Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таджыцкая апазыцыянэрка просіць прытулку ў Беларусі


Затрыманая ў Берасьці Шабнам Худайдодава, актывістка апазыцыйнай таджыцкім уладам «Групы 24», папрасіла абароны ў беларускіх уладаў, але можа быць экстрадаваная на радзіму.

Эўрапейскі зьвяз, паводле паведамленьняў прэсы, тыдзень таму зьвярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай не выдаваць Шабнам Худайдодаву Таджыкістану.

Маладую жанчыну называюць актывісткай «Групы 24» — арганізацыі, якая крытыкуе палітыку таджыцкіх уладаў і якую летась у кастрычніку афіцыйны Душанбэ абвясьціў экстрэмісцкай.

Затрыманьне ў Берасьці

Шабнам Худайдодава была затрыманая памежным нарадам пры праверцы дакумэнтаў у тых, хто выяжджае за межы Беларусі, у пункце чыгуначнага пропуску «Берасьце». Кацярына Паўлава, прэс-сакратар Берасьцейскай пагрангрупы, удакладняе: адбылося гэта 13 чэрвеня ў 13:30 (у паведамленьнях праваабарончых арганізацый называюцца іншыя даты).

«Падставай для недазваленьня выезду Худайдодавой за мяжу паслужыла наяўнасьць дадзеных пра маладую жанчыну ў базе вышуку — яна абвешчаная ў міждзяржаўны вышук на запыт Таджыкістану. Памежнікі перадалі затрыманую супрацоўнікам міліцыі для далейшых разбораў», — тлумачыць Кацярына Паўлава.

Паводле паведамленьняў праваабаронцаў, Шабнам Худайдодава апошнія некалькі гадоў жыла ў Расеі і крытычныя выказваньні таджыцкай апазыцыі падтрымлівала ў сацсетках; удзельнічала ў праграмах дапамогі таджыцкім мігрантам, не хаваючы апазыцыйных палітычных ацэнак таго, што адбываецца на радзіме.

З Расеі маладая жанчына была вымушаная ўцячы з-за пагрозы выкраданьня спэцслужбамі Таджыкістану, паведамляюць праваабаронцы, падкрэсьліваючы: выкраданьні і пазасудовыя расправы раней зазналі некаторыя паплечнікі Худайдодавой па «Групе 24».

Пэрспэктывы прытулку

Вядома, што 24 чэрвеня Шабнам Худайдодава папрасіла абароны ў беларускіх уладаў. Паводле зьвестак Цімафея Саладкова, дарадцы па праўных пытаньнях беларускага прадстаўніцтва Ўправы Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў (УВКБ ААН), яе хадайніцтва перададзена ў належныя інстанцыі. Разгляд хадайніцтва можа доўжыцца да паўгоду.

Саладкоў удакладняе, што хадайніцтва Шабнам Худайдодава падавала самастойна, хоць шэраг праваабарончых сайтаў сьцьвярджае, што жанчына накіроўвалася ў Беларусь менавіта ў офіс УВКБ ААН прасіць аб статусе ўцекача. Менск, дзе разьмяшчаецца офіс, Худайдодава, аднак, абмінула, і цяпер утрымліваецца ў сьледчым ізалятары ў Берасьці, за 350 кілямэтраў ад беларускай сталіцы.

«Мы ведаем пра справу Шабнам Худайдодавой і працуем па ёй», — коратка паведамляе дарадца па прававых пытаньнях беларускага прадстаўніцтва УВКБ ААН.

Беларускія праваабаронцы, між тым, б’юць трывогу: да Худайдодавой, паводле іх зьвестак, каля двух тыдняў не дапускаюць адваката, а без належнай абароны жанчыне пагражае экстрадыцыя на радзіму з пагрозай яе жыцьцю і здароўю.

Паводле Бі-Бі-Сі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG