Леанід Сініцын у 1995-м быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта. Цяпер ён — сустаршыня Фонду сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Ад інтэрвію доўга адмаўляўся: маўляў, цяпер ён — чалавек непублічны. «Для таго, каб быць публічным, гэтым трэба сур’ёзна займацца, як штангай альбо балетам. Я ў сваім жыцьці зрабіў так шмат, што мне былой публічнасьці хапае».
Пасьля доўгіх угавораў усё ж пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.
— Леанід Георгіевіч, 20 гадоў таму адбыўся рэфэрэндум. Аляксандар Фядута ў сваёй кнізе пра Лукашэнку піша: «Калі вялікая група дэпутатаў Вярхоўнага Савету (адпаведным чынам падрыхтаваных кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Леанідам Сініцыным) зьвярнулася да прэзыдэнта з прапановай правесьці рэфэрэндум пра новую сымболіку і наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, гэтая „ініцыятыва“ была горача падтрыманая Лукашэнкам». Дык ўсё ж чыя гэта была ініцыятыва? Дэпутатаў? Лукашэнкі? Сініцына?
— Гэта была цалкам мая ініцыятыва. Я — аўтар герба і сьцяга. Я маляваў эскіз. І нават у Цэнтарвыбаркаме ёсьць мой эскіз, ад рукі намаляваны.
— Ну потым жа нехта дапрацоўваў?
— Эскіз дакладна мой. Потым ужо мастак дадаў фарбы, крыху стылізаваў.
— Вы такі сьмелы... А якая-небудзь мастацкая адукацыя ў вас ёсьць? Вось я, да прыкладу, ня ўмею маляваць...
— Я ад прыроды надзвычай таленавіты чалавек. Дакладна. Гэта праўда (сьмяецца)
— Карацей, можна сказаць, што Леанід Сініцын — аўтар сучаснага герба і ініцыятар правядзеньня рэфэрэндуму?
— Так. Я — аўтар герба, гэта не падман. Ёсьць, праўда, там адзін штрых пікантны. Я быў супраць зорачкі наверсе. Яна, так бы мовіць, геральдычна ня ўпісваецца туды. Аўтар зорачкі — Іван Іванавіч Ціцянкоў. Усё астатняе маё. Сьцяг таксама мой.
То бок я аўтар герба і сьцяга, яны мае, і за маім подпісам эскізы пайшлі ў Цэнтарвыбаркам. Усё перададзена тагачаснаму старшыні ЦВК Аляксандру Міхайлавічу Абрамовічу. Дакумэнт гэты павінен быць там.
— Усё ж такі гэты рэфэрэндум унёс раскол у грамадзтва...
— Не. Наадварот, ён кансалідаваў грамадзтва. І 20 гадоў Беларусь жыве кансалідавана, і будзе жыць яшчэ гадоў сто пад гэтым гербам і сьцягам.
— То бок вы не раскайваецеся?
— Не. А ў чым мне раскайвацца? Мы жывём пад гэтымі сымбалямі 20 гадоў, і гэта ўжо вынік.
— Вяртаючыся да падзей, якія адбыліся за месяц да рэфэрэндуму — зьбіцьця дэпутатаў ў парлямэнце. Быў відэазапіс, і Аляксандар Лукашэнка абяцаў яго паказаць. Не паказаў. А вы яго бачылі, так?
— Ведаеце, я вось што скажу: спрэчкі можна вырашаць унутры парлямэнту, а можна вырашаць на вуліцы. І вынік таго, што Ўкраіна вырашала ўсё на вуліцы, мы бачым. А мы вырашылі іх у парлямэнце. Груба. Але вырашылі. І мы зараз жывем спакойна.
— І ўсё ж такі: а куды падзеўся відэазапіс? Чаму ён зьнік? Няўжо сапраўды згубілі?
— Добрае пытаньне. Але так сходу не ўзгадаю, куды падзелася стужка.
— А хто ўсё ж такі кіраваў апэрацыяй? Няўжо палкоўнік Цесавец, начальнік службы аховы будынку?
— Не, канечне. Не Цесавец, бярыце вышэй. Думаю, гэта быў камандуючы ўнутранымі войскамі. Кіраваў Валянцін Агалец, калі мяне памяць не падводзіць.
— Працытую Аляксандра Лукашэнку, які казаў пасьля гэтых падзей так (дарэчы, пра сябе ў трэцяй асобе): «Ведаў ці ня ведаў прэзыдэнт пра тое, што адбывалася тут у маёй рэзыдэнцыі, у рэзыдэнцыі ўраду? Паважаныя дэпутаты! Ну канечне ж ведаў... Прэзыдэнт ня проста ведаў. Прэзыдэнт кожныя 30 хвілін быў інфармаваны (як кіраўнік дзяржавы) міністрам абароны пра тое, што адбываецца тут, у Доме ўраду... Непасрэдная мая роля была ў абароне жыцьця гэтых людзей».
То бок атрымліваецца, што Лукашэнка ўсё ведаў і сам кіраваў апэрацыяй?
— У той пэрыяд прэзыдэнт у краіне кіраваў усім. Астатняе — без камэнтараў.
— І ўсё ж такі ў вас праз 20 гадоў нейкія пачуцьці жалю, што нешта ня так тады зрабілі, ёсьць? У выніку рэфэрэндуму беларусы пазбавіліся старадаўніх нацыянальных сымбаляў. Задумваецеся над гэтым, можа, паўтару пытаньне, у чымсьці раскайваецеся?
— У чым раскайвацца? Дзіўнае пытаньне. Мы рабілі справу. Імкнуліся зрабіць стабільнасьць у краіне. Атрымалася тое, што атрымалася. І нацыянальных сымбаляў мы не пазбавіліся. Народ прыняў рашэньне большасьцю галасоў, якімі павінны быць нашы сымбалі. А пра папярэднія нацыянальныя сымбалі, бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» — гэта ўжо журналісцкая выдумка. Колькі яны праіснавалі? Зусім крыху. А сымбалі, якія мы крыху трансфармавалі, праіснавалі больш за 70 гадоў.
— А што да пытаньня пра падтрымку эканамічнай інтэграцыі з Расеяй — атрымліваецца, што фактычна Беларусь, так бы мовіць, «падлегла» пад Расею?
— А пад каго было класьціся? Мы што — вялікая і магутная ядзерная дзяржава, цалкам самастойная? Ад Расеі мы атрымалі незалежнасьць, атрымалі дзяржаўнасьць, і зь ёй мы павінны ісьці заўсёды. Гістарычна з Расеяй будзем вечна. Беларускі народ рэалізаваў сваё імкненьне да дзяржаўнасьці разам з Расеяй у рамках Савецкага Саюзу. Гэта трэба памятаць. Гэта трэба паважаць. І быць удзячнымі. І наш народ гэта памятае, дзесьці ўнутры гэта ёсьць у яго. І прэзыдэнт зьяўляўся правадніком увесь гэты пэрыяд.
— І ўсё ж падсумуйце: якая мэта была ў гэтага рэфэрэндуму?
— Кансалідацыя нацыі ў рамках новай палітыкі маладога прэзыдэнта. Кансэрватыўнай палітыкі. Мы ўзялі кансэрватыўны курс. Асэнсавана ўзялі, і вось гэты кансэрватызм быў мэтай рэфэрэндуму. І не забывайцеся, што прайшло ўжо 20 гадоў. І мы жывем пад гэтым гербам і сьцягам. І дай Бог, каб нашы дзеці і ўнукі падтрымлівалі нашу справу.
Мне вельмі падабаецца, што ў нас стварылі Плошчу герба і сьцяга. Побач знаходзіцца Палац незалежнасьці. Але мне вельмі шкада, што гэты ансамбль мала выкарыстоўваецца. Трэба адміністрацыі больш думаць пра тое, як выкарыстаць гэты ансамбль з большай карысьцю для людзей.
— Дык у Палац незалежнасьці просты народ не пускаюць, хаця абяцалі, што ён будзе даступны і для звычайных людзей, на экскурсію можна будзе прыйсьці. Але людзі бачаць яго толькі па тэлевізары.
— Вось гэта і дрэнна. Трэба зрабіць гэта «гуляючым комплексам», каб людзі туды цягнуліся, каб паважалі наш герб і сьцяг... А герб і сьцяг — мае. Вы ўжо 20 гадоў пад імі жывяце.