Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбіраць подпісы перашкаджае ня сьпёка, а ДАІ»


Ад пачатку тыдня ў Беларусі сьпёка: трыццаць градусаў цяпла і вышэй чакаецца і праз увесь наступны тыдзень. Экстрэмальныя ўмовы надвор’я, аднак, не спыняюць зьбіраньне подпісаў за прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах: звыклыя ўжо пікеты застаюцца на праспэкце Незалежнасьці, па дарозе да Камароўскага, Чэрвеньскага рынку, Прывакзальнай плошчы і іншых людных месцах Менску.

Уражаньнямі ад працы пад адкрытым сонцам дзеліцца сябра сойму БНФ Яўген Рыбакоў — адзін з валянтэраў, які ад першага дня зьбірае подпісы за Тацьцяну Караткевіч:

«Мы выконваем параду мадам Шчоткінай, якая казала, што трэба „круціцца“. І вось мы круцімся, каб загар лёг роўна. Але мы п’ем шмат вады — па тры літры выпіваем, і гэта нават станоўча ўплывае на здароўе. Я, да прыкладу, скінуў лішнюю вагу і ў папрузе нават прабіў дадатковую дзірачку».

Карэспандэнтка: «Ці гэтак жа станоўча сьпёка паўплывала на актыўнасьць падпісантаў?»

«Нават чэргі сталі зьяўляцца, а раней гэтак не было. Цяпер, калі з працы вяртаюцца, то і па 3–4 чалавекі стаяць у чарзе. Мне падаецца, што гэта знак таго, што людзі сталі больш адказна ставіцца да грамадзка-палітычных падзеяў».

Актывісты групаў падтрымкі кандыдатаў працуюць без дадатковых сродкаў перасьцярогі — парасонаў ці паветак. Толькі валянтэр ад «Белай Русі», які зьбіраў подпісы за Лукашэнку, схаваўся ў цені аўтобуснага прыпынку, але кажа, што задаволены зборам подпісаў і ў сваёй схованцы. Віктар Гладкі, актывіст групы падтрымкі Віктара Цярэшчанкі, працуе на сонцы, але кажа, што працаваць замінае зусім ня сьпёка, а служба ДАІ:

«Палкі ў колы ставіць Дзяржаўтаінспэкцыя. Мы тут выконваем пэўныя абавязкі — выстаўляем пікеты, зьбіраем подпісы. Але з гэтым абсалютна ня лічацца і забіраюць машыны на штрафныя стаянкі. Гэта пры тым, што мы пакідаем нумар тэлефона на лабавым шкле, і калі ёсьць праблема — замінае машына — патэлефануйце, мы побач — і гэтая праблема вырашыцца за хвіліну. Але ім пляваць — забіраюць машыну эвакуатарам, і кошты за гэтую „паслугу“ абсалютна неадэкватныя — 500 тысяч за 7 хвілін. Як гэта так?! Што, у дзяржавы няма грошай і трэба вось гэткім чынам на аўтааматарах зарабляць? Каб людзі плацілі, марнавалі час і нэрвы? Вось сёньня — змарнавалі цэлы дзень, каб заплаціць і забраць машыну. Хацелася б гэта давесьці да ведама Дзяржаўтаінспэкцыі і міністра ўнутраных спраў».

Вышыванка і капялюш — такую «працоўную форму» абраў для сябе Арцём Цыплякоў, валянтэр у групе падтрымкі Анатоля Лябедзькі. І ягоны непакой —не сьпякотнае надвор’е. А пасіўнасьць і нават абыякавасьць патэнцыйных выбарцаў:

«Народ выгараў. Кажуць: мы ня ўдзельнічаем, мы ня пойдзем, ідзіце да д’ябла, усё абрыдла, нічога ня будзе. Людзі зьмірыліся. Калісьці, гадоў 6–7 таму, мне мая цёця, якая дваццаць гадоў працавала адказным сакратаром камісіі на ўскрайку Менску, казала: „Вось ты кажаш, маўляў, моладзь, моладзь за перамены... Дулю табе, моладзь — пэнсіянэры за перамены. Я ж краем вока бачу, як хто галасуе“. І цяпер я кажу ёй: так, цёця, ты мела рацыю. У мяне бальшыня подпісаў — ад людзей пасьля 35–40 гадоў. Да 25 гадоў моладзь увогуле апалітычная. Гэта тыя дзеці, якія нарадзіліся пры гэтым... нічога іншага ня ведалі, і ў выніку моладзь — пафігістычна-апалітычная».

Партыйная сымболіка, дзяржаўныя чырвона-зялёныя і бел-чырвона-белыя сьцягі — па-ранейшаму сталыя атрыбуты пікетаў прадстаўнікоў кожнага з прэтэндэнтаў. Жанна Раманоўская — адзіная з прэтэндэнтаў, якая зьбірала подпісы ўласнаручна побач са сваім партрэтам. Жанна Мікалаеўна таксама ўражаная не сьпякотным надвор’ем, а настроямі людзей:

«Мяне палохае тое, што ў нашай краіне пасяліўся страх: людзі самі баяцца і цікавяцца, ці не баюся я ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, ці мне нічога за гэта ня будзе. Яны таксама баяцца за сябе: ці ня выганяць з інтэрнату, дзе яны жывуць, ці ня будзе якіх іншых наступстваў за свой подпіс. І таксама яны сумняюцца ў справядлівасьці выбараў, што гэта ўсё будзе папраўдзе і аб’ектыўна».

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра гэты недавер і страх?»

«Людзі бачылі прыклады таму ў жыцьці. Гэта ня іх фантазіі, а жыцьцёвы досьвед. А я хачу, каб людзі былі здаровыя, багатыя, шчасьлівыя і нічога не баяліся».

Збор подпісаў за прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі працягнецца да 21 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG