Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай «Крамбамбулі» больш ня будзе


Прывезьці ў падарунак зь Беларусі пляшку старажытнай «Крамбамбулі» беларускай вытворчасьці ўжо не атрымаецца. А краіна страціла вытворцу нацыянальнага прадукту.


Легендарны беларускі напой «Крамбамбуля» ад аднаго з найстарэйшых прыватных вытворцаў «БелПІ» зьнік з паліцаў крамаў. Ужо паўгода не абнаўлялася інфармацыя на сайце кампаніі. Тэлефанаваньне на прадпрыемства дало нечаканы вынік:

— Гэта «БелПІ»?

— Так.

— А ў вас «Крамбамбуля» выпускаецца?
— Не.

— А чаму?

— Падаткамі задушылі. Гэта бессэнсоўна.

— І больш ня будзе?

— Мы спынілі вытворчасьць алькаголю. Больш гэтым не займаемся.

«Крамбамбулю» — «Панскую», «Хлебасольную», «Паляўнічую», «Шчодрую» і «Сярдзітую» — выпускае кампанія «БелПІ». Яна была заснаваная яшчэ ў 1993 годзе сям’ёй пісьменьніка Леаніда Дайнекі — аўтара раманаў «Меч князя Вячкі» і «Сьлед ваўкалака». Кіруюць бізнэсам ягоныя сыны Зьміцер, Сяргей і Сьцяпан. Апроч «Крамбамбулі», кампанія выпускала вядомую гарэлку «Генэрал».

Сяргей Дайнека паведаміў Радыё Свабода, што з-за нязручнай схемы падаткаабкладаньня вытворчасьць у Беларусі сапраўды давялося спыніць.

«З 1 сьнежня фірма „БелПІ“ трапіла ў сьпіс прадпрыемстваў, якія сплочваюць падатак не праз 90 дзён пасьля адгрузкі, а праз 30. У Беларусі няма сэнсу нам вытворчасьцю займацца. Таму тут мы спыніліся і пераносім яе, найхутчэй, у Італію»

Дайнека спадзяецца, што да канца году прадукцыя пад брэндам «Крамбамбуля» зьявіцца ў беларускіх крамах зноўку. Але гэта будзе ўжо не беларуская, а італьянская вытворчасьць.

«Сам гандлёвы знак, назва належаць нашай сям’і. Гэта беларускі брэнд. І ўвесь сэнс вытворчасьці быў, каб быць у Беларусі. Бо мы амаль 70 працэнтаў прадукцыі прадавалі ў Эўропе, нам нават там прасьцей».

Дайнекі займалі адметнае месца на алькагольным рынку. Іхныя напоі пазыцыянаваліся як выключна беларускі прадукт, а ў рэкляме выкарыстоўвалася толькі беларуская мова.

За досыць кароткі час Дайнекі змаглі зрабіць пляшку «Крамбамбулі» ці не галоўным сувэнірам зь Беларусі.

Самі беларускамоўныя і нацыянальна арыентаваныя, Дайнекі прыцягвалі да працы адпаведных людзей. Так, дызайн пляшак «БелПІ» ў свой час рабіў мастак Міхал Анемпадыстаў.
Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.
Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.
«Апроч „Крамбамбулі“ яшчэ быў шэраг прадуктаў, дзе выкарыстоўваліся беларускія культурныя коды. Яны спачатку выпускалі гарэлку „Генэрал“, а пасьля зрабілі рэбрэндынг і сталі выпускаць яе пад назвай „Генэрал Касьцюшка“. Да апошняга часу яшчэ можна было знайсьці гэтую гарэлку, — распавядае Анемпадыстаў. — І „Крамбамбулю“ спачатку выпускалі двух гатункаў: „Клясычную“ і „Дамскую“, здаецца. А пазьней яны распрацавалі цэлы шэраг арыгінальных рэцэптаў. То бок апроч таго, што яны проста звычайную гарэлку рабілі, рабілі яшчэ і арыгінальныя каляровыя, што, у прынцыпе, для беларускай культуры традыцыйна».

Анемпадыстаў зазначае, што экспэрымэнты з гарэлкавымі рэцэптамі — гэта ўжо са сфэры культуры спажываньня алькаголю.

«Каляровыя гарэлкі і робяцца нацыянальным прадуктам, візытоўкай краіны. Як „Егермайстар“ у немцаў. І гэта ня вельмі старыя рэцэпты, а звычайна распрацаваныя пасьля вайны, — кажа Анемпадыстаў. — А „БелПІ“ сапраўды зрабілі тэхналягічны прарыў. Каляровых гарэлак ня так шмат. Згадайце, што яшчэ ў Савецкім Саюзе была створаная „Белавеская“, і яна дагэтуль пратрымалася».

Анемпадыстаў дадае, што «Крамбабуля» мела ўсе шанцы набыць статус нацыянальнага прадукту. Да таго ж назва яе падтрымлівалася шэрагам культурніцкіх праектаў.

Гісторыя «Крамбабулі», гарэлкі зь мёдам і спэцыямі, пачынаецца яшчэ ў шаснаццатым стагодзьдзі. Дзякуючы намаганьням энтузіястаў і папулярнасьці музычнага праекту «Крамбамбуля», напой у дваццаць першым стагодзьдзі набыў у Беларусі статус легендарнага.

Ці стане беларускім нацыянальным прадуктам італьянская «Крамбамбуля» і ці агулам вернецца гэты напой у Беларусь, застаецца толькі чакаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG