«Стан нашага хлопца, параненага ўчора, непрытомны, нязьменна цяжкі. Цяпер ён у шпіталі. Праведзена першая апэрацыя. Аскепкі трапілі ў галаву, грудзі, нырку. Таму наш пабрацім у рэанімацыі чакае яшчэ шэрагу апэрацыяў», — напісаў у Фэйсбуку Андрэй Жах, паплечнік параненага на Данбасе ў ноч з 9 на 10 жніўня беларускага добраахвотніка.
Беларускага хлопца з Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару» паранілі з 82-мілімэтровага мінамёта БМ-37.
Імя і пазыўны параненага беларуса не разгалошваецца. Вядома, што на Данбасе ў шэрагах украінскіх добраахвотніцкіх падразьдзяленьняў ваююць былыя палітычныя зьняволеныя зь Беларусі Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў.
У гэтым жа баі пад Белай Каменкай на Данбасе быў забіты баец «Правага сэктару» Віталь Ціліжэнка, які каардынаваў працу з добраахвотнікамі зь Беларусі.
Пра стварэньне беларускага атраду «Правага сэктару», у якім ваяваў паранены беларус, стала вядома некалькі дзён таму.
8 жніўня на старонцы суполкі ў Фэйсбуку, якая публікуе навіны з жыцьця беларускіх добраахвотнікаў, зьявілася інфармацыя, што цяпер беларусы сфармуюць афіцыйнае падразьдзяленьне «Правага сэктару».
«Такое рашэньне было прынята пасьля перамоў кіраўніцтва Добраахвотнага ўкраінскага корпусу (ДУК). Пасьля перамоваў кіраўніцтва ДУК пастанавіла стварыць тактычную групу „Беларусь“. Фармаваньне ТГ „Беларусь“ будзе праходзіць у прыфрантавой зоне, першая група байцоў ужо на пазыцыях», — напісаў украінскі інтэрнэт-рэсурс korrespondent.net.
Валянтэр Андрэй Стрыжак тлумачыць, што інфармацыя пра існаваньне беларускага атраду праходзіла ў публічнай прасторы, але добраахвотнікі-беларусы на гэтым не рабілі акцэнту:
«Раней гэта не афішавалася, але сярод добраахвотнікаў заўсёды былі людзі зь Беларусі, і магу сказаць, што менавіта ў добраахвотніцкіх батальёнах з самага пачатку канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай было больш за ўсё іншаземцаў. Паводле ўкраінскіх законаў ва Ўзброеных сілах Украіны ня могуць ваяваць замежнікі. Таму натуральным чынам усе замежнікі аселі ў дабрабатах. Але пасьля таго як усе дабрабаты пачалі ўваходзіць у склад сілавых структураў, большая колькасьць добраахвотнікаў засталася менавіта ў „Правым сэктары“, таму што ён пакуль не інстытуцыяналізаваны і не інтэграваны ў сілавыя структуры».
Гаварыць пра колькасьць беларусаў-добраахвотнікаў, які ваююць на Данбасе, не выпадае — няма нават прыкладных лічбаў.
«Паводле ацэнак нацыянальнага складу дабрабатаў, што даюць самі добраахвотнікі, на першым месцы там расейцы, на другім — чачэнцы ці грузіны, і на трэцім — беларусы. Гэта калі ацэньваць добраахвотнікаў-неўкраінцаў», — дадае Андрэй Стрыжак.
Беларускі добраахвотнік Васіль Парфянкоў, які ваюе за Ўкраіну на Данбасе каля пасёлку Пяскі, а цяпер на ратацыі ў Кіеве, сказаў Свабодзе, што ў яго атрадзе, дзе ёсьць і іншыя беларусы, часта здараюцца раненьні:
«У Пясках, адкуль я прыехаў, усё па-старому. Сэпаратысты страляюць з артылерыі, зь мінамётаў, з танкаў. А ўкраінцы выконваюць Менскія дамоўленасьці. Ну, мы што? Агрызаемся са стралковай зброі, з БМП — з таго, што дазволена. Кожны дзень ёсьць параненыя. Вельмі складана, калі дробныя аскепкі мінаў трапляюць у цела — яны маленькія, і іх вельмі цяжка дастаць».
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігар Гузь, які апякуецца добраахвотніцкім атрадам «Пагоня», кажа, што беларусы едуць ня толькі ў «Правы сэктар» — ёсьць беларускі атрад «Пагоня», ёсьць беларусы ў батальёнах «Азоў», «Данбас», «Дняпро».
«Мы гэта вельмі пазытыўна ацэньваем. Чаму? Таму што сёньня Ўкраіна змагаецца з Расеяй на Данбасе. Заўтра Расея адназначна будзе рабіць жорсткія крокі ў дачыненьні да Беларусі. Нам прыемна, што беларусы змагаюцца за нашу свабоду. Гэта маладыя хлопцы, якія разумеюць, што сёньня ў нас супольны фронт, у Беларусі і Ўкраіны. Іншае пытаньне, што дзяржава не да канца прызнае такіх замежных добраахвотнікаў»? — кажа Ігар Гузь.
Ігар Гузь адзначыў, што цяпер атрад «Пагоня» пачынае новы набор добраахвотнікаў.
«Гэта адбываецца так. Людзі кантактуюць рознымі спосабамі — праз сацыяльныя сеткі, электронную пошту, выходзяць на нас праз розныя беларускія арганізацыі. Мы робім пэўны адбор, пасьля чаго добраахвотнікі едуць у розныя падразьдзяленьні ў батальёны».
Што да параненых, то яны ёсьць заўсёды, кажа Гузь і прызнаецца, што чуў і пра забітых беларусаў, але назваць канкрэтна імёны ня можа.
Адбор, які праходзяць добраахвотнікі перад тым, як пачаць ваяваць, уключае як фізычныя, так псыхалягічныя іспыты.
«Трэба разумець, што гэта не гульня. Гэта фронт, а не прыгоды. Гэта вайна, і тут можна загінуць. Таму адбываецца сур’ёзны фізычны і псыхалягічны адбор. Таксама мы ведаем, што беларускі КДБ пэрыядычна спрабуе такім чынам заслаць да нас сваю агентуру, таму даводзіцца сачыць і за такім момантам».