Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае Ватэрлоа. Пад штандар Напалеона сталі больш за дзьвесьце беларусаў

абноўлена

Уладзімер Лякін (у цэнтры) з сынам Георгіем і братам Леанідам
Уладзімер Лякін (у цэнтры) з сынам Георгіем і братам Леанідам

200 гадоў таму адбылася славутая Бітва пры Ватэрлоа, якая зьмяніла гісторыю Эўропы. У 120-тысячным войску Напалеона змагаліся і беларусы — выхадцы з былога Вялікага Княства Літоўскага, якое не ўдалося аднавіць падчас кампаніі 1812 году. Гісторык з Калінкавічаў Уладзімер Лякін адшукаў імёны суайчыньнікаў, якія служылі ў напалеонаўскай гвардыі.

Вокладка кнігі гісторыка Ўладзімера Лякіна
Вокладка кнігі гісторыка Ўладзімера Лякіна

— Спадар Уладзімер, у расейска-францускай вайне 1812 году на баку Напалеона ваявалі цэлыя беларускія фармаваньні, спадзеючыся на пасьляваеннае аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага. Аднак у 1815 годзе ўсё было даўно ў мінулым — і пераможнае Барадзіно, і ганебныя ўцёкі Напалеона ў Парыж. Што прымусіла нашых суайчыньнікаў зноў падтрымаць нізрынутага францускага імпэратара?

— Пасьля першага адрачэньня Напалеона ў 1814 годзе тысячы беларусаў, палякаў і ўкраінцаў былі прынятыя на службу расейскім царом і адпраўленыя на радзіму. Але ня ўсе пайшлі служыць цару, многія нашы землякі не пажадалі вяртацца, засталіся ў Францыі, а самыя адданыя Напалеону рушылі ўсьлед за ім на выгнаньне. Вось што пісаў малады падпаручнік Мартын Футоўскі дамоў свайму брату: «Сыходжу з таварышамі ў невядомасьць, суправаджаючы найвялікшага з мужоў, якому прысягнулі, зь якім гераічныя справы зьдзяйсьнялі, і лёс якога жадаем падзяліць назаўжды. Бывай, каханая Айчына, ужо больш ніколі цябе ня ўбачу. Бывайце, дарагі брат, сваякі і сябры. Вялікая ахвяра, але тым ганаруся, што магу прынесьці яе». Лёс падпаручніка невядомы.

— Колькі беларусаў у 1815-м зноў сталі пад штандар Напалеона? І ці захавала гісторыя іх прозьвішчы?

Пад штандар Напалеона сталі больш за дзьвесьце беларусаў.

— Пад штандар Напалеона сталі больш за дзьвесьце беларусаў. Гэта тыя, хто вярнуўся з Напалеонам з вострава Эльбы, хто застаўся ў 1814 годзе ў Францыі, хто пасьпеў да чэрвеня 1815-га дабрацца туды з-за Нёману. Імёны тых, хто заставаўся з Напалеонам і ў высылцы, у гэтак званым «эскадроне Эльбы», вядомыя. Гэта выхадцы з Гарадзеншчыны — Станіслаў Бароўскі, Антось Савіцкі, Андрэй Шымановіч, Ян Высоцкі, Караль Забела, Ян Шуткоўскі, Мікалай Паўлоўскі, Міхал Мікалаеў, Адам Крушкоўскі, Ян Палескі ды інш. Зь Віцебшчыны — Адам Бароўскі, зь Віленшчыны — Ян Лукашэвіч, Антось Кавалеўскі, Цыпрыян Янкоўскі, Станіслаў Сламінскі, Цыпрыян Санікоўскі, Ян Навакоўскі, Ян Сьвечнік, Барталамэй Кульчыцкі. Зь Меншчыны — Рыгор Данілевіч, Франц Катулінскі, Кастусь Сьвідоўскі, Адам Казлоўскі, Міхал Шафранскі. З Магілёўшчыны — Міхал Фляшкоўскі і Антось Бялінскі. Усе яны ўвайшлі ў 1-шы эскадрон адноўленага гвардзейскага палка лёгкай кавалерыі, туды ж залічылі потым яшчэ 28 беларусаў. Гэта былі маладыя, у веку 20-27 гадоў, але ўжо спрактыкаваныя воіны, удзельнікі кампаній у Гішпаніі, Нямеччыне, Расеі, Францыі, амаль усе — з дробнай шляхты. Тыповая гісторыя аднаго зь іх, Амброзыя Ардыніча з Ашмянскага павету. У 1813 годзе ён трапіў у расейскі палон, быў высланы на Каўказ і вызваліўся толькі праз паўтара гады. Даведаўшыся з газэтаў пра вяртаньне Напалеона ў Парыж, без ваганьняў выправіўся ў Францыю... Вядома, што беларусы служылі і ў іншых палках, але іх імёны, за рэдкім выняткам, невядомыя.

— Напалеону нават у выгнаньні на востраве Эльба па літасці пераможцаў было дазволена мець пры сабе каля 700 вайскоўцаў. Як яму ўдалося за такі кароткі тэрмін сабраць і выставіць пры Ватэрлоо 120 000 войска?

— 1 сакавіка 1815 году «эскадрон Эльбы» высадзіўся ў бухце Жуан на поўдні Францыі і рушыў горнымі сьцежкамі ў бок Грэнобля. 7 сакавіка пры падыходзе да гэтага гораду шлях эскадрону заступілі ўрадавыя войскі. Калі Напалеон зьвярнуўся да іх, салдаты сарвалі белыя каралеўскія кукарды і дружна перайшлі на яго бок. Вечарам 20 сакавіка імпэратар урачыста ўехаў у Парыж, адкуль зьбег кароль. Цягам усяго паходу, які сучасьнікі назвалі «палётам арла», не было зроблена ніводнага стрэлу! Практычна ўсё францускае войска ізноў прысягнула Напалеону. Аднак да Ватэрлоа заставалася ўсяго сто дзён.

— Бітва пры Ватэрлоа ўвайшла ва ўсе эўрапейскія падручнікі па гісторыі. Ці вядомыя нейкія канкрэтныя эпізоды бітвы, дзе ўдзельнічалі нашы землякі?

У бой пайшоў і 1-ы эскадрон, укамплектаваны беларусамі, вораг быў спынены і адкінуты.

— Першыя гадзіны бітвы Напалеон трымаў сваю кавалерыю ў рэзэрве. Але калі ангельскі фэльдмаршал Вэлінгтан кінуў на правы флянг суперніка сваю коньніцу, і французы, губляючы сотні забітымі і палоннымі, пачалі адыходзіць, Напалеон зразумеў, што прыйшоў час ягоных гвардзейцаў. У бой пайшоў і 1-ы эскадрон, укамплектаваны беларусамі, вораг быў спынены і адкінуты. Затым імпэратар паспрабаваў зьнішчыць варожы цэнтар. Велізарная артылерыйская батарэя абрынула на ворага такі агністы шквал, што Вэлінгтан вымушаны быў адвесьці свае аддзелы за пагоркі. Прыняўшы гэты манэўр за агульнае адступленьне, Напалеон кінуў наўздагон усю сваю дзесяцітысячную коньніцу, улучна з гвардзейскай. Ангельскія пяхотнікі атаку адбілі. Напалеонаўская кавалерыя, несучы вялікія страты, адчайна атакавала — ажно 15 разоў! Але безвынікова, без падтрымкі пяхоты зламаць супраціў ворага не атрымалася. Пад вечар абяскроўленая і парадзелая француская кавалерыя адступіла. Пералом у бітве настаў пасьля таго, як французаў атакавала яшчэ і прускае войска.

— У музэі Баграціёна ў Ваўкавыску на сьценах вісяць партрэты францускіх і расейскіх маршалаў і генэралаў. На маё пытаньне — а дзе партрэт камандзера напалеонаўскай гвардыі генэрала Канопкі (родам са Слоніма), музэйшчыкі толькі плячамі паціснулі. А і сапраўды, дзе падзеўся той Канопка, і што чакала тых беларусаў з напалеонаўскага войска, якія засталіся ў Расейскай імпэрыі?

— Генэрал Ян Канопка быў узяты ў палон у баі за родны яму Слонім у 1812-м і адпраўлены ў санкт-пецярбургскую вязьніцу. У 1814-м, пасьля вызваленьня, зьехаў у Варшаву, дзе прыняў камандаваньне 1-й уланскай брыгадай Каралеўства Польскага. Аднак яго даймалі хваробы, адкрыліся былыя раны. І 20 сьнежня таго ж году ён памёр у сваім родавым маёнтку Дуброўка пад Слонімам. У тым жа 1814 годзе пачалі вяртацца з Каўказу палоненыя расейцамі напалеонаўскія гвардзейцы. Адным зь іх быў вядомы граф Ваўжынец Путкамэр. Ён жыў у сваім маёнтку Балценікі на Гарадзеншчыне, у 1821-м жаніўся з Марыляй Верашчакай, у якую быў закаханы Адам Міцкевіч. А калі ў 1830 годзе пачалося антырасейскае паўстаньне, граф разам з жонкай быў арыштаваны — за дапамогу паўстанцкаму эмісару. Абіраўся маршалкам шляхты Лідзкага павету, дзе пакінуў па сабе добрую памяць... Сёй-той з былых гвардзейцаў Напалеона зрабіў на царскай службе нядрэнную кар’еру, але пераважная большасьць ужо ў 1816 годзе выйшла ў адстаўку і пасьля папоўніла шэрагі паўстанцаў. Цікавы лёс капітана Восіпа Гедройця — сына аднаго са стваральнікаў войска ВКЛ у 1812 годзе генэрала Гедройця. Пасьля Ватэрлоа, чатырнаццаць разоў (!) паранены, кавалер ордэнаў Ганаровага Легіёну і Віртуці Мілітары, ён вярнуўся на родную Віленшчыну, не пайшоў на царскую службу, займаўся земляробствам, жаніўся і свайму першынцу даў знакавае імя Напалеон Тадэвуш. Калі ў 1830-м пачалося паўстаньне, Гедройця ў прэвэнтыўным парадку арыштавалі і выслалі ў Сыбір як асабліва небясьпечнага ворага дзяржавы. Праз тры гады вызвалілі, і ён падаў прашэньне на ад’езд у Францыю. Справу разглядаў сам цар, які дазволіў выезд, але пры ўмове, што Гедройць пакіне свайго малога сына ў Расеі і ніколі ня вернецца на радзіму. Гедройць ніякіх абавязаньняў не падпісаў, таемна перайшоў мяжу і зьехаў у Парыж, дзе і дажыў шчасьліва да 1855 году.

— Напалеон — і гэта робіць яму гонар — нават пасьля канчатковай паразы не забыў тых, хто яму служыў верай і праўдай. Ці праўда, што беларусы фігуравалі нават у тастамэнце былога імпэратара?

— У тастамэнце, складзеным перад сьмерцю на востраве Сьвятой Алены, Напалеон сапраўды ўспомніў сваіх паплечнікаў. Паводле апошняй волі імпэратара належала «300 000 франкаў раздаць афіцэрам і салдатам маёй гвардыі з вострава Эльба, калі яны жывыя, калі не — іх удовам і дзецям». І гэтае распараджэньне было выканана, былых імпэратарскіх гвардзейцаў (у тым ліку і нашых землякоў) адшукалі, кожнаму прыйшлося прыкладна па 300 франкаў — на той час гэта былі немалыя грошы.

— Спадар Уладзімер, вы — былы савецкі вайсковец, капітан Паўночнага флёту. Але пішаце не пра караблі ці падводныя лодкі, а пра беларусаў у арміі Напалеона. Чаму вы зьвярнуліся да гэтай тэмы?

«Пана Тадэвуша» я перачытваў нават у Анголе, дзе выконваў «інтэрнацыянальны абавязак».

— Творчы расклад у мяне такі: з 16 кніг адна — на марскую тэму, шэсьць — пра маю родную калінкавіцкую зямлю, астатнія дзевяць прысьвечаныя ваеннай гісторыі напалеонаўскай эпохі. Гэта тэма захапіла мяне яшчэ ў юнацтве, калі прачытаў паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». «Пана Тадэвуша» я перачытваў нават у Анголе, дзе выконваў «інтэрнацыянальны абавязак». На маю думку, нацыянальная незалежнасьць — гэта абсалютная каштоўнасьць. А незалежнасьць можна захаваць, толькі маючы баяздольнае войска і вайсковыя традыцыі. Таму ваенная тэма ў мяне прыярытэтная. За гады працы я адшукаў больш за паўтары тысячы імёнаў беларусаў, якія служылі ў гвардыі Напалеона і ў войску адноўленага ім у 1812 годзе ВКЛ. На жаль, мае кнігі выйшлі мізэрным накладам, бо выдаю я іх за ўласную пэнсію. Аднойчы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі мне прынесьлі кнігу, выдадзеную ў XIX стагодзьдзі, зь неразрэзанымі старонкамі. Яна чакала свайго першага чытача больш за сто гадоў! Спадзяюся, маімі кнігамі суайчыньнікі зацікавяцца ўсё ж раней.

Уладзімер Лякін нарадзіўся ў 1951 г. у Хойніках. Закончыў Кіеўскую вышэйшую ваенна-марскую вучэльню і дваццаць гадоў адслужыў на Паўночным флёце. Звольніўся ў запас у званьні капітана 2 рангу, вярнуўся на радзіму, выкладаў гісторыю ў школе, да 2012 г. працаваў у Калінкавіцкім краязнаўчым музэі. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, аўтар 16 кніг па ваеннай гісторыі і краязнаўстве.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG