Комплексы пабудуюць на працягу 2015–2018 гадоў. Кампанія ўкладзе ў праект 70 мільёнаў эўра. Усе гатовыя аб’екты інжынэрнай і транспартнай інфраструктуры будуць бязвыплатна перададзеныя ў дзяржаўную ўласнасьць. Аляксандр Лукашэнка дазволіў у тым ліку прадаць «Вялес-Міту» дзяржаўны пакет акцый сельгаспрадпрыемства «Гарадзілава» за 34,3 мільярда рублёў.
Кампанія «Вялес-Міт» раней належала да блізкаму да Аляксандра Лукашэнкі алігарху Юрыю Чыжу. Чыжоўскі «Трайпл» выкупіў у 2009 годзе стратны Маладэчанскі мясакамбінат і стаў пасьпяхова разбудоўваць яго. Аднак пазьней ад праектаў двух сьвінакомплексаў Юры Чыж адмовіўся, сьпісаўшы іх на свайго старога паплечніка Аляксея Алексіна.
Першапачаткова адзін з комплексаў плянавалі пабудаваць у непасрэднай блізкасьці ад Маладэчна каля вёскі Мойсічы. Падчас грамадзкіх слуханьняў 1 сьнежня мінулага году грамадзяне заявілі, што цэлая вёска Раёўшчына знаходзіцца на адлегласьці 940 мэтраў ад меркаванага комплексу, што супярэчыць нормам, і выявілі яшчэ шэраг парушэньняў у праекце. Грамадзкае абурэньне прымусіла мясцовыя ўлады адмовіцца ад пабудовы.