23-24 траўня зьезд Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» разгледзіць пытаньне вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты свайго лідэра Сяргея Калякіна. Напярэдадні зьезду ён даў інтэрвію інтэрнэт-выданьню Naviny.by, у якім выклаў сваё бачаньне палітычнай сытуацыі ў краіне напярэдадні выбараў.
Прапануем вам пераклад інтэрвію ў скароце.
Naviny.by: На зьезьдзе вас могуць вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты.
Калякін: У партыі ёсьць два пункты гледжаньня па гэтым пытаньні, яны па-свойму правільныя і аргумэнтаваныя. Давядзецца рабіць даволі складаны выбар. Рашэньне пакуль яшчэ не наканаванае, чакаецца дыскусія на зьезьдзе. Прычым частка дэлегатаў настойвае на закрытай дыскусіі. Усе разумеюць, што выбараў няма. Але зьяўляцца палітычнай
Усе разумеюць, што выбараў няма
партыяй і ня ўдзельнічаць у выбарах азначае, што ты перастаеш быць палітычнай сілай, якая змагаецца за ўладу. Да кампаніі ў любым выпадку будзе прыкаваная ўвага, таму трэба выкарыстоўваць яе, каб прасоўваць пазытыўную альтэрнатыву. У праціўнікаў удзелу ў выбарах аргумэнты іншыя. Ва ўмовах, калі выбараў няма, улада можа выкарыстоўваць ўдзел у іх партыі для яе дыскрэдытацыі. Напрыклад, яна можа аказаць перашкоду для фармаваньня паўнавартаснай ініцыятыўнай групы, перашкаджаць збору подпісаў. У выніку можна не сабраць неабходныя сто тысяч подпісаў, што будзе прадстаўлена як адсутнасьць падтрымкі ў грамадзтве. Другое, улада можа запісаць мінімальныя вынікі падтрымкі партыйнага кандыдата на выбарах. Гэта, безумоўна, стане працаваць супраць партыі, якой будзе складана перабіць нэгатыўны эфэкт ад удзелу ў выбарчай кампаніі. І трэці фактар. Разумеючы, што выбараў няма, мы тым ня менш ўдзельнічаем ў іх і як бы выконваем функцыю падстаўных структураў, дапамагаючы ўладзе падманваць людзей, сваім кандыдатам паказваючы альтэрнатыву і магчымасьць выбару. Але ўсе гэтыя аргумэнты адносныя, яны разьбіваюцца. Таму, якое будзе прынятае рашэньне, мне адказаць цяжка.
Naviny.by: Здавалася, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года канчаткова адбілі жаданьне ўдзельнічаць у выбарах у апазыцыйных прэтэндэнтаў, якія абапіраюцца на асобна ўзятую структуру. Аднак, выглядае, і ў гэтым годзе можна чакаць парада кандыдатаў. Чаму?
Калякін: Калі ідуць на выбары партыйныя кандыдаты, я разумею, чым яны кіруюцца. Незалежна ад амбіцый і жаданьняў ёсьць інтарэсы арганізацый, якія можна рэалізаваць у ходзе выбарчай кампаніі. Але сёньня ёсьць і сур’ёзныя асьцярогі. Сярод кандыдатаў, якія ўжо
Мой удзел у выбарах можа паказаць, што ў апазыцыі ёсьць людзі, якія могуць прад’явіць і жыцьцёвы шлях, і досьвед працы
выказваліся пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, ня вельмі шмат людзей, якія маглі б патэнцыйна ўяўляцца выбаршчыкам як альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку. Многія зь іх ня маюць сур’ёзнага жыцьцёвага вопыту і шляху. Улады гэта могуць прадставіць так: у апазыцыі няма кандыдата, які можа годна канкураваць з Лукашэнкам, гэта людзі бяз вопыту за сьпінаю. У гэтым пляне мой удзел можа паказаць, што ў апазыцыі ёсьць людзі, якія могуць прад’явіць і жыцьцёвы шлях, і досьвед працы. І гэта таксама карысна для іміджу беларускай апазыцыі. Таксама карысны ўдзел у выбарах Анатоля Лябедзькі. Яго ўдзел будзе больш важкім, чым, напрыклад, Алены Анісім. Яна добры чалавек, але гэтага мала для таго, каб удзельнічаць у выбарах. Калі б у краіне былі выбары, то сотні людзей маглі б вылучацца, імкнучыся рэалізавацца праз выбары. У нас сытуацыя іншая. Удзел у выбарах не нясе ніякіх дывідэндаў ўдзельнікам з боку апазыцыі.
Naviny.by: Уявім адваротную сытуацыю. Зьезд не выстаўляе вас кандыдатам у прэзыдэнты. Як паступіце, каго будзеце падтрымліваць?
Каго мы дакладна ня будзем падтрымліваць падчас выбарчай кампаніі — гэта Аляксандра Лукашэнку і Сяргея Гайдукевіча
Калякін: Мы абмяркоўвалі на пленуме ЦК гэтую праблему і прыйшлі да высновы, што наўрад ці будзем кагосьці падтрымліваць. Я ведаю дакладна, каго мы дакладна ня будзем падтрымліваць падчас маючай адбыцца выбарчай кампаніі — гэта Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Гайдукевіч. Што тычыцца ўсіх астатніх, то тут казаць рана. Калі зьезд прыме рашэньне не вылучаць свайго кандыдата, то станем разглядаць пытаньне, што будзем рабіць падчас кампаніі. А тут магчымыя варыянты.
Naviny.by: Доўгі час лічылася, што АГП і «Справядлівы сьвет» пойдуць на выбары з сумесным кандыдатам. Не атрымалася дамовіцца, як і ў рамках «сямёркі»?
Калякін: Ня ў гэтым справа. Сёньня ніхто не ставіць задачу перамогі. Перамагчы ў адсутнасьці рэальнага падліку галасоў немагчыма. Калі няма адназначнай задачы перамагчы, то тады незразумела, навошта трэба дамаўляцца. Зразумела, што ў той жа АГП ёсьць свае інтарэсы як у палітычнай партыі, ёй таксама трэба разьвівацца і заваёўваць сваіх
Кампрамісны кандыдат добры тады, калі ўсё грамадзтва аб’яднанае адной мэтай — зьмяніць дзеючую ўладу
прыхільнікаў. Калі яны пойдуць асобна, у іх будуць больш разьвязаныя рукі для прапаганды сваіх ідэй сярод электарату. У «Справядлівага сьвету» і АГП электарат розны. Калі б мы ішлі з адным кандыдатам, мы вымушаны былі б прычэсваць нашы праграмы і лёзунгі. Тым самым мы гублялі б частку людзей, якія маглі б пайсьці за намі. Я заўсёды казаў, што аб’яднаны кандыдат губляе, таму што гэта кампрамісныя праграмы, лёзунгі і ўсё астатняе. Але кампрамісны кандыдат добры тады, калі ўсё грамадзтва аб’яднанае адной мэтай — зьмяніць дзеючую ўладу. Тады сыходзяць усе амбіцыі, і тыя, хто хочуць пераменаў, рэалізуюць свае жаданьні. Я ня бачу такой сытуацыі ў краіне. Таму гэта таксама зьяўляецца контраргумэнтам да таго, каб ісьці з адзіным кандыдатам. Проста ўсе могуць страціць, а ніхто нічога не набыць.
Naviny.by: Калі ўдасца перамагчы на выбарах Лукашэнку?
Калякін: Хоць на гэтыя выбары і ня ставіцца такая мэта, але ўсё можа здарыцца. Адзінае пытаньне, калі і чаму гэта адбудзецца. Трэба
Партыя будзе зыходзіць не з таго, што перамога немагчымая, а з таго, што параза не стане катастрофай
спадзявацца на лепшае, але разьлічваць на горшае. Удзельнічаючы ў прэзыдэнцкіх кампаніях, у тым ліку гэтага году, партыя будзе зыходзіць не з таго, што перамога немагчымая, а з таго, што на сёньня яна не зьяўляецца рэальнай, што параза ня стане катастрофай. Але гэта не гаворыць, што мы ня будзем працаваць на перамогу. Яна можа адбыцца ў любы момант, асабліва ў сёньняшніх беларускіх рэаліях, калі насельніцтва з кожным днём усё больш задумваецца, як будзе жыць далей, ці здольная дзеючая ўлада забясьпечыць прымальныя ўмовы жыцьця. У гэтай сытуацыі заўсёды магчымыя пазытыўныя і прыемныя сюрпрызы.