Ганна Соўсь: Уладзімер Мікалаевіч, калі б вы цяпер узяліся апісаць у літаратурным творы Расею ў пэрыяд анэксіі Крыма і вайны на ўсходзе Ўкраіны, то які б жанр вы абралі?
Уладзімер Вайновіч: Жанр можа быць які заўгодна. Можа быць і камэдыя, хаця падзеі страшныя, але пры гэтым ёсьць што высьмейваць. Я выбраў камэдыю для Вялікай Айчыннай вайны, і тут, можа быць, выбраў бы камэдыю, калі б пісаў.
Соўсь: Ваш Чонкін у 2015 годзе ў якім войску бы быў? На якім баку?
Вайновіч: Чонкін — такі герой, які будзе там, куды яго дасылаюць. Ён не сьвядомы барацьбіт з кім-небудзь. Яго дасылаюць, ён і ідзе. Ён ахвяра. Я думаю, што там і з таго, і з іншага боку ёсьць ахвяры, ёсьць такія Чонкіны. Нейкага апалчэнца бяруць, і ён такі ж Чонкін, ваюе і падзецца яму няма куды.
Соўсь: Ці прыняла б украінская жанчына ў сваю хату Чонкіна ў 2015 годзе?
Вайновіч: Напэўна, прыняла б. Ён жа добры, гаспадарлівы чалавек. Калі б ён апынуўся на ўкраінскім баку, ваяваў бы на гэтым баку і жанчына яго б прыняла. Ад Чонкіна ня трэба патрабаваць, каб ён быў сьвядомым змагаром. Гэта ягоны аўтар яшчэ падумаў бы, а ён стаіць там, куды яго паставілі.
Соўсь: Адрозна ад простых салдатаў заходнія аналітыкі цяпер абмяркоўваюць розныя сцэнары ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, аж да такога, што расейскія войскі зоймуць усю Ўкраіну, разьлічваецца час, за які заходнія самалёты пасьпеюць даляцець да Ўкраіны. Наколькі рэальнай вам бачыцца Трэцяя сусьветная вайна?
Вайновіч: Пагроза сур’ёзная, але я ўсё ж думаю, што наўрад ці яна будзе. Я думаю, нашы расейскія ідыёты бляфуюць, выказваюць абсалютна ідыёцкія думкі... Я нават з адным такім сустрэўся асабіста, і ён кажа, што калі мы на іх атамную бомбу скінем, то яны на нас ісьці пабаяцца, бо яны палахлівыя... Вось такія ўяўленьні ў некаторых ня вельмі разумных людзей. Але калі пачнецца Трэцяя Сусьветная вайна, то, як кажуць, пасьля яе Чацьвёртая Сусьветная будзе проста з палкамі і камянямі, бо тады будуць дзікія людзі, у якіх ніякай зброі ўжо зусім ня будзе.
Соўсь: Уладзімер Мікалаевіч, вы зьвярталіся да Ўладзімера Пуціна з адкрытым лістом, у якім заклікалі яго вызваліць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку. Калі б у вас была магчымасьць зьвярнуцца да самой Надзеі, каб вы ёй сказалі?
Вайновіч: Я бы яе прасіў усё ж моцна падумаць, ці працягваць галадоўку, таму што калі яна сапраўды прывядзе да сьмерці, то я вельмі не хацеў бы, каб гэтая жанчына закончыла так рана і так нядобра сваё жыцьцё. Увогуле я бы ёй сказаў, што яна — малайчына, што яна — гераіня, што ёй людзі захапляюцца і будуць захапляцца. А калі яна памрэ, яшчэ больш будуць захапляцца, але я не магу такога жадаць. Як кажуць, у нас любіць умеюць толькі мёртвых. Мёртвых герояў проста абагаўляюць. Я хачу, каб яна жыла. Я бы ёй гэта і сказаў.
Соўсь: У Беларусі пасьля шэрагу зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў каля 15 гадоў таму была даволі актыўная грамадзянская кампанія пратэсту і была вельмі рэзкая рэакцыя Захаду. І да гэтага часу Лукашэнку ўспамінаюць зьніклых. Пасьля гэтага рэжым у Беларусі ня стаў лібэральным, але зьнікненьні, ці, як некаторыя кажуць, забойствы, спыніліся. Як вы лічыце, пасьля забойства Нямцова што-небудзь зьменіцца ў Расеі?
Вайновіч: Я гляджу пэсымістычна. Я баюся, што нічога ня будзе. І цяпер называюць фальшывыя сьляды, якія вядуць у нікуды. А нават незалежна ад таго, як скончыцца гэтае расьсьледаваньне... Увогуле ня варта спадзявацца на пэўныя зьмены, калі б ня толькі забойцаў, але і замоўнікаў ці замоўніка знайшлі і судзілі. Адрозна ад Беларусі, дзе зьнікненьні спыніліся, у нас палітычныя забойствы, пачынаючы са Старавойтавай і нават раней, працягваюцца шмат гадоў. Праціўнікаў рэжыму забіваюць. Так ці інакш гэтыя злачынствы застаюцца ня цалкам раскрытымі, некаторыя зусім не раскрытыя, некаторыя часткова. Забойцаў часам знаходзяць, замоўнікаў ніколі. Я думаю, што цяпер будзе тое самае і нічога не зрушыцца і будзем чакаць наступнай ахвяры.
Соўсь: Вы верыце ў магчымасьць менскага міру ў расейска-ўкраінскім ваенным канфлікце?
Вайновіч: Я думаю, што калі перамір’е некаторы час працягнецца, яно будзе ўсё роўна ненадзейным, таму што, мне падаецца, абодва бакі будуць назапашваць сілы для далейшых схватак. Хацелася б, каб на гэтым усё скончылася, але там жа праблема не вырашаецца, таму што Кіеў не пагодзіцца на тое, каб аддаць гэтую частку Данбаса невядома каму. І тыя не пагаджаюцца. Тыя ўвогуле вельмі агрэсіўныя. Шмат разоў іх прадстаўнікі выступалі па расейскім ТБ і казалі, што ім Расея перашкаджае, а так яны даўно б дайшлі да Кіева і да Львова і вызвалілі бы ўкраінскі народ невядома ад каго, напэўна ад самога сябе. І цяпер падобныя размовы ідуць, і многія псэўда-аналітыкі гавораць, што ўсё роўна трэба вызваляць Украіну, і што ніякай Украіны няма, ніякага ўкраінскага народу няма, і ўсе яны расейцы. Між іншым і беларусы — таксама расейцы паводле іх. Лукашэнка, праўдападобна, разумее гэта, і ён цяпер выказвае некаторыя рэчы, якія мне нават падабаюцца. Я сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі. Цяпер нібыта ціха ў вас...
Соўсь: Барыс Нямцоў казаў, што новая дэмакратычная Беларусь непазьбежна стане часткай аб’яднанай Эўропы і, такім чынам, пакажа прыклад Расеі. «Чым хутчэй пераможаце вы, тым хутчэй пераможам мы», казаў ён. Ці вы згодныя?
Вайновіч: Згодны. Усё залежыць ад кіраўніцтва. «Бацька» ваш сыдзе куды-небудзь урэшце калі-небудзь. Справа ў тым, што невялікія нацыянальныя краіны больш рухомыя. Расея як вялікі цяжкі карабель разгортваецца з цяжкасьцю. Расея — гэта ўсё роўна «саюз непарушны», гэта Татарстан, Якуція, Каўказ, і ўсё гэта разам гэта вельмі цяжка разгарнуць. А ў вас адбудуцца пэўныя падзеі, зьменіцца рэжым і ўзьнікне адразу іншая абстаноўка. Гэтак жа як і ва Ўкраіне. Януковіча прагналі, і калі б не ўмяшаньне Расеі, ужо была б надзея, што Ўкраіна стане нармальнай эўрапейскай краінай, прынамсі прыблізіцца да гэтага. Усё роўна і расейскі, і ўкраінскі, і беларускі народы — яшчэ савецкія. Гэта трэба ўсім пераадольваць, але мне падаецца ў параўнальна невялікай краіне ўсё лягчэй адбываецца.
Соўсь: У гэты складаны час як вам працуецца? Што цяпер вы пішыце?
Вайновіч: Пішу. Расказаць пакуль не магу, але пішу.
Соўсь: Гэта зьвязана з тым, што цяпер адбываецца на тэрыторыі Ўкраіны?
Вайновіч: У некаторай ступені. Гэта ж мастацтва. а мастацтва не наўпрост усё адлюстроўвае, а сваімі спосабамі...