У сераду, 23 ліпеня, распачаўся збор подпісаў за кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Цягам трыццаці дзён дзеля рэгістрацыі патэнцыйных кандыдатаў іх каманды маюць сабраць па сто тысяч подпісаў. У Менску некаторыя прэтэндэнты самі прыйшлі на пікеты.
Перадусім перадвыбарчыя пікеты сканцэнтраваліся ў цэнтры гораду. Ужо ад восьмай ранку каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, стэнд з «Пагоняй» і партрэтам Тацяны Караткевіч, за якую распачалі збор подпісаў сябры партыі БНФ. Неўзабаве зьявіліся і першыя подпісы, кажа адзін з удзельнікаў пікету:
«Сёньня мы зьбіраем подпісы за Тацяну Караткевіч. Ужо некалькі чалавек падпісаліся. Людзі таксама падыходзяць, просяць праграму. Тлумачым, што пакуль можам даваць толькі біяграфічныя зьвесткі».
Карэспандэнтка: «Спадзяваньні ёсьць, што зьбераце неабходную колькасьць?»
Пікетовец: «Думаю, што так. Калі мы не зьбяром, то толькі Лукашэнка».
Карэспандэнтка: «А ў ім чаму гэтак упэўненыя?»
Пікетовец: «Бо я ж ведаю, як гэта робіцца. Калі на прадпрыемстве вылучаецца чалавек, які мае сабраць гэтулькі і гэтулькі. Маючы адміністрацыйны рэсурс, сабраць можна за адзін дзень».
Каля дзясятай раніцы побач з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам зьявіўся дзяржаўны чырвона-зялёны: яго прынесьлі людзі ў аднолькавым форменным адзеньні праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Стэнд з партрэтам дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі яны ўсталявалі побач з «Пагоняй». Удзельнікі пікету былі стрыманыя, афіцыйныя і нешматслоўныя. Ад пытаньняў карэспандэнта Свабоды ўхіляцца ня сталі, але і прозьвішчаў сваіх таксама не называлі. Гаварылі па-беларуску і па-расейску. Іхнія адказы разам з карэспандэнтам уважліва слухалі хлопцы з характэрнымі кароткімі стрыжкамі, якія раптоўна зьявіліся няведама адкуль:
Пікетовец: «Мы — ініцыятыўная група нумар адзін. Зьбіраем подпісы за нашага кандыдата Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Мы не агітуем, а кажам хто ён. Ну, а ягоныя справы — бачыце самі — як горад расьцьвіў за гэты час і які быў на пачатку дзевяностых. І гэтак іншыя абласныя гарады — у прынцыпе, усе пра гэта кажуць».
Карэспандэнтка: «Як шмат падпісваюцца?»
Пікетовец: «Гэта камэрцыйная таямніца. Пра гэта вам будзе паведамляць Цэнтравыбаркам».
Адзін з падпісантаў за Аляксандра Лукашэнку пагадзіўся пракамэнтаваць свой выбар:
«Я падпісаўся за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Бо ў нас мір. Вазьміце Украіну, Расею — там бамбяць, а ў нас мір».
Карэспандэнтка: «У Эўропе таксама мір».
«Ну, я ў гэтым сэнсе ня надта падкаваны. Але зараз я прывяду чалавека, і ён вам усё патлумачыць».
Блізкае суседзтва дзяржаўнай і нацыянальнай сымболікі, за якую ў звычайныя дні грамадзкіх актывістаў неаднойчы штрафавалі і садзілі за краты, пракамэнтаваў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які таксама прыйшоў на пікет:
«Мы даўно вызначылі гэтае месца, а яны прыйшлі і сталі побач. Што да рэакцыі людзей, то я ня бачыў, каб на чырвона-зялёны неяк станоўча рэагавалі, каб радасна віталі і падыходзілі, як гэта бывае зь бел-чырвона-белым сьцягам. Бачна, што людзі рады бачыць наш сьцяг».
За некалькі мэтраў ад «Цэнтральнага», побач зь менскім ГУМам, у зборы подпісаў супернічалі два кандыдаты: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч. Анатоль Лябедзька прыйшоў на пікет, каб праз мэгафон заклікаць людзей падтрымаць ягоную праграму «Мільён працоўных месцаў» і яго асабіста.
Паплечнікі ў камандзе, акрамя традыцыйнага партрэта-пляката, разгарнулі і партыйную сымболіку. Пра цікавасьць да свайго кандыдата казалі гэтак:
Валянтэрка: «Вельмі ахвотна людзі падыходзяць, не зважаючы на прысутнасьць вялікай колькасьці журналістаў і на тое, што гэта такое бойкае, шматлюднае месца — усе хочуць пераменаў».
Карэспандэнтка: «Ці нешта ведаюць пра вашага кандыдата, ці яшчэ толькі знаёмяцца?»
Валантэрка: «Нехта запытваецца. А нехта дзівіцца: як, вы ня ведаеце, хто такі Лябедзька?! І гэта вельмі прыемна, што гэта вельмі вядомая асоба ў нашым горадзе і, спадзяюся, ва ўсёй краіне».
Некаторыя зь мінакоў, якія сьпяшаліся ў ГУМ, спыняліся, слухалі, падпісваліся, тлумачылі свой выбар:
Спадар сярэдніх гадоў: «Падпісаўся за Лябедзьку, бо хопіць... Хопіць аднаму чалавеку ўвесь час кіраваць».
Спадарыня перадпэнсійнага веку: «Я падпісалася за Лябедзьку, бо хачу пераменаў у жыцьці. Я ведаю яго і ягоную праграму, бо ён і раней удзельнічаў у выбарчых кампаніях, а таму за яго і падпісалася».
На пікеце ад кампаніі «Гавары праўду» зь вялікай групай падтрымкі, маляўнічымі плякатамі ва ўвесь рост Тацяны Караткевіч, зьявілася сама кандыдатка.
Кіраўнік яе групы падтрымкі Андрэй Дзьмітрыеў зладзіў кароткую прэзэнтацыю пікета. Дзьмітрыеў быў у вышыванцы. Ён сказаў, сярод іншага, што за Тацяну Караткевіч будуць зьбіраць подпісы на пяцідзесяці пікетах пад нацыянальнай сымболікай. Першыя пяць тысяч подпісаў мяркуецца сабраць ужо ў першы дзень, сказала Свабодзе Тацяна Караткевіч:
«Сёньня мы зьбяром сымбалічныя пяць тысяч подпісаў, бо ў нас ініцыятыўная група мае дзьве тысячы чалавек, кожны зьбярэ ў сваёй сям’і — вось і будзе першыя пяць тысяч. І, вядома, тое, што мы будзем прымаць удзел у гэтай палітычнай кампаніі з нашай нацыянальнай сымболікай і праграмамі, гэта паўплывае на пазытыўнае ўспрыманьне кампаніі».
Пасьля прэзэнтацыі пікету кандыдаткі да Тацяны сталі падыходзіць людзі, задаваць пытаньні, а некалькіх чалавек яна занесла ў сьпіс у сваю падтрымку ўласнаручна. Падпісанты таксама сказалі колькі слоў у абгрунтаваньне свайго выбару:
Юнак: «Падпісаўся за Тацяну Караткевіч, бо яе пазыцыя шмат у чым супадае з маёй».
Спадар пэнсійнага веку: «Падпісаўся за Караткевіч, бо я за аднаўленьне Беларусі. У нас шмат што трэба зьмяняць — перадусім стаўленьне да самога чалавека. У нас усё застыла на ўзроўні савецкіх часоў, а жыцьцё ў сьвеце даўно пайшло наперад».
Людзі на бліжэйшым ад ГУМа прыпынку зьвярталі ўвагу на тое, што адбывалася. З крамы нават павыходзілі некаторыя супрацоўнікі. Але збольшага патэнцыйныя выбарцы трымаліся воддаль, не адмаўляючыся пры гэтым патлумачыць, чаму так:
Карэспандэнтка: «Ведаеце, што тут адбываецца?»
Ахоўнік ГУМа: «Ведаю — збор подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты».
Карэспандэнтка: «Чаму не падыходзіце, не цікавіцеся?»
Ахоўнік: «Бо на працы — бачыце».
Карэспандэнтка: «А калі б не на працы?»
Ахоўнік: «Так».
Карэспандэнтка: «Ці патрэбныя зьмены ў Беларусі?»
Ахоўнік: «Абавязкова».
Карэспандэнтка: «Чаму праходзіце міма, ня ставіце свой подпіс?»
Дзяўчына: «Я яшчэ ня ведаю нікога, ня маю ніякай інфармацыі, таму і падпісацца ў гэтую хвіліну не гатовая проста».
Карэспандэнтка: «Ці будзеце гэта рабіць, ці будзеце ўдзельнічаць у выбарах?»
Дзяўчына: «Так, абавязкова».
Першы дзень збору подпісаў за магчымых удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі прайшоў без інцыдэнтаў. Толькі з аднаго зь легкавікоў, які параўняўся зь пікетамі пад бел-чырвона-белым сьцягам і сьцягам чырвона-зялёным, некалькі юнакоў, нешта голасна выгукваючы, праз адчыненыя форткі прадэманстравалі непрыстойныя жэсты. Каму яны былі адрасаваныя — невядома.