Міхась Баярын — бясспрэчна, нешараговая зьява: ён з тых, хто заўжды вылучаецца на агульным тле; хто сам выбірае дарогу, а часам і стварае яе.
Нейкі час яго як быццам не было, і толькі абраныя ведалі пра ягонае існаваньне наагул. Водгульле 1990-х зь цяжкасьцю даходзіла ў 2000-я. Мала каму траплялі ў рукі нумары баярынаўскага часопісу «Nihil», дзе апошні раз 15 гадоў таму друкаваліся ягоныя паэтычныя творы (называць іх звыклым словам «вершы» ужо неяк не паварочваўся язык). І вось — нечаканае вяртаньне ў 2014-м: праект «Свамова» і ажно тры кнігі, адна зь якіх паэтычная — «Заваёўнікі».
Староньні чытач, які ўпершыню прыйдзе ў кнігарню Ігара Логвінава і разгорне гэтую невялічкую баярынаўскую кніжыцу, выдадзеную ў Тэрнопалі Юрком Завадзкім, будзе нямала зьдзіўлены. Найперш, можа, таму факту, што вершы «білінгвальна» публікуюцца ў кнізе клясычнай кірыліцай і адмыслова вынайдзеным аўтарскім шрыфтам, заснаваным на нацыянальным арнамэнце. Чытаць вершы, напісаныя арнамэнтам, надзвычай складана, таму правамоцна казаць, што ён выконвае хутчэй ілюстрацыйную функцыю. Патэнцыйныя магчымасьці ў яго ёсьць, але гэта калі мысьліць стратэгічна (чамусьці ўсплываюць у галаве нейкія буйнафарматныя транспаранты ці флаеры ці глянцавыя каляровыя альбомы). Пакуль жа кніжкі, друкаваныя такім шрыфтам на рызографе, вырачаныя на забыцьцё.
Па-другое, і самая вартасьць кароткіх вершаў Баярына падасца гэтаму ўмоўнаму «староньняму чытачу» сумнеўнай. Але толькі ў тым выпадку, калі ён ня ведае перадгісторыі...
Ягоны першы (і адзіны да зьяўленьня «Заваёўнікаў») зборнік «Шалёны вертаградар» выйшаў у 1998 годзе ў сэрыі «Галерэя Б» часопіса «Фрагмэнты». Шукаў я яго па кнігарнях вельмі доўга, і дзень, калі кніга знайшлася, памятаецца і дасюль. Вершы Баярына некалі яшчэ ў школе чытаў у часопісе «Крыніца»: на даўжэзных палосах тых даўніх нумароў буйнафарматныя клясычныя творы Баярына глядзеліся арыстакратычна. Ён выкшталцона жангляваў цытатамі з сусьветнай лірыкі, апэляваў да грэкаў і рымлян, віртуозна падбіраў рыфмы, бездакорна ставіў цэзуры, і ўсё гэта спалучалася з нейкім маладым нахабствам, пасіянарным выбухам, які папраўдзе зачароўваў. Мова ягоных твораў дыхала слоўнікамі Ластоўскага, Некрашэвіча, Байкова, прозай Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі — але так, што не хацелася раздражняцца тым фактам, а наадварот улезьці ў адпаведныя слоўнікі і камэнтары, каб даведацца, што за яно. А часам, і пераняць якое слоўка.
Дні дагараюць у корчмах з дымам шарай гадзіны,
Комінаў фабрык, агнішчаў, запаленых хутка каля
Сьметнікаў людам лёзным, бы недакуркі ў пыле,
І пакідаюць попел на бледных маіх руках.
Вугальны ночны холад скасоўвае словаў сьцені,
І застаецца цела. Адно як і факт жыцьця
Перад прысудам сьмерці. Цяпер і рыпеньне сьнегу
Пад канашамі цяжка адрозьніць ад руху пяра
Пазьней у «Крыніцы» зьяўляліся баярынаўскія пераклады — у тым ліку, памятаю, з Эзры Паўнда. Аднак тут ягонае імкненьне да моватворчасьці часам давала істотнае замружваньне асноўнага сэнсу арыгіналу. Па сваёй лянотнасьці, ня ведаю і цяпер — ці адпавядала экспэрымэнтатарства Паўнда высілкам Баярына, ці то быў ужо асабовы аўтарскі чын перакладніка. Так ці інакш, адчувалася, што яго зачароўвае «сусьветнае дрэва» мовы і зацягвае, як у вір.
Баярыну відавочна ўсяго было мала, і ўласна паэтычная прастора здавалася яму завузкай для зьдзяйсненьня і поўнага самараскрыцьця. «Безназоўнае», зьмешчанае ў «Nihil» — як рык загнанага зьвера: зь веерам цытат зь беларускай клясыкі, айчыннай і сусьветнай міталёгіі, канцылярытам, слэнгам кампутаршчыкаў, галасамі тэленавін.
нагрэты падзеньнем каменьчык кліча ўгару наноў
паветрана-морскі дэсант на няпэўную сушу з загадам
длубіць у бясплодных скалах для васкаванага пер’я труну
з назапашаным выйсьцем на сцэну пабочнай німфы
у сьмярдзючым сівым масхалаце сушыць легендарныя крылы
на дроце тубыльных вушэй віхлястым крокам на сувязь
пад падабраным дарогай лагінам у верны сэрвэр
з праверкай рэха лічылка зьвера на чысты — брудны
тай падпаўзай хто ў тры шклянкі гуляй выбірай каравай
хто авечка з таўром хто сабака з суком хто пастух зь бізуном
Пасьля наступіла маўчаньне, якое перарываецца толькі цяпер.
Мне заўжды здавалася, што Міхась Баярын — чалавек ідэі. Тая гісторыя, якую ён мог, з адпаведным антуражам, распавесьці ў вершы, з часам перастала задавальняць яго, таму паклікала яго чыстае мысьленьне, старадаўні санскрыт, куды, як у Саргасава мора, раз зайшоўшы, выбрацца цяжка. Вывучэньне санскрыту, стварэньне і распрацоўка сыстэматычнай Свамовы стала для Баярына заняткам значна цікавейшым за вершапісаньне. Таму яго новыя творы нібы водсьвет, успамін пра мінулае. Яны хутчэй нагадваюць надпісы пад карцінамі Язэпа Драздовіча, таксама не чужога ўсходняй філязофіі:
глыбее таемны ўзыход,
раскрываючы вока вачэй,
расуе пялёсткамі верамя
нерушы вірная краска,
вяртаючы памяці зьлепак
у першую гліну быцьця
(«Першае вока»)
То бок тут Баярын як паэт ужо нічога нікому не хоча даказваць, а папросту запісвае ў нататнік уражаньні, часам у даволі цьмяным сымбалісцкім ключы. Малюнак тут набліжаецца ў нечым да разанаўскіх квантэмаў, але сэнсавая разасобленасьць радкоў, характэрная для гэтага жанру Алеся Сьцяпанавіча, у баярынаўскіх творах адсутнічае. Тут хутчэй імгненная ўспышка, сыгнальная ракета над зацемненай мясьцінай:
за сьпіною няспынна ў неба расьце гара
узыходзяць у ноч над зямлёй маладыя багі
лейцы сьвету сьціскае мацней рука ўладара
і конь часу ўстае станьгом ды іржэ ў адказ
(«Гара») —
ці то празарэньне, здагадка — зрэшты, у той жа час спакойная, без пасіянарнага надрыву ці былой, характэрнай для «Вертаградара» элегічнасьці; ці то пэўны статычны вобраз, які ўзьнікае і нікуды не вядзе:
у хмарным замку сабраўшы разам
ўсе шчасьці явы, ўсе тайны цемры
у вечным сьвяце найпоўных чашаў
ў аздобе гудаў, дзявіц суквецьці
ў сяброўстве вояў, у шэпце мудрых
ў быцьця вяршыні вітаўт сусьвету
чакае моўчкі, калі ў пакоі
увойдзе самым жаданым госьцем
заўжды адсутны ўладар нястачы
(«Ўладар і госьць»)
Мне цікава было прачытаць новую кнігу аднаго з улюбёных сваіх паэтаў. Не скажу, што я чакаў ад яе многага і, расчараваны, выйшаў у запой: кумірам маладосьці прынята дараваць, нават калі іх чарговы новы дыск зусім не нагадвае першы альбом. Няхай Баярын напоўніцу сышоў у мысьленьне, санскрыт і нацыянальны дызайн, але частка яго істоты патрабуе выказвацца і зьдзяйсьняцца ў вершах. І гэта абнадзейвае.