7 жніўня ў Баранавічы мусіў прыехаць кіраўнік краіны. Напярэдадні каля многіх прадпрыемстваў гораду ў яго чаканьні наводзілі парадак. Але Аляксандар Лукашэнка не прыехаў, а адной з асноўных палітычных падзеяў тыдня ў Баранавічах стала наведваньне 8 жніўня гораду патэнцыйнай кандыдаткай на прэзыдэнта Тацянай Караткевіч.
Апрануты ў вышыванку лідэр мясцовага прадпрымальніцкага руху Мікола Чарнавус урачыста сустракаў у цэнтры рынку Тацяну Караткевіч зь караваем, сьпечаным ва ўласнай печы.
Каля ўваходу і на самым рынку былі зладжаныя пікеты па зборы подпісаў за Тацяну Караткевіч, многія людзі не прамінулі магчымасьці пагутарыць з патэнцыйнай кандыдаткай.
«Улада павінна мяняцца. Можа, ён і цудоўны чалавек, можа ён і цудоўны прэзыдэнт, але людзі павінны мяняцца ва ўладзе. Улада разбэшчвае,» — кажа жыхарка Баранавічаў Натальля Ралінская.
Тацяна Караткевіч падзялілася ўражаньнямі ад наведваньня Баранавічаў:
«Супэр! Тут у мяне ініцыятыўная група ня вельмі вялікая, але падрыхтаваліся яны вельмі клясна — урачыста, сьвяточна, дзякуй Міколу Чарнавусу за гэта. І людзі вельмі пазытыўныя, шмат хто падпісаўся, знаёміліся... Важная прысутнасьць кандыдатаў сярод людзей, тады яны адчуваюць, што палітыка — гэта рэальнасьць, якая блізка.»
Сустрэча з патэнцыйнай кандыдаткай адбылася без правакацыяў. Толькі дырэктар рынку Васіль Саўчанка здымаў прысутных на невялікую відэакамэру, ды выказаў прэтэнзіі журналістам, што яны фатаграфуюць на рынку без яго дазволу. Журналісты адмовіліся спыніць сваю працу, пасьля чаго дырэктар прыгразіў «наступствамі» і сышоў.
У часе сустрэчы з Тацянай Караткевіч па рынку зь песьнямі прайшло шэсьце крышнаітаў. Адзін зь іх спыніўся каля пікету, пачаставаў патэнцыйную кандыдатку печывам, а сам пакаштаваў каравая Міколы Чарнавуса.
8 жніўня акрамя Баранавічаў Тацяна Караткевіч наведала, таксама, Ганцавічы і Мір.