы. — Але ў цэлым артыкул добры.

Кукабака не зьмяніўся. Ён хутка паведаміў мне, што думае пра нядружную беларускую апазыцыю, і параіў заняць больш прагматычную пазыцыю да Лукашэнкі: трэба аддзяляць палітыку ад эканомікі, і калі той гаворыць, напрыклад, што варта ўзаконіць прастытуцыю як у Нямеччыне, дык такія ягоныя эўрапэйскія памкненьні трэба падтрымліваць.

Я ня стаў нават спрачацца.

Міхась Кукабака выступае ў праскай бібліятэцы імя Вацлава Гаўла 19 жніўня 2015 году
Міхась Кукабака выступае ў праскай бібліятэцы імя Вацлава Гаўла 19 жніўня 2015 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG