Ніводзін з канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі пакуль не сабраў патрэбных ста тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Актывісты іх ініцыятыўных груп заяўляюць, што ім даводзіцца адольваць пасіўнасьць людзей, якія ня вераць, што гэтымі выбарамі нешта ў краіне можна зьмяняць. Ёсьць у ініцыятыўных групах тыя каму найлепш удаецца праца з выбарцамі.
Крычаўская пэнсіянэрка Надзея Іванова зьбірае подпісы ў падтрымку Тацяны Караткевіч ды Анатоля Лябедзькі. За апазыцыйных вылучэнцаў яна падпісала больш за 380 жыхароў.
КРЫЧАЎ
Пікетаў, паводле жанчыны, у райцэнтры няма. Кабета сьцьвярджае, што адна ў Крычаве наважылася ходзіць па кватэрах ды падпісваць жыхароў за канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Надзея Іванаўна кажа:
«Нярэдка людзі пытаюць, ці не баюся гэтак адкрыта падтрымліваць апазыцыянэраў. Не, адказваю. У мяне дакумэнты ў парадку. Нічога супраць закону не раблю.
Ня больш за 20 працэнтаў пэнсыянэраў ставяць свае подпісы ў падтрымку апазыцыйных вылучэнцаў. Падпісваецца ж за іх пераважна моладзь.
Некаторыя, звоніш у дзьверы, выходзяць і кажуць: „Калі вы зьбіраеце подпісы за Лукашэнку да нас не заходзьце. Калі не за яго, то калі ласка“. Такія кажуць часта: „Надакучыла ўжо. Час яго мяняць. 21 год пры ўладзе, колькі ж можна. Патрэбны нехта памаладзей“. У Крычаве працы можна сказаць няма і заробкаў таксама. Як у нас, тут, жыць людзям? Адсюль і такія настроі», — робіць выснову суразмоўніца.
МАГІЛЁЎ
Паводле актывісткі, канфліктаў за ўвесь час збору подпісаў у яе зь людзьмі не было. Тыя хто падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, больш за нікога не падпісваюцца.
Больш за трыста подпісаў сабраў за тых жа вылучэнцаў беспрацоўны будаўнік і прафсаюзны актывіст з Магілёва Аляксей Паўлоўскі. Ён абраў сабе для выбарчай працы адзін з тутэйшых спальных мікрараёнаў.
Прызнаецца: падпісаў ня шмат людзей, бо многія ў адпачынках, альбо ратуюцца ад сьпёкі на лецішчах. Як і Надзея Іванова Паўлоўскі даводзіць, што нямала жыхароў мікрараёну заяўлялі яму празь дзьверы:
«Калі ён падпісвае за Лукашэнку, то няхай ідзе прэч.
Некалькі дзясяткаў чалавек, заяўляе актывіст, яму паскардзіліся, што іх змусілі падпісацца за Аляксандра Лукашэнку. Загадалі на працу прыйсьці з пашпартамі».
Паўлоўскі цьвердзіць, што зьбірае подпісы, каб дапамагчы апазыцыйным вылучэнцам. Ніякіх матэрыяльных выгод ад свае працы ня мае:
«Хіба на гэтым разбагацееш. Калі б да яго зьвярнуліся іншыя канкурэнты Лукашэнкі, то дапамог бы і ім».
«Трэба нешта мяняць у краіне, — тлумачыць Паўлоўскі. — Я акрамя таго, што зьбіраю подпісы за Лябедзьку і Караткевіч падпісваю людзей пад зваротам супраць Закону аб дармаедах. Пад ім шмат людзей падпісалася. Людзі кажуць: гэты закон зьдзек. Пазбавілі працы ды яшчэ прыдумалі падатак за беспрацоўе».
У Бабруйску за Караткевіч і Лябедзьку нямала актывістаў з іхных ініцыятыўных груп здолелі сабраць больш за дзьвесьце подпісаў. Аляксандар Дзяткоў мае 340. Падпісвае бабруйцаў ходзячы па кватэрах. Кажа: кожныя чацьвёртыя дзьверы яму адчыняюць. У палове з іх падпісваюцца.
«Сьведчыць гэта пра тое, што адэкватных, думаючых людзей значная колькасьць. Многія перад тым, як падпісацца спачатку разважаюць. Нямала людзей, аднак, калі я ім кажу пра палітыкаў, за якіх зьбіраю подпісы, адказваюць: „А хто гэта такія? Я іх ня ведаю і падпісвацца ня буду“. Многія ўсё ж падпісваюцца, нягледзячы на тое, што таксама ня ведаюць гэтых палітыкаў, альбо чулі некалі і я ім пра іх нагадаў», --- зазначае Аляксандар Дзяткоў.
Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Магілёва Эдуард Абакановіч са сваімі 150 подпісамі за Анатоля Лябедзьку ня лічыць сябе рэкардсмэнам. Прызнаецца: збор подпісаў праходзіць млява.
«Патрэбная нейкая рэсурсная падтрымка, бо актывістамі шмат подпісаў не зьбярэш. Гэта трэба прызнаць, бо гэта мае значэньне. Мы ж валянтэры», —зазначае партыец.
«Я б не сказаў, што падпісваюцца менш, чым у мінулую прэзыдэнцкую кампанію. Цяпер, аднак, у людзей больш пэсымізму. Усе ж ведаюць хто ўжо перамог. Тое, што выбараў няма — гэта разумее бальшыня людзей. Многія не хаваюць, што іх ўсё даняло ў краіне.
«Я вызначаю прыхільнасьць чалавека па твары, — працягвае аповед актывіст. — Калі ён трымаецца дэмакратычных поглядаў, то ўсьміхаецца і адкрыты да гутаркі. Прыхільнікі ж Рыгоравіча — часьцей змрочныя, больш агрэсіўныя».
Кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў кажа: на пікетах сабраў каля паўтысячы подпісаў. Партыец амаль штодня выходзіць да людзей і даводзіць ім, што вылучэнец, якога ён прадстаўляе, варты быць прэзыдэнтам.
«Калі казаць пра актыўнасьць, то як мне падаецца, — заўважае ён, — больш людзей падпісваліся за Лябедзьку, чым за Лукашэнку. Пікет у яго падтрымку быў непадалёк ад нашага. Мы іншым разам назіралі за іхным пікетам ды падлічвалі тых хто там падпісваўся, дык, у нас падпісчыкаў атрымлівалася было прыкладна ў паўтары разы болей».
Уладзімер Шанцаў кажа, што партыйныя актывісты ў Магілёве сабралі больш за дзьве тысячы подпісаў. Кіраўнік партыйнай арганізацыі прызнаецца: «Гэта да сораму дужа мала».
Што да ўмоваў, у якіх праходзіць кампанія збору подпісаў, то партыец адзначае:
«Цяпер нібыта ўсё дазваляюць. Такі разгул дэмакратыі. Разам з намі стаяць людзі са сьцягам БХД, бел-чырвона-белым сьцягам і такое ўражаньне, што ўсё адпусьцілі, ўсё дазволілі».