Адзіную ў Беларусі ліцэнзію на выраб самагону атрымаў Слонімскі вінзавод. А беларусы — чарговы пасьля зьніклай прамысловай «Крамбамбулі» шанец займець нацыянальны напой.
Вытворцы «самагону», які насамрэч так называць забаронена, прэзэнтавалі свой напой у модным менскім бары «Хуліган». «ПершачОК ад дзеда. Традыцыйны» мае моц 42%, «ПершачОК ад дзеда. Люты» — 47%. Слова «самагон», як распавёў дырэктар заводу Міхаіл Акулік, выкарыстоўваць у краіне, дзе выраб самагону фактычна забаронены, ужываць некарэктна. Таму слонімскія «Першачкі» называюцца «напоямі сьпіртавымі са збожжавай сыравіны».
Раней вырабляць самагон дзяржава дазваляла толькі 4-м вытворцам, сярод якіх нацыянальны музэйны комплекс «Дудуткі» і нацпарк «Белавеская пушча». Слонімскія вытворцы распавялі, што падышлі да справы адказна. Рэцэпт шукалі «ў народзе», а самагонны апарат па адмысловай замове вырабіла менская фірма. Абсталяваньне зробленае зь медзі і можа вырабляць 35 літраў напою за дзень. Усяго ў запуск новага прадукту завод уклаў 5 млрд рублёў.
Дырэктар Слонімскага вінзаводу пераконвае, што напой мае мяккі смак, а пры разумным спажываньні галава на ранак балець ня будзе. Кажа, выпрабоўвалі на сабе.
Да таго ж, кіраўніцтва спадзяецца, што новы напой дазволіць ім даць рады эканамічным праблемам.
«Па гарэлцы сёньня сур’ёзная канкурэнцыя, — кажа Акулік. — Шмат гарэлкі нізкага цэнавога сэгмэнту, і гэта не ідзе на карысьць вытворцам». Акулік нагадвае, што тры найбуйншыя беларускія вытворцы гарэлак сёньня амаль стратныя.
«Мы таксама не адчуваем шчасьця з прыбыткам сёлета, — прызнаецца Акулік. — Але разьлічваем, што гэты прадукт дазволіць вырашыць нашыя праблемы».
Пакуль што завод мае права выпускаць 300 000 літраў самагону за год. Але кіраўніцтва заводу спадзяецца, што «першачкі» спадабаюцца і беларусам і замежнікам, і вытворчасьць будзе расьці. Калі ўсё пойдзе паводле пляну, зьявяцца і новыя віды «першачкоў».
Паўлітровая пляшка самагону слонімскага «Першачка» каштуе каля 76 тысяч рублёў, літровая — 130 тысяч.