Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор подпісаў: у Менску шэсьць кандыдатаў на адной пляцоўцы


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіча аб’яжджаюць пікеты на роварах
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіча аб’яжджаюць пікеты на роварах

У Беларусі — другі дзень збору подпісаў за рэгістрацыю кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. У Менску на адной пляцоўцы галасы за сваіх кандыдатаў зьбіралі прадстаўнікі шасьці ініцыятыўных групаў: каля будынку ГУМа да пікетаў Тацяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі ў другі дзень дадаліся пікеты Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Ўлаховіча, Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Калякіна.

Каля пляката з партрэтам лідэра «Справядлівага сьвету» — рослы валянтэр, які ахвотна прадстаўляе сябе і свайго кандыдата:

«Я, Калякін Іван Сяргеевіч, зьбіраю подпісы за Калякіна Сяргея Іванавіча. Я распавядаю пра свайго кандыдата, але я і за тое, каб у людзей быў выбар: за каго ў іх ляжыць душа — няхай таго і выбіраюць».

Карэспандэнтка: «Якія вашы спадзяаваньні, што зьбераце патрэбную колькасьць галасоў? Як ідзе збор подпісаў?»

«Спадзяваньні заўсёды ёсьць, хоць, вядома, хацелася б і лепш. Людзі, на жаль, не заўсёды маюць пры сабе пашпарты — няма такога, натуральна, каб заўсёды пашпарт быў. Хочуць запісацца, а мы ня можам гэтага зрабіць, і атрымліваецца так, што многія галасы вось так і прападаюць, бо не заўсёды людзі вяртаюцца. Хацелася б таксама, каб людзі больш цікавіліся кампаніяй прэзыдэнцкіх выбараў, хоць і так ня ўсё дрэнна».

Пікеты з каляровымі плякатамі кандыдатаў месьціліся за некалькі крокаў адзін ад аднаго: чырвона-зялёныя сьцягі суседнічалі зь бел-чырвона-белымі і апазыцыйнай партыйнай сымболікай. Пэрыядычна каля амаль кожнага зь іх узьнікалі купкі людзей: мінакі падыходзілі да валянтэраў, задавалі пытаньні. Тацяна Караткевіч — адна з шасьці кандыдатаў, якія выставілі каля ГУМа свае пікеты — зьявіліся сама і на ровары, што выклікала асаблівую цікавасьць журналістаў і мінакоў:

Карэспандэнтка: «Вы тут на ровары чаму — каб аб’ехаць пікеты ці гэта мае іншую мэту?»

«Так, на роварах, каб аб’ехаць усе пікеты: сёньня ў нас тры пікеты: тут, на Нямізе, каля Камароўкі. Каб усюды трапіць, едзем роварамі».

Карэспандэнтка: «Ці пазнаюць вас?»

«Так, бывае — вітаюць, цікавяцца. Цікавяцца выбарамі, сталі больш разважаць, хочуць прачытаць праграму, якую, на жаль, мы яшчэ ня можам людзям прапанаваць».

Карэспандэнтка: «Якія ўражаньні ад першых двух дзён?»

«Цудоўныя. Людзі ўжо адсочваюць праз інтэрнэт, ведаюць, што дзе адбываецца, і прыходзяць менавіта да мяне. Адзін такі выпадак здарыўся, што юнак ня меў з сабой пашпарту, то я прапанавала прыйсьці сёньня. І вось ён прыйшоў і чакаў мяне, каб я яго сама асабіста, сваёй рукой запісала ў падпісны ліст».

Мінакі адносна выбараў выказвалі самыя розныя меркаваньні: ад падтрымкі прэзыдэнцкай кампаніі і саміх кандыдатаў — да поўнага байкоту выбараў:

Спадар сярэдніх гадоў: «Цярэшчанка, Лябедзька, Караткевіч... Выбары? Ды няма ў нас выбараў!»

Спадар сярэдніх гадоў: «Я падпісаўся за Аляксандра Рыгоравіча і толькі за яго!»

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Я б хацела байкатаваць выбары. Цалкам, бо іх няма — народ баіцца».

Спадар сярэдніх гадоў: «Я лічу, што павінен быць альтэрнатыўны погляд. Вось ваша радыё называецца „Свабода“. І ёсьць такая эмоцыя, якая называецца — быць свабодным. Гэта найвышэйшая каштоўнасьць, якая зьяўляецца ў чалавека, калі ён пачынае быць чалавекам».

Наглядальнік ад незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Ільля Дабратвор цягам дня наведаў некалькі пікетаў — і зрабіў выснову, што шанцы сабраць галасы ўсе кандыдаты маюць аднолькавыя:

«Бачна за першыя дні і, у прыватнасьці, назіраючы за пікетамі Лукашэнкі, заявы пра тое, што за яго зьбяруць подпісы ўжо ў першыя дні — яны ня будуць выкананыя. А калі яны будуць казаць, што сабралі, то ў мяне пытаньне — як яны гэта зрабілі? Бо няма гэтулькі людзей. Калі ў 2010 годзе стаялі чэргі, то сёлета гэтага няма. Гэтага няма ні ў кога, а тым больш у дзейнага прэзыдэнта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG