Цягам свайго стогадовага жыцьця Антон Шукелойць бачыў Беларусь, якая належала да Польшчы, была далучаная да Савецкага Саюзу і акупаваная нацысцкімі войскамі. Настаўнічаў, выкладаў беларускую мову, сядзеў у савецкай турме, працаваў у музэі ў акупаваным Менску. Уцячы зь Беларусі яму давялося перад бальшавікамі – спачатку ў Нямеччыну, а потым у ЗША, дзе Антон Шукелойць стаў адным з заснавальнікаў самай вялікай беларускай арганізацыі ў Амэрыцы – Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня – якой кіраваў больш за трыццаць гадоў.
Як прыйшоў да беларушчыны, як у нямецкім лягеры для імігрантаў зьліквідаваў беспарадкі, а таксама як у Амэрыцы зьявілася назва «Беларусь», Антон Шукелойць распавядае ў інтэрвію Радыё Свабода.
Як у польскай дзяржаве па-беларуску размаўлялі
Паходжу я з заходняй часткі Беларусі, якая ў 20-годзьдзе паміж войнамі належала Польшчы. Мая мясцовасьць – у Ашмянскім уезьдзе, які тады належаў да Віленскай губэрні.
Першая мая навука была ў гэтак званай дырэктарскай школе. Нас, дзяцей сямі-васьмі гадоў, вучыў хтосьці больш пісьменны, хто скончыў гарадзкое ці ўезнае вучылішча. Такога чалавека бацькі нашыя наймалі. І гэтае навучаньне было па-беларуску. Але малітвы «Ойча наш», «Здровась, Марыя» былі па-польску, бо тады польская дзяржава была. А ў хаце размаўлялі па-беларуску.
Звычай быў такі, што гэтыя дырэктарскія школкі арганізоўвалі зімой, бо ўлетку скаціну пасьвілі. Лемантар мусілі скончыць і перайсьці на кніжкі – таксама польскія – недзе да Вялікадня. На Вялікдзень дзеці хадзілі ў жакі – ішлі ад хаты да хаты і з кніжкі чыталі першую эвангелію. Гэты жак, жачок – так называлі такога хлопчыка ці дзяўчынку – атрымліваў яйка або нейкі іншы падарунак.
Бацькоў, якія не аддавалі дзяцей у школу, каралі штрафамі
У Польшчы быў абавязак хадзіць у школу. Калі бацькі не хацелі аддаваць дзіцяці ў школу, то іх маглі пакараць – пераважна штрафам. Я пайшоў у школу ў сем гадоў. Паколькі з дырэктарскай школкі ўжо ведаў літары, то даволі добра вучыўся. Бацькі бачылі, што я меў любоў да вучобы, таму пасьля хацелі мяне аддаць у настаўніцкую сэмінарыю.
Неяк аралі мы з бацькам у адну суботу, а ён саху зламаў. Паехаў правіць да каваля – гэта два кілямэтры ў Жупраны. Калі выехаў на вялікую дарогу, якая вядзе зь Вільні ў Менск, убачыў, што нейкі інтэлігентны чалавек мучыцца, бо ў яго папсаваўся воз. Бацька яму дапамог, разгаварыўся, кажа, што мае такога сына, які добра вучыцца. А гэты чалавек аказаўся намесьнікам дырэктара гімназіі. Кажа:
«Нашто ты яго трымаеш у вёсцы – давай яго да нас, у гімназію». Бацька вярнуўся да мяне і кажа: «Распрагай коняў – ты араць больш ня будзеш, паедзеш у Ашмяну здаваць іспыты».
Іспыт гэты я здаў на выдатна, і мяне прынялі вучнем у польскую гімназію. Польшча была дэмакратычная дзяржава, але шляхецкага тыпу. У гімназіі на 50 дзяцей, можа, толькі я адзін быў зь сялянскай сям’і. Я мусіў перайсьці на польскую мову – вымагалася добра яе ведаць.
Расейскую мову сілай увагналі ў Беларусі
Спачатку я зь Беларусьсю нічога ня меў супольнага. Я і яшчэ некалькі чалавек здымалі кватэру ў Ашмяне, дзе ўсюды была польская мова. Мы і самі мусілі гаварыць па-польску, каб апанаваць мову на ўзроўні шляхецкіх дзяцей. А як прыяжджаў дахаты на сьвяты – тады гаварыў па-беларуску з бацькамі ці вясковай моладзьдзю.
Толькі ў шостай клясе гімназіі ў мяне зьявілася беларуская нацыянальная сьвядомасьць. І здарылася гэта дзякуючы старым беларускім дзеячам, якія сядзелі ў турмах. Яны казалі, што нашая мова ёсьць мовай прыгожай, інтэлігентнай, кніжнай, што мы маем карыстацца сваёй мовай. Адным з такіх вельмі важных беларускіх дзеячоў у Ашмяншчыне быў Аляксандар Барановіч – сярэдні шляхціч, які меў свой фальварак.
Ён адсядзеў у турме яшчэ расейскай, ня ў польскай. З асьветы быў юрыст. У яго двух сыноў было з той самай клясы, што і я. Таму вось яны далі мне такую падставу ведаць, што я – беларус.
Да другой сусьветнай вайны ў вёсках Заходняй Беларусі ўсе ведалі беларускую мову. Для мяне дзіва, што ўсюды пасьля перайшлі на расейскую мову. Мой родны брат скончыў польскую сямігодку, пайшоў у польскае войска, а падчас вайны быў у савецкай арміі. Вярнуўся дахаты як расейскамоўны чалавек. І таксама пасьля ягоныя сыны, унукі размаўляюць на гэтай мове. Расейскую мову сілай у Беларусі ўвагналі, калі зьліквідавалі польскае і беларускае школьніцтва.
У акупаваным Менску
Хоць я і зь сялянскай сям’і, але здабыў асьвету нароўні з польскай шляхтай, дзецьмі купцоў. Гуманістычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту скончыў акурат у 1939 годзе. Мая асноўная прафэсія была ў музэі, але паколькі была вайна, я пайшоў у сярэднюю школу за настаўніка – у тую ж гімназію, дзе вучыўся. Гэтую частку Беларусі далучылі да Савецкага Саюзу, таму гімназію ператварылі ў беларускую. Я выкладаў у гімназіі беларускую мову.
Падчас вайны ў Менску склалася такая сытуацыя, што з музэя Акадэміі навук усе паўцякалі на ўсход. Акурат у той час я прыйшоў у Менск. Да маіх функцыяў дадалася яшчэ апека над гістарычнымі помнікамі – касьцёламі, цэрквамі. Трэба было дбаць, каб яны былі ў добрым стане, не былі зьнішчаныя. Гэтак было падчас акупацыі Менску.
Уцёкі ад бальшавікоў у Нямеччыну
Пасьля нам усім давялося ўцякаць перад бальшавікамі. На эміграцыі ў Нямеччыне я пайшоў працаваць у школьніцтва. Там быў такі лягер для эмігрантаў на восем тысяч чалавек. Там ужо пачаліся беспарадкі, забойствы, жахлівыя рэчы. Улады ня ведалі, што з усімі гэтымі людзьмі рабіць. Мне прапанавалі зарганізаваць там парадак. Я адказаў, што баюся, што бальшавікі могуць дамагацца майго вяртаньня ў Савецкі Саюз. А там мяне могуць пакараць у лепшым выпадку ссылкай або застрэліць. Мне зьмянілі прозьвішча – запісалі яго па-ангельску.
Тады я прыйшоў у лягер і сказаў, што буду арганізаваць розныя школы, курсы – сталярскія, сьлясарскія, мэханікаў, машыністак, рыхтаваць людзей, каб яны мелі прафэсію, каб пасьля зь ёй маглі паехаць, куды захочуць.
Я зьліквідаваў гэтае п’янства, забойствы. Людзі пайшлі вучыцца і разьяжджацца ўсюды – у Аўстралію, Амэрыку.
Мяне хацелі затрымаць у Нямеччыне. Я хацеў пайсьці ва ўнівэрсытэт, перакваліфікавацца і, можа, нават застацца пры ўнівэрсытэце. Мне мой прафэсар адзін кажа – слухай, ня едзь нікуды. Ты паглядзіш, як Нямеччына хутка разбудуецца, як паправіць здароўе, разбураныя гарады, усё паправіць. Гэта праўда – сягоньня ў Эўропе наймацнейшая дзяржава – Нямеччына. І яна бліжэй да Беларусі. Тады многія ехалі, вось і я паехаў у Амэрыку. Можа, нават памылку зрабіў.
Пераезд у Амэрыку
У ЗША я пайшоў у Fashion Institute of Technology і зьмяніў прафэсію. Паколькі адзін вялікі магазын хацеў добрага спэцыяліста мець на прыёме тавару, то мяне прыгатавалі на гэтую спэцыяльнасьць. І я 27 гадоў адпрацаваў у такой краме ў Нью-Ёрку. Гэта была мая праца на хлеб штодзённы.
Калі я прыехаў, у асноўным невялікая група беларусаў была ў Чыкага. Калі я хацеў прыняць амэрыканскае грамадзянства, то ня мог напісаць, што я зь Беларусі, бо такога назову не было. Можна было напісаць, што з Польшчы ці Расеі. І вось мы, новая эміграцыя, зрабілі так, што калі вы ўжо прыяжджаеце ў Амэрыку, то можаце казаць, што зь Беларусі.
Мы нічога на эміграцыі зарганізаванага ня мелі. Палякі мелі, украінцы мелі, нават літоўцы мелі свае арганізацыі – у нас нічога не было.
Адной зь першых арганізацыяў, якую мы стварылі, было Беларуска-Амэрыканскае задзіночаньне, якім я кіраваў цягам 32 гадоў. Нашыя філіі зьявіліся і ў іншых штатах. У адным толькі Нью-Джэрзі былі ажно дзьве беларускія арганізацыі – у Нью-Брансьвіку нашая, а ў Саўт-Рывэры іншая.
Гэтыя арганізацыі ўваходзілі ў кантакт з амэрыканскімі палітыкамі і празь іх арганізавалі жыцьцё беларусаў тут, а таксама ўплывалі ў вялікай меры на палітычнае і культурнае жыцьцё ў краіне, то бок у Беларусі. Дзякуючы дэмакратычным свабодам у ЗША мы, эміграцыя, былі больш уплывовыя ў кантакце з Савецкім Саюзам, чым беларусы ў Беларусі.
Я таксама заклаў Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Словам, увесь час у працы – ці то для хлеба, ці то для адраджэньня. Я думаю, што нашая эміграцыя вельмі многа зрабіла для Беларусі ці для беларусаў тут. Новая, сёньняшняя эміграцыя мае іншы характар – часта гэтыя беларусы, якія сталі грамадзянамі ЗША, маюць на Радзіме жонку, маці, дзяцей. Але гэтая эміграцыя і зможа стварыць нешта новае паміж Амэрыкай і Беларусьсю.
Сакрэт даўгалецьця
Сакрэт даўгалецьця? Мяркую, вясковыя харчы, гародніна, малочныя вырабы. Штодня мы елі суп – таксама з гародніны. У Ашмяне гаспадыня хаты, якую мы здымалі, таксама зладзіла нам такі ж вясковы рацыён. Ня мяса – мяса мы мелі толькі два разы ў тыдзень – у нядзелю і чацьвер, падаецца. Таму прыгожым маладым сем’ям я раю есьці суп.
Гарэлкі я ня піў зусім, а цыгарэты кінуў пасьля прыезду ў Амэрыку. І невялікую гімнастыку раблю дагэтуль ля адчыненага вакна.