Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэртэль заявіў, што Беларусь у дыялёгу з Польшчай і краінамі Балтыі выходзіць «на разуменьне ўзаемных інтарэсаў»


Іван Тэртэль, архіўнае фота
Іван Тэртэль, архіўнае фота

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іван Тэртэль заявіў, што Беларусь вядзе дыялёг з суседнімі эўрапейскімі краінамі і выходзіць у ім на «разуменьне ўзаемных інтарэсаў».

«Вядома ж, адносіны з нашымі суседзямі. Гэта Польшча традыцыйна, гэта Прыбалтыка. Напэўна, ня будзе вялікай таямніцай сказаць, што ў нас ёсьць каналы зносін з нашымі партнэрамі. Гэты дыялёг вядзецца. І ў тым ліку па лініі спэцслужбаў.

Я б сказаў, што разуменьне паміж намі паціху наладжваецца. Мы абмяркоўваем вострыя пытаньні і недзе выходзім на разуменьне ўзаемных інтарэсаў», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТАІвана Тэртэля пасьля нарады ў Лукашэнкі.

«Наш узаемны інтарэс — гэта стабільная сытуацыя ў рэгіёне, працуючая эканоміка, занятасьць людзей. Гэта спакойнае жыцьцё нашых грамадзян з пэрспэктывай на будучыню, адсутнасьць канфліктных сытуацый, разрадка ў цэлым той напружанасьці, якая ёсьць і аб якой мы ўсе практычна чуем», — дадаў Тэртэль.

Аляксандар Лукашэнка 14 кастрычніка правёў нараду ў пытаньнях «міжнароднай абстаноўкі і разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў» з удзелам прэм’ера, кіраўніка сваёй адміністрацыі, дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, генэральнага пракурора і старшыні КДБ.

Як паведаміў зьвязаны з прэсавай службай Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого», на нарадзе абмеркавалі «вялікую ўгоду» паміж Беларусьсю і ЗША, і прынцыпы, на якіх улады плянуюць аднавіць дачыненьні з амэрыканскім бокам.

Беларусь сапсавала дачыненьні з усімі сваімі суседзямі пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе.

Вясной 2021 году на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй пачаўся міграцыйны крызіс, які працягваецца і дагэтуль. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Праз вялікую колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы краіны закрылі большую частку памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю.

Апроч таго, улады Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG