Марцін Сайдык, якога разглядаюць як будучага пераемніка Гайдзі Тальявіні на пасадзе спэцпрадстаўніка старшыні АБСЭ ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе, абяцае працягнуць яе курс па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны:
«Гайдзі Тальявіні — далікатная жанчына, якая пакінула пасьля сябе важкія сьляды. Я буду старацца прытрымлівацца яе прыкладу і працягваць яе курс, таму што мы павінны працаваць на карысьць людзей, якія сапраўды пакутуюць ад гэтага канфлікту», — заявіў Марцін Сайдык падчас свайго візыту ў Маскву, паведамляе Інтэрфакс.
Аўстрыйскі дыплямат адзначыў, што плянуе сустрэчу з намесьнікам кіраўніка МЗС Расеі Рыгорам Карасіным:
«Я пляную абмеркаваць маю будучую працу ў якасьці спэцпрадстаўніка старшыні АБСЭ ў кантактнай групе, і я спадзяюся, што гэта будзе добрая размова», — заявіў Сайдык.
Што да плянаў урэгуляваньня на ўсходзе Ўкраіны, Сайдык адзначыў:
«Пра гэта яшчэ рана казаць, пакуль я не прызначаны. Мяркую, што я буду прызначаны сёньня».
Мяркуецца, што на маючым адбыцца 23 чэрвеня ў Менску паседжаньні Трохбаковай кантактнай групы Марцін Сайдык возьме ўдзел як новы прадстаўнік АБСЭ. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Леаніда Кучмы Дарка Аліфэр.
«Перад пасяджэньнем Трохбаковай кантактнай групы адбудуцца паседжаньні трох працоўных падгрупаў — па гуманітарных, палітычных і эканамічных пытаньнях», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Фонду Кучмы.