Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары не абвешчаны, але прэтэндэнты ўжо рыхтуюцца


У ініцыятыўную групу патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі палітвязьня Міколы Статкевіча ўвойдуць каля тысячы чалавек. Пра гэта Свабодзе паведаміў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец. Менавіта яго паплечнікі Статкевіча па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) зацьвердзілі кіраўніком ініцыятыўнай групы. Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустрэўся з прадпрымальнікамі Берасьця.

Як паведаміў Сяргей Скрабец, вырашана, што ў ініцыятыўную групу ўвойдзе каля адной тысячы чалавек. Яны больш-менш раўнамерна ахопяць тэрыторыю краіны. Ставіцца задача сабраць ня 100 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі, а адсоткаў на 10 болей, каб быў запас пры праверцы падпісных лістоў. Але гнацца за вялікай колькасьцю подпісаў група не зьбіраецца.

Адрозна ад бальшыні іншых прэтэндэнтаў, ініцыятыўная група па вылучэньні Міколы Статкевіча пачне працаваць толькі пасьля афіцыйнага абвяшчэньня выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Спадар Скрабец тлумачыць гэта так:

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

«Мы лічым, што пра пачатак выбарчай кампаніі не абавязкова будзе абвешчана 30 чэрвеня. У нас жа так — сёньня кажуць, што абвесьцяць выбары ў кастрычніку, а заўтра скажуць, што яны пройдуць дзесьці ў траўні. Ніхто ж дакладна ня ведае, калі гэта будзе. Кажуць, што гэта вырашыць парлямэнт. Але ж гэта ня так».

А вось патэнцыйны прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 12 чэрвеня сустракаўся зь берасьцейскімі прадпрымальнікамі. Зразумела, не як кандыдат на прэзыдэнта, а як лідэр партыі лібэральнай скіраванасьці.

Леў Марголін
Леў Марголін

«Для нас прадпрымальнікі і іхнія сем’і — адмысловая мэтавая група выбарцаў», — адзначае Леў Марголін, кіраўнік выбарчага штабу спадара Лябедзькі:

«Па-першае, мы — лібэральная партыя. І таму наагул лічым, што ўсе тыя, хто стварае сваімі рукамі нешта для сябе, для сваёй сям’і, для краіны, яны заслугоўваюць павышанай увагі. А па-другое, мы разумеем, што для таго, каб выйсьці з крызісу, каб нешта разьмяркоўваць, спачатку трэба гэта стварыць. І гэта могуць зрабіць прадпрымальнікі — дробныя, сярэдні бізнэс і буйны. Таму ў нас асабліва пільная ўвага да гэтых слаёў насельніцтва».

Выбары прэзыдэнта Беларусі прыцягваюць увагу і за межамі краіны. 15 і 16 чэрвеня Менск наведае дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Міхаэль Георг Лінк. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі Свабодзе паведамілі, што ў панядзелак плянуецца сустрэча спадара Лінка з кіраўніцтвам зьнешнепалітычнага ведамства. А ў аўторак дырэктара БДІПЧ прыме старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

А вось патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта, гэтаксама як і лідэры дэмакратычных партыяў, на сустрэчу зь Лінкам запрашэньня пакуль ня маюць. Алена Анісім, якая заяўляе пра сваё жаданьне балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах, кажа Свабодзе, што ёй ёсьць што распавесьці дырэктару БДІПЧ:

Алена Анісім
Алена Анісім

«Не хапае празрыстасьці і роўных умоваў для правядзеньня нармальнай выбарчай кампаніі. Як прыклад — неабходнасьць роўнага доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ўсіх прэтэндэнтаў. Каб апазыцыйных кандыдатаў можна было лепш пачуць, ім патрэбны эфір.

І было б добра, калі б дзяржаўныя СМІ запрашалі да сябе людзей, якія сёньня ўвасабляюць сабой пэўны спэктар грамадзкай думкі. Напрыклад, на тую ж тэлепраграму „Форум“. Можна ж абазначыць розныя тэмы і пагаварыць. І хаця б у такім фармаце пачаць дыялёг у краіне. Для гэтага ёсьць усе падставы».

Яшчэ адзін патэнцыйны ўдзельнік выбарчай гонкі, кіраўнік партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін спакойна ставіцца да таго, што можа не сустрэцца з дырэктарам БДІПЧ:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Найхутчэй, для БДІПЧ палітыкі і рэальныя ўдзельнікі выбарчага працэсу ня так цікавыя. Усё ж гэтая арганізацыя займаецца кантролем за выбарамі. І ёй, канечне, важныя найперш думкі, скажам так, нэўтральных удзельнікаў працэсу — праваабаронцаў, назіральнікаў. А калі сустрэча палітыкаў са спадаром Лінкам не адбудзецца, то я ня думаю, што ад гэтага шмат страціць адзін і другі бок. Важна, каб адбыліся размовы з тымі, хто ў нашай краіне прафэсійна займаецца маніторынгам выбараў».

Чакаецца, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць 11 кастрычніка. А афіцыйна выбарчую кампанію зьбіраюцца абвясьціць 30 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG