Пісьменьнік Уладзімiр Вайновіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна:
«Калі маладая ўкраінская гераіня Надзея Саўчанка памрэ ў расейскай турме ад голаду, гэта, можа быць, ніяк не абразіць пачуцьці вашага электарату. Але вам варта падумаць пра тое, якое ўражаньне гэта зробіць на сусьветную грамадзкую думку. Цалкам магчыма і лёгка прадказальна, што яна адрэагуе на гэта нават больш востра, чым на далучэньне Крыму і вайну ў Данбасе, — піша Вайновіч. — Людзям так уласьціва, што часам сьмерць аднаго чалавека ўзрушвае іх больш, чым гібель сотняў на полі бою. Стаўленьне да вас за межамі нашай краіны і цяпер незайздроснае, але пасьля сьмерці Саўчанкі вам лепш будзе не зьяўляцца ў сталіцах заходніх дзяржаваў».
Пісьменьнік папярэджвае аб тым, што пра Саўчанку будуць складаць легенды, пісаць кнігі, здымаць фільмы і называць яе імем вуліцы і плошчы. Вайновіч прапаноўвае прэзыдэнту Расеі ня ганьбіць сябе і Расею і не дапусьціць гібелі адважнай жанчыны. Вось што Ўладзімір Вайновіч распавёў у інтэрвію Радыё Свабода:
— Гэты ліст прысьвечаны зьдзеку з гэтай гераічнай жанчыны — Надзеі Саўчанкі. Я сачу за тым, што адбываецца. І ўрэшце дайшло да кропкі, якую Талстой называў: «Не магу маўчаць». Вось я таксама ня змог змаўчаць.
— Якія вы прапануеце крокі, можа быць, дасьцё прэзыдэнту шанец выратаваць твар?
— Я лічу, што паколькі ўся справа супраць яе ня вартая выедзенага яйка, усё гэта — абсурдныя абвінавачаньні, то яна павінна быць вызваленая, і не паводле суду, а нават без суду, таму што няма прычынаў для яе крымінальнага перасьледу. Таму яе вызваленьне, мне здаецца, павінна быць без усялякіх умоваў. І толькі гэтым прэзыдэнт можа выратаваць і свой твар, і твар Расеі, і расейскага правасудзьдзя. Гэта ўсё настолькі шытае белымі ніткамі... і яна падкрэсьлівае гэта сваёй мужнасьцю. Калі б тыя самыя абвінавачаньні былі супраць яе, а яна аказалася б слабым чалавекам, прызнала б усё, расплакалася, пакаялася, яна б заслугоўвала жалю, але гэтая сытуацыя не здавалася б такой абуральнай. А цяпер яна проста ўзрушае, мне здаецца, пачуцьці вельмі многіх людзей, якія зьвяртаюць на гэтую справу ўвагу.
— Бо лік пайшоў ужо на гадзіны, нават не на дні, таму што могуць адбыцца незваротныя зьмены ў арганізьме Надзеі. Уладзімір Мікалаевіч, ці трэба аб’яднаць намаганьні расейскай і ўкраінскай грамадзянскай супольнасьці, каб зрабіць ціск на турэмшчыкаў?
— Безумоўна, трэба. Ня трэба аслабляць гэта ціск, трэба яго нарошчваць. Але я ўсё ж хачу зьвярнуцца да ўладаў. Я лічу, што чакаць ад іх міласэрнасьці або справядлівасьці не прыходзіцца. Але яны маглі б, прынамсі, зразумець, як яны нават адной гэтай справай падрываюць рэпутацыю краіны. Мне гэта вельмі нагадвае дысыдэнцкія справы. Бо Савецкі Саюз пазбавіўся свайго прэстыжу ў значнай ступені таму, што груба парушаў правы чалавека, ажыцьцяўляў расправы над іншадумцамі. І цяпер тое, што адбываецца з Саўчанкай, нагадвае нам найгоршыя прыклады з савецкага мінулага. Я кажу не пра справядлівасьць, не пра міласэрнасьць, але хаця б трэба было пра цьвярозы розум падумаць.
— Уладзімер Мікалаевіч, чаму так дэградавалі інстытуты расейскай грамадзянскай супольнасьці: няма ні камісіі па памілаваньні, ні па рэабілітацыі рэпрэсаваных, якія былі тады, калі вы вярнуліся на радзіму? Усё цяпер зноў у руках аднаго правадыра, «нацлідэра», назавем яго так.
— Таму што гэтыя інстытуты прадбачліва паступова ліквідаваліся, як толькі Пуцін прыйшоў да ўлады. Па-мойму, гэта было адно зь першых яе дзеяньняў — скасаваньне Камісіі па правах чалавека. І ўсякія іншыя праваабарончыя органы неяк уціскалі, іх дзейнасьць абмяжоўвалася. Іх абвясьцілі «замежнымі агентамі». Напрыклад таварыства «Мэмарыял». Ахоўная абалонка вакол неправавых справаў паступова прыбіралася, цяпер яе няма, і ўсё залежыць ад волі аднаго чалавека. А гэты чалавек, як мы бачым, ня вельмі сьпяшаецца.
— Уладзімір Мікалаевіч, ці вы зьвязваеце якія-небудзь надзеі з масавым антываенным маршам у нядзелю? Ці зможа ён прыцягнуць увагу да лёсу палітвязьняў?
— Ну, нейкую ўвагу, напэўна, ён зможа прыцягнуць. Я сам у маршы ўдзельнічаць ня буду па фізычных прычынах, а не па нейкіх іншых. Я дрэнна хаджу, мае ногі цяпер непрыдатныя для маршу. Таму я не магу нікога заклікаць да таго, чаго я сам не раблю. Але маршы прыцягваюць увагу, і гэтай увагі тым больш, чым больш масавыя маршы. Але адзінкавыя пікеты таксама прыцягваюць увагу. Усякія дзеяньні прыцягваюць увагу, калі яны існуюць.
***
У сераду, 25 лютага, Масгарсуд прызнаў законным рашэньне Басманнага суду Масквы аб падаўжэньні тэрміну арышту ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі да 13 траўня. З 13 сьнежня мінулага году Надзея Саўчанка трымае галадоўку. Лекары назіраюць у яе парушэньне працы некаторых унутраных органаў. Сама абвінавачаная на слуханьнях у сераду заявіла, што можа не дажыць да наступнага суду.