27 ліпеня — пяты дзень, калі ініцыятыўныя групы васьмі патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта зьбіраюць подпісы за сваіх вылучэнцаў. Пры мінімальнай норме ў 100 тысяч якасных подпісаў звычайна на праверку здаюць на 5–10 тысяч подпісаў болей — на так званую «выбракоўку». Удзельнікі выбарчай кампаніі адзначаюць: пачатак збору подпісаў ідзе складана.
«У выходныя дні цікавасьць да выбараў пабольшала, — распавядае кіраўнік ініцыятыўнай групы ўдзельніка прэзыдэнцкай гонкі Сяргея Калякіна Валеры Ўхналёў. — Аднак казаць пра вялікую цікавасьць немагчыма»:
«На Беларускім тэлебачаньні пачалася сацыяльная рэкляма пра выбары. І людзі ўжо ведаюць, што пачаўся збор подпісаў. Калі яны прыходзяць на пікет, то адразу паказваюць пашпарт і кажуць, што ведаюць, дзе ім патрэбна расьпісацца.
Але ў цэлым актыўнасьць пакуль што невялікая. Я заўважыў — бальшыня з тых, хто падпісваецца, робяць гэта адразу. То бок бачна, што гэтыя людзі ўжо для сябе вырашылі, як яны будуць удзельнічаць у гэтай кампаніі. А вось каб людзі падыходзілі, спрачаліся, дыскутавалі — такога няма. Я сам быў на шэрагу пікетаў. Учора, напрыклад, каля Камароўкі. Людзі ходзяць, пазіраюць. Магчыма, яшчэ думаюць, за каго падпісацца. Вяласьць нейкая адчуваецца. Цяжка будзе».
«Народ пакуль толькі прыглядаецца», — кажа Свабодзе пра пачатак выбарчай кампаніі Міхаіл Образаў. Ён — кіраўнік ініцыятыўнай групы заснавальніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» Мікалая Ўлаховіча:
«Усё ідзе па-беларуску. Народ прыглядаецца. Адразу людзі ня кідаюцца падпісвацца, знаёміцца. Думаю, калі застанецца тыдні два-паўтара да заканчэньня збору подпісаў, пачнецца нешта сур’ёзнае. Кшталту вырашальнага рыўка.
Думаю, калі застанецца тыдні два-паўтара да заканчэньня збору подпісаў, пачнецца нешта сур’ёзнае
У суботу мы стаялі каля Камароўкі. Усе разам. І Гайдукевіч, і Лябедзька. І ніхто нікому не перашкаджаў. Усё было нармальна».
Правяраць сапраўднасьць сабраных подпісаў будуць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Іх фармаваньне цалкам завяршылася. Цэнтральная выбарчая камісія абнародавала канчатковыя дадзеныя. У камісіі адабралі 1916 чалавек з 2623 ахвотных. То бок задаволеныя 73% заявак. Што тычыцца апазыцыі, дык тут прапорцыя выглядае зусім інакш. У камісіі ўключылі ўсяго 10 чалавек з 63. То бок задаволена толькі 15% заявак.
«Палітычным рашэньнем» называе такі падыход да фармаваньня тэрытарыяльных камісіяў кіраўнік выбарчага штабу патэнцыйнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў:
«Гэта пачынаецца з Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе яе старшыня Лідзія Ярмошына лічыць дазволеным сказаць, што яна зьяўляецца часткай каманды Аляксандра Лукашэнкі, то бок аднаго з кандыдатаў. Гэта працягваецца на ўзроўні тэрытарыяльных камісіяў. І гэта заканчваецца ўзроўнем участковых камісіяў, куды вельмі-вельмі рэдка і выпадкова трапляюць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.
Улады хочуць, каб гэтыя выбары былі прызнаныя Эўропай. Але, зь іншага боку, яны спадзяюцца, што нейкіх касмэтычных захадаў хопіць для гэтага. Ня хопіць! Уключэньне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у выбарчыя камісіі, я лічу, будзе адным з самых галоўных у рашэньні міжнародных назіральнікаў — прызнаваць ці не прызнаваць гэтыя выбары».
Збор подпісаў на карысьць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта працягнецца па 21 жніўня ўключна.