Аляксандар Лукашэнка паабяцаў вырашыць праблему пакараньняў у Беларусі журналістаў-фрылансэраў, якія пішуць у замежныя СМІ і ня маюць акрэдытацыі.
«Забараняць — гэта ня мой прынцып. Я вывучу гэтую праблему. Што да гэтых штрафаў, то таксама вывучым. Людзі ж не багатыя. Я вам абяцаю, што разгледжу гэтае пытаньне, таму што, відаць, вы маеце рацыю тут», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды Валера Каліноўскага, які запытаў пра парушэньне правоў журналістаў у Беларусі, асабліва ў рэгіёнах.
Валер Каліноўскі сказаў Аляксандру Лукашэнку, што мноства карэспандэнтаў у розных гарадах Беларусі спрабуюць працаваць фрыланс-журналістамі на замежныя СМІ, за што часта атрымліваюць судовыя пакараньні ў выглядзе штрафаў:
«Акрэдытацыі МЗС ім не даюць, а за тое, што пішуць у СМІ без акрэдытацыі, іх судзяць. На сайце БАЖ толькі за 2015 год такіх выпадкаў зафіксавана 26, на 137 мільёнаў рублёў штрафаў. Гэта парушэньне Канстытуцыі Беларусі і міжнароднай практыкі. Прэтэнзіі не па сутнасьці артыкулаў, а па факце працы без акрэдытацыі. Ці нельга замяніць акрэдытацыю на рэгістрацыю, без неабходнасьці атрымліваць дазвол?»
Аляксандар Лукашэнка папрасіў сваю прэсавую службу падрыхтаваць яму інфармацыю на гэты конт.
Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова за гэты год атрымала ўжо пяць штрафаў за супрацу зь не акрэдытаванымі ў Беларусі сродкамі масавай інфармацыі. Яна кажа, што цяперашнія ўлады заўсёды будуць шальмаваць незалежных журналістаў, якія змагаюцца супраць дзяржаўнай прапаганды, паказваючы ў сваіх матэрыялах рэальную Беларусь:
«Гэта ўсё лукашэнкаўскія „бла-бла-бла“ наконт таго, што трэба фрылансэрам даць больш волі. Ня веру ім ні на шэлег. Ён адчувае вельмі вялікую небясьпеку ад журналістаў, бо мы паказваем, распавядаем і даносім адзін просты мэсыдж — „а кароль голы“. Гэтага вельмі баяцца ўлады. Мы паказваем праўду, разруху, якая апанавала краіну, — насуперак дзяржаўнай прапагандзе, якая кажа, што ў нас парадак і стабільнасьць. Таму мы, фрылансэры, — ворагі, і застанемся такімі назаўжды. Ні ў якую лібэралізацыю я ня веру, бо яна супярэчыць лёгіцы ўладаў. З боку чыноўнікаў любога рангу ня можа быць да нас ніякага паслабленьня, бо мы бурым міт пра стабільную і квітнеючую Беларусь, паказваючы, што сыстэма дзяржаўнай улады неэфэктыўная, шмат якія сфэры ў заняпадзе. А праўда вельмі нязручная, вельмі непрыгожая. Таму для гэтай улады перасьлед журналістаў заўсёды будзе актуальны».
На Ларысу Шчыракову сёлета ўжо было складзена 5 пратаколаў па артыкуле 22.9 КаАП «Незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі». Кожны пратакол пацягнуў за сабой грашовы штраф у тры-чатыры мільёны рублёў.
Незалежны журналіст Алесь Залеўскі згодны са сваёй гомельскай калегай і кажа, што словам Аляксандра Лукашэнкі нельга верыць ні ў якім выпадку.
«Цяпер ідзе выбарчая кампанія, таму Лукашэнка мусіць гаварыць шмат папулісцкіх рэчаў, рабіць крокі, каб здабыць падтрымку ў грамадзтве. Гэта па-першае. Па-другое, Лукашэнка ўжо прадэманстраваў сваё стаўленьне да незалежных журналістаў і рэдакцыяў. Яго можна пабачыць, параўнаўшы колькасьць незалежных СМІ ў канцы 90-х гадоў і цяпер, а таксама паглядзеўшы на колькасьць рэпрэсіяў і судовых спраў супраць незалежных журналістаў — ня толькі фрылансэраў, але і тых, у каго пасьведчаньні. Стаўленьне Лукашэнкі ніякім чынам не зьмяняецца. Адзінае — раз на пяць гадоў ён дэманструе нібыта лібэралізацыю, якой, па сутнасьці, няма, бо, напрыклад, журналістаў „Белсату“ працягваюць шальмаваць і цяпер. Па-трэцяе, няма ў Беларусі сфэры, якую б Аляксандар Лукашэнка не хацеў упарадкаваць і дысцыплінаваць. Журналістыка тут для яго амбітнае поле, бо яна вельмі цесна зьвязаная з інтэрнэтам».
Спрабуе абскардзіць штраф, прысуджаны судом Дзяржынскага раёну, журналістка-фрылансэр Вольга Чайчыц. На пачатку чэрвеня ёй і яшчэ аднаму незалежнаму карэспандэнту прысудзілі больш як па 5 мільёнаў штрафу за відэаматэрыял, які быў разьмешчаны на сайце тэлеканала «БелСат».
«Мы ўжо звыкліся з тым, што калі Лукашэнка нешта кажа, робіцца ўсё наадварот. Таму няма яму веры ў тым, што ня будуць чапаць фрылансэраў. Апошнім часам ціск на незалежных журналістаў узмацняецца. Праз судовую сыстэму даказаць сваю невінаватасьць мы ніяк ня можам. Напрыклад, я абскарджвала свой апошні штраф у 30 базавых велічыняў, які прысудзіў мне суд Дзяржынскага раёну. У абласным судзе проста адказалі, што скарга неабгрунтаваная. І ўсё. Таму плацім штрафы. Колькасьць журналістаў, якіх штрафуюць, павялічваецца. Я думаю, што чым бліжэй да выбараў, то ціск гэты будзе толькі ўзмацняцца».