«Шаноўныя байкотчыкі, трэба неяк вызначацца. І, як ні дзіўна, любое вызначэньне пазыцыяў ставіць прыхільнікаў байкоту ў тупік. Калі выбары сапраўды нічога не вырашаюць, дык і байкот ня мае сэнсу, і ня можа быць ніякіх нэгатыўных наступстваў ад удзелу ў іх апазыцыі. Калі ж выбары ўсе ж нешта вырашаюць, дык тым болей недаравальна ўхіляцца ад удзелу», — адказвае лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на заклік журналісткі Ірыны Халіп да дэмакратычных кандыдатаў здымацца з выбараў.
Гэты заклік Халіп агучыла ў артыкуле «Мышы і мерцьвякі», у якім вінаваціць старшыню АГП Анатоля Лябедзьку ў тым, што ён «сваім удзелам у „выбарах“ можа дамагчыся прызнаньня Лукашэнкі на Захадзе», а таксама прыгадвае публічны выступ кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП Яраслава Раманчука пасьля разгону Плошчы-2010, у якім той абвесьціў Андрэя Саньнікава і яго жонку арганізатарамі масавых беспарадкаў.
Рэагуючы на закіды Халіп, Анатоль Лябедзька прыгадвае, што ў 2010 годзе, калі ў выбарах бралі ўдзел 10 кандыдатаў улучна з Андрэем Саньнікавым, сытуацыя была аналягічнай: «Але тады Ваша каманда ня ставіла нават пад найменшы сумнеў неабходнасьць удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. І тады Вас не бянтэжылі ні мышы (колькасьць жадаючых паўдзельнічаць набліжалася да 20), ні тое, што большасьць зарэгістраваных не сабралі неабходныя 100 тысяч. Што Вамі рухала? Можа, у тагачасных палітвязьняў, уключаючы Мікалая Аўтуховіча, маштаб ня той быў?»
«Шэрыфа не цікавіць удзел апазыцыі ў выбарах»
У адкрытым лісьце, зьвернутым да патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Тацяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі, Аляксей Янукевіч тлумачыць, чаму прызнаньне вынікаў выбараў міжнароднай супольнасьцю не залежыць ад удзелу ці няўдзелу кандыдатаў ад апазыцыі:
«Першая распаўсюджаная памылка — у неразуменьні крытэраў, паводле якіх Захад ацэньвае выбары. Сапраўднымі крытэрамі для Захаду ёсьць выкананьне выбарчых працэдураў. Нідзе і ніколі вы ня знойдзеце крытэр „ці вылучала апазыцыя сваіх прадстаўнікоў?“. „Ці мела магчымасьць вылучыць?“ — так, гэта крытэр. „Ці вылучала?“ — гэта праблемы апазыцыі. І шэрыфа, то бок міжнародную супольнасьць, яны не цікавяць.
А што тычыцца выкананьня працэдураў, дык тут пытаньне на лёгіку для трэцяй клясы: у якім выпадку будзе больш парушэньняў працэдуры з боку ўладаў — пры адсутнасьці апазыцыі, ці пры ўдзеле дэмакратычных кандыдатаў?»
«Захад у любым разе прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам»
Другая памылка прыхільнікаў байкоту, паводле Янукевіча, у неразуменьні або сьвядомым ігнараваньні таго факту, што існуе розьніца паміж прызнаньнем выбараў і прызнаньнем улады:
«Захад не прызнаваў прэзыдэнцкія выбары, але прызнаваў і прызнае Аляксандра Лукашэнку кіраўніком краіны. Гэтую памылку робяць тыя, хто заклікае да байкоту пад лёзунгамі змаганьня за незалежнасьць. Маўляў, калі цяпер праз удзел апазыцыі Захад прызнае выбары, дык вымушаны будзе прызнаваць і магчымыя дамовы з Масквой аб здачы сувэрэнітэту краіны. Гучыць прыгожа і кранальна, але ня мае нічога агульнага са здаровым сэнсам. Калі паглядзець цьвяроза хаця б на мінулыя 5 гадоў, калі быў падпісаны цэлы шэраг эканамічных, вайсковых ды палітычных дамоваў, што ставяць пад пагрозу сувэрэнітэт Беларусі — ці Захад адмовіўся іх прызнаваць? Не. Захад шмат гадоў не прызнае выбары ў Беларусі, але прызнае ўсе падпісаныя за гэты час афіцыйным Менскам міжнародныя дамовы. І гэта перадусім не юрыдычныя, а палітычныя рашэньні. Аб’ектыўна, беларускія дэмакратычныя сілы маюць зусім невялікі ўплыў на палітычныя рашэньні Захаду. Але абсалютна відавочна, што непараўнальна болей шанцаў быць пачутым заходнімі палітыкамі мае той, хто ўдзельнічае ў выбарах, а ня той, хто байкатуе».
«Байкот не дапаможа палітвязьням»
Аляксей Янукевіч, палемізуючы з Ірынай Халіп, кажа, што нярэдка заклікі да байкоту спрабуюць падмацаваць тэзай пра амаральнасьць удзелу ў выбарах пры наяўнасьці ў краіне палітычных вязьняў.
«Але тэза гэтая не вымагае дадатковага абвяржэньня, бо яе абверглі некаторыя з аўтараў яшчэ да яе зьяўленьня, калі ўдзельнічалі ў выбарах-2010 пры існаваньні палітвязьняў. Яе абвяргае сваімі дзеяньнямі Мікола Статкевіч. Зрэшты, няма і ніколі не было ніякіх рэальных фактаў, якія маглі б сьведчыць аб тым, што наяўнасьць або адсутнасьць дэмакратычных кандыдатаў на выбарах хаця б мінімальна можа ўплываць на лёс палітвязьняў».
«Чаму ўдзел — гэта пазытыў»
Аляксей Янукевіч — сябра ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч, бо яе падтрымала Партыя БНФ. Янукевіч кажа, што ад пачатку кампаніі зьбірае подпісы і ў пікетах, і па кватэрах. З пэрспэктывы ўдзельніка кампаніі лідэр БНФ называе пяць асноўных плюсаў удзелу ў выбарах:
1. Мабілізацыя прыхільнікаў.
«Якая адбываецца перадусім за кошт пікетаў з нацыянальнымі сьцягамі і мае вельмі вялікае значэньне. Радаснае „Нашы ў горадзе!“ нярэдка даводзіцца чуць у пікетах. І гэта вельмі важнае адчуваньне для нашых прыхільнікаў — сустрэць сваіх у рэальным жыцьці. Нашы ня зьехалі, не разьбегліся, ня страцілі верую. Нашы ў горадзе, нашы побач. Змаганьне працягваецца».
2. Бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцах.
«Асобны самадастатковы плюс. Гэта годна. Гэта прыгожа. Гэта напамін беларусам пра сапраўдны сымбаль нацыі. І трэба бачыць, якім сьвятлом запальваюцца вочы нашых людзей, калі яны бачаць наш сьцяг на цэнтральных вуліцах ды праспэктах».
3. Дэманстрацыя альтэрнатывы ды пашырэньне падтрымкі.
«Вельмі шмат беларусаў амаль не чытаюць палітычных навінаў ды артыкулаў — як у афіцыйных, так і ў незалежных мэдыях. І менавіта падчас выбараў зьяўляецца нагода і магчымасьць камусьці проста даведацца аб тым, што ёсьць альтэрнатыўны ўладам пункт гледжаньня на разьвіцьцё краіны, а камусьці зразумець, што менавіта дэмакратычныя партыі адстойваюць блізкія яму ці ёй каштоўнасьці».
4. Выпрабоўваньне рэчаіснасьці.
«Нішто ня дасьць настолькі поўнага і дакладнага адчуваньня рэальных настрояў людзей, іх клопатаў ды стаўленьня да палітыкі ў краіне, як дзень у пікеце. Нішто так не вяртае зь віртуальнай інтэрнэт-прасторы на зямлю».
5. Мабілізацыя дэмакратычных актывістаў.
«Людзі далучаюцца да палітычных партыяў, бо хочуць пашыраць ды распаўсюджваць свае каштоўнасьці. Падчас выбараў няма патрэбы хавацца. Людзі могуць вольна агітаваць, сустракаць прыхільнікаў. Такая праца надае імпэту на доўгі час наперад».
«Караткевіч і Лябедзька, не здымайцеся!»
«Я зьвяртаюся да Тацяны Караткевіч і да Анатоля Лябедзькі, на якога апошнім часам скіраваны асаблівы ціск прыхільнікаў байкоту — не здымайцеся! Выкарыстайце кожны дзень збору подпісаў, а калі атрымаецца сабраць больш за 100 тысячаў — дамагайцеся рэгістрацыі і працуйце кожны дзень агітацыі. Каб перамены ў краіне надышлі найхутчэй. Каб найхутчэй Беларусь сталася сапраўды свабоднай і незалежнай», — кажа Янукевіч.