Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая дапамога. Жыцьцё ці разьвіцьцё?

абноўлена

Нямеччына зьяўляецца адным з найвялікшых донараў Беларусі сярод краінаў ЭЗ. Як мянялася структура нямецкай дапамогі Беларусі, у якой сфэры яна была найбольш і найменш эфэктыўнай, а хто зьяўляецца манапалістам у сфэры нямецкай дапамогі -- тэма наступнага дасьледаваньня.

10 фактаў пра замежную дапамогу Беларусі

Хто насамрэч зьяўляецца грантасосам?

Як зарабляе на эўрапейскай дапамозе беларускі чыноўнік

Ці зьявіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў?

Грошы на дэмакратыю

Ці магчымы аўдыт заходняй дапамогі для Беларусі?

За нямецкія грошы ля возера Нарач пабудавалі вёску з 50 дамоў для чарнобыльскіх перасяленцаў. Каб дапамагчы працаўладкаваць гэтых людзей, у Нямеччыне закупілі абсталяваньне рабіць з чароту маты для цеплаізаляцыі. Узімку перасяленцы нарыхтоўваюць і складуюць чарот, а зь вясны да восені вырабляюць экалягічна чыстую цеплаізаляцыю, якую прадаюць у Беларусі і за мяжой. Побач зь вёскай – некалькі ветракоў. Дзякуючы нямецкай ініцыятыве ў Беларусі заканадаўча замацавана фінансаваньне крыніцаў аднаўляльнай энэргіі, у выніку электраэнэргію зь ветракоў дзяржава закупляе па вышэйшых тарыфах, і гэта робіць праект прыбытковым.

Калі я шукала найбольш выразны прыклад нямецкай дапамогі для Беларусі, то з сотняў самых розных кірункаў выбрала менавіта гэты, бо ў ім спалучаныя адразу некалькі ключавых мэтаў. З аднаго боку – гэта гуманітарная дапамога чарнобыльцам, з другога – дзякуючы ёй у людзей зьявілася магчымасьць зарабляць грошы і атрымліваць прыбытак, з трэцяга боку – зьяўляюцца энэргазьберагальныя тэхналёгіі і экалягічна чыстая прадукцыя.

Нямеччына – адзін з найвялікшых донараў Беларусі сярод краінаў Эўразьвязу. З 2006 па 2012 гады яна выдзеліла нашай краіне 129,17 мільёна даляраў ЗША. Гэта амаль чвэрць агульнай сумы донарскай дапамогі ад краінаў ЭЗ за гэты пэрыяд.



Рай у кожнай вёсцы

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік перакананы, што ў кожнай беларускай вёсцы могуць узьнікнуць малыя самаакупныя прадпрыемствы і што з кожнай беларускай вёскі можна зрабіць рай. Прычым без дапамогі дзяржавы. І галоўная ідэя нямецкай дапамогі Беларусі, лічыць спадар Вік, палягае ў тым, каб чалавек стаў самастойны ў тых умовах, калі абавязкі дзяржавы існуюць толькі на паперы.

​«Ніхто з нас ня можа прадказаць, калі рухне аўтарытарная сыстэма. І толькі тая сыстэма жыцьцяздольная, у цэнтры якой стаіць чалавек зь яго правамі. І калі і ў якіх умовах таталітарная сыстэма рухне, немагчыма спрагназаваць. Наша задача заключаецца ў тым, каб даць прыклад іншай мадэлі грамадзтва, дзе ёсьць канкурэнтаздольнасьць і жыцьцяздольнасьць самога чалавека. Для нас гэта важна ня дзеля таго, каб паказаць нашы нібыта імпэрскія намеры. Мы перакананыя, што толькі такое грамадзтва можа быць жыцьцяздольным. Мы дапамагаем разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, калі чалавек сам становіцца гаспадаром свайго лёсу, у той час як дзяржава ў Беларусі ўсё менш і менш можа паклапаціцца пра людзей».

Спэцыфіка нямецкай мадэлі дапамогі

Калі адкінуць патэтыку і высокія словы і паглядзець на структуру нямецкай дапамогі ў розныя гады, то зь яе вынікае, што каля 90% усёй дапамогі Нямеччына нязьменна накіроўвае на, кажучы бюракратычнай мовай, «сэктар сацыяльнай інфраструктуры і паслуг» (Швэцыя, напрыклад, – толькі 50–60%). І вось у гэтым сэктары вылучаюцца 2 кірункі дапамогі – «адукацыя» і «дзяржаўнае кіраваньне і грамадзянская супольнасьць». І тут становіцца бачная спэцыфічная рыса нямецкай мадэлі дапамогі.

Графіка Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі
Графіка Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі

2/3 нямецкай дапамогі накіроўваюцца на адукацыю. Гэта ўключае расходы на навучаньне беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Нямеччыны і плату нямецкаму пэрсаналу. Гэта стыпэндыі фонду Аляксандра фон Гумбальта, нямецкай службы акадэмічных абменаў, AGRICOLA, а таксама плата нямецкім выкладчыкам у розных навучальных установах за межамі Нямеччыны (школах, інстытуце Гётэ).

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў дасьледаваньне ролі і месца грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў сыстэме донарскай дапамогі ЭЗ для Беларусі, адзначае наступнае:

«Фінансаваньне Нямеччынай адукацыйных праектаў – гэта не разьвіцьцё сфэры адукацыі ў Беларусі, што практычна немагчыма з палітычных прычын, але наданьне магчымасьці беларускім студэнтам атрымліваць вышэйшую адукацыю ва ўнівэрсытэтах Нямеччыны. Між іншым, гэта азначае, што сродкі, выдзеленыя на разьвіцьцё гэтага напрамку, фактычна застаюцца ў Нямеччыне».

Пра сродкі, якія фактычна застаюцца ў краіны-донара, мы больш падрабязна пагаворым пазьней, але цяпер вернемся да таго, як беларускія студэнты могуць атрымліваць адукацыю ў Нямеччыне за нямецкія грошы.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстагу Марылюізы Бэк, сябры Камітэту Бундэстагу па зьнешняй палітыцы, сябры Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, зьвяртае ўвагу на іншыя акалічнасьці адукацыйных праектаў.

«Служба акадэмічнага абмену дае вельмі шмат стыпэндыяў беларускім студэнтам, якія выяжджаюць у Нямеччыну. Ёсьць розныя пазыцыі наконт гэтага. З аднаго боку, гэта добра, а з другога боку – у адборы студэнтаў удзельнічаюць дзяржаўныя структуры. Беларускія ўнівэрсытэты – структуры, якія выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя мэтады для падтрымкі рэжыму. І ёсьць яшчэ адзін момант, што гэтыя студэнты могуць быць дзецьмі чыноўнікаў. Мы ніякім чынам ня супраць дзяцей чыноўнікаў, бо мы лічым, што яны ніякага дачыненьня да сваіх бацькоў ня маюць, але, зь іншага боку, мы хочам таксама паказаць ім і пераканаць іх у каштоўнасьцях нашага грамадзтва. І тут ёсьць небясьпека, што мы такім чынам можам падтрымліваць унівэрсытэты, напрыклад БДУ, які ёсьць інструмэнтам рэпрэсіўных мэтадаў, і тым самым мы заахвочваем рэпрэсіўную сыстэму. І тут зьяўляецца пытаньне, ці працягваць такую палітыку? Наш адказ палягае ня ў тым, каб зьменшыць фінансаваньне акадэмічнай службы абменаў, а ў першую чаргу каб паралельна з падтрымкай такой структуры падтрымліваць недзяржаўныя грамадзкія структуры, якія займаюцца студэнцкім абменам, і знайсьці мэханізмы і правілы, каб выбар студэнтаў быў незалежны».

Дзе вучацца беларускія студэнты ў Нямеччыне

У Міністэрстве адукацыі Беларусі Свабодзе паведамілі, што для навучаньня ў арганізацыях замежных дзяржаваў кандыдаты накіроўваюцца найперш з улікам прыярытэтных кірункаў разьвіцьця эканомікі і сацыяльнай сфэры. Вось якія нямецкія ўнівэрсытэты і па якіх спэцыяльнасьцях запрашаюць беларускіх студэнтаў.

– «Аўтаматызацыя і кіраваньне ў тэхнічных сыстэмах»: Тэхнічны ўнівэрсытэт, Дрэздэн, Нямеччына.

– «Машынабудаваньне і машыназнаўства»: Брэмэнскі ўнівэрсытэт, Брэмэн, Нямеччына.

– «Цьвердацельная электроніка, радыёэлектронныя кампанэнты, мікра- і нанаэлектроніка, прыборы на квантавых эфэктах»: Унівэрсытэт Пфорцхайма, Пфорцхайм, Нямеччына.

– «Радыёэлектронныя кампанэнты, мікра- і нанаэлектроніка»: Інстытут фатонных тэхналёгіяў, Ена, Нямеччына.

– «Германскія мовы»: Білефэльдзкі ўнівэрсытэт, Білефэльд, Нямеччына.


Для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі

Як адзначае Андрэй Ягораў, для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. І ў выпадку, калі дапамога выдзяляецца праз канал «НДА і грамадзянская супольнасьць», то гэта зусім ня значыць, што сродкі накіраваныя на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Напрыклад, шэраг праектаў, прафінансаваных па гэтым канале (напрыклад, дапамога раённаму шпіталю ў Валожыне ці мадэрнізацыя кухняў у дзіцячым лягеры «Надежда»), у рэальнасьці маюць невялікае дачыненьне да разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, кажа экспэрт. Гэта зьвязана з асаблівасьцямі аўтарытарнай сыстэмы Беларусі, у якой элемэнты сацыяльнай інфраструктуры (бальніцы, сацыяльныя цэнтры, дзіцячыя лягеры) існуюць пад кантролем дзяржавы, і па сутнасьці гэта дзяржаўная інфраструктура. Такі падыход, вядома, служыць паляпшэньню якасьці паслугаў, якія атрымлівае насельніцтва, але, як правіла, ніяк не зьвязаны з разьвіцьцём незалежнай грамадзянскай супольнасьці, перакананы Андрэй Ягораў.

Графіка Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі
Графіка Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі

Для параўнаньня. Агульны памер дапамогі ад Даніі ў 5 разоў меншы за сукупную дапамогу ад Нямеччыны, але памер дапамогі грамадзянскай супольнасьці з боку двух гэтых донараў прыкладна аднолькавы. Пры гэтым дапамога грамадзянскай супольнасьці складае амаль 100% усёй дапамогі ад Даніі для Беларусі. Тым часам Нямеччына накіроўвае грамадзянскай супольнасьці каля 1/5 усіх сродкаў.

Два мэтады супрацы

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік тлумачыць, што ў Нямеччыне ёсьць дзьве тэндэнцыі, два мэтады супрацы зь Беларусьсю.

«Адзін – супрацоўніцтва з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, над якімі ёсьць кантроль дзяржавы. Прыклад – ІВВ, Міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў. Гэтае супрацоўніцтва грунтуецца на тым, што чалавеку трэба дапамагчы атрымаць сваю долю свабоды, каб праз гэта ў яго разьвівалася пачуцьцё адказнасьці за сябе. Другі мэтад – супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю, якая пазыцыянуе сябе як апазыцыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта супрацоўніцтва для разьвіцьця асновы, якая б у выніку прывяла да таго, што Беларусь стала б свабоднай. Мы ня можам вырашыць, і я не магу вырашыць, што больш важна – першае ці другое, жыцьцё ці разьвіцьцё. Час пакажа».

Ханс-Георг Вік: Два мэтады супрацы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00

Высокааплатныя замежныя кансультанты, вынікаў дзейнасьці якіх у Беларусі не відаць

Інвэстыцыйны кансультант, бізнэс-аналітык Дэніэл Крутцына, які нарадзіўся ў Нямеччыне, скончыў Гарвард і ўжо шэсьць гадоў жыве і працуе ў Беларусі, вядомы ў Менску сваімі крытычным поглядамі на прынцыпы разьмеркаваньня нямецкай дапамогі для Беларусі. На яго думку, тут няма прынцыпу канкурэнцыі і зьяўляюцца свае манапалісты.

Дэніэла Крутцыну дзівіць, што ў Беларусі няма непасрэднага прадстаўніцтва Нямецкай арганізацыі міжнароднай дапамогі, і практычна ўся дапамога ідзе праз адну мясцовую структуру – Міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў.

«ІВВ, на мой погляд, не падлягае справаздачнасьці што да эфэктыўнасьці ягонай працы, якая каштуе досыць дорага. З-за адміністрацыйных затратаў мала грошай даходзіць непасрэдна да праектаў. У той час я прапанаваў іншы варыянт. Замест таго каб працаваць з адной структурай-пасярэднікам, трэба адкрыць непасрэднае прадстаўніцтва Нямецкай службы тэхнічнай дапамогі і кожны год выбіраць 30–35 беларускіх ініцыятываў, якім даюцца, напрыклад, 100 тысяч эўра на год, каб папрацаваць і атрымаць вынікі. І кожны год аўтаматычна нічога не працягваць, зрабіць карацейшы донарскі цыкль, чым цяпер, і абыходзіцца безь мясцовых пасярэднікаў».

Што тычыцца нямецкай дапамогі Беларусі ўвогуле, то, паводле Крутцыны, значная частка фінансаваньня ідзе якраз не беларускаму, а нямецкаму боку.

«Гэта дарагія замежныя кансультанты, вынікаў дзейнасьці якіх у Беларусі не відаць. Напрыклад, экспэрты ў сфэры эканамічных рэформаў, якія такіх рэформаў не праводзілі ў сваіх краінах. Яны проста праз пэўныя кантакты трапілі на гэтыя вакансіі, на якія адкрыты конкурс не абвяшчаўся. Гэта сродкі, якія трацяцца надзвычай неэфэктыўна, іх можна было б значна больш эфэктыўна патраціць, падтрымліваючы мясцовых спэцыялістаў. Што да нямецкага вопыту, то гэтыя экспэрты могуць прыяжджаць на кароткі тэрмін. Ёсьць пазытыўныя элемэнты ў нямецкай праграме падтрымкі Беларусі, калі асноўная дапамога ідзе мясцовым арганізацыям, але ў іх абавязкова павінен быць замежны партнэр. Такая мадэль больш эфэктыўная, чым аплачваць дарагіх спэцыялістаў, якія стала знаходзяцца ў Беларусі, каб раз на месяц арганізаваць сустрэчы беларускіх і нямецкіх бізнэсоўцаў і за гэта атрымаць заробак, параўнальны з заробкам намесьніка амбасадара».


ІВВ як найвялікшы нямецкі праект у Беларусі


Згаданы суразмоўцамі Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў (IBB) летась адсьвяткаваў 20-годзьдзе. На пачатку ягонай дзейнасьці на пляцоўках цэнтру часта сустракаліся людзі з рознымі поглядамі, тут маглі праходзіць розныя мерапрыемствы апазыцыйных палітыкаў. Зь цягам часу такіх магчымасьцяў стала меней і меней, і на сёньня дарога апазыцыі ў ІВВ фактычна закрытая. Назіральнікі тлумачаць гэта тым, што ІВВ напалову належыць нямецкаму боку, а напалову – беларускаму, а гэта значыць – беларускім уладам альбо структурам, якія шчыльна зь імі зьвязаныя. І пры жаданьні беларускія ўлады могуць проста «папрасіць» нямецкі цэнтар зь Беларусі, як калісьці «папрасілі» фонд Сораса. І таму нямецкія кіраўнікі IBB мусяць прытрымлівацца пэўных правілаў, каб мець магчымасьць працягваць працу ў Беларусі.

Як тлумачыць Свабодзе беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў, зь нямецкага боку заснавальнік – Дортмундзкі адукацыйны цэнтар (50%), а зь беларускага – тры структуры: Менгарвыканкам (15%), які ў 1994 годзе выдзеліў бясплатна зямельны ўчастак і інжынэрныя сеткі; таварыства "Спадарожнік" (20%), якое абавязалася пабудаваць каркас будынку і арганізавала першыя паездкі дортмундцаў у Беларусь; а на заключнай стадыі будоўлі цэнтру, калі не хапала грошай, падключыўся «Беларусбанк» (15%), які ўнёс каля 250 тысяч даляраў у будаўніцтва.

«Чаму апазыцыя адсутнічае? Вызначаюць гэта нямецкі і беларускі бок, і гэта адбываецца няпроста, бываюць розныя калізіі. Нам кажуць, што вы не пляцоўка для палітычнай працы, вы адукацыйны цэнтар, займайцеся адукацыйнай працай, вы не павінны быць палітычным дыскусійным клюбам. Гэта вырашаюць удзельнікі – быць ці ня быць».

Беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў больш падрабязна расказвае пра кірункі дзейнасьці Міжнароднага адукацыйнага цэнтру, у якім ён пачынаў працаваць рэфэрэнтам і вось ужо 15 гадоў – дырэктар зь беларускага боку.

«ІВВ 20 гадоў рэалізоўвае праграмы, якія павінны збліжаць беларусаў і немцаў. ​ Мы маем 5 кірункаў працы.

Першы – гэта ўзаемаразуменьне і прымірэньне, гэта праекты, арыентаваныя на вэтэранаў вайны, вязьняў канцлягераў, гета, рабочых з усходніх краінаў.

Другі – міжканфэсійны дыялёг прадстаўнікоў розных канфэсіяў.

Трэці кірунак – арганізацыя дыялёгу беларускіх журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і дыялёг іх з замежнымі журналістамі. На нашай базе праходзяць штогадовыя цыклі сэмінараў для падвышэньня кваліфікацыі журналістаў, адукацыйныя паездкі за мяжу ў Бэльгію і Нямеччыну. У тым ліку і сэмінары для беларускіх экспэртаў у сфэры міжнародных адносінаў з МЗС, факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ, на якіх разглядаецца праблема ўзаемаадносінаў Беларусі з блізкім і далёкім замежжам.

Чацьвёрты кірунак – рэалізацыя сацыяльных праектаў, у тым ліку і стварэньне цэнтраў для людзей з пэўнымі абмежаваньнямі.

І пяты кірунак – навакольнае асяродзьдзе, энэргазьберажэньне і выкарыстаньне аднаўляльных крыніцаў энэргіі ў рамках адукацыйных мерапрыемстваў».

Віктар Балакіраў ня хоча вылучаць найбольш ці найменш пасьпяховыя праекты, але прызнаецца, што ўсё ж найбольш ганарыцца праектам «Гістарычная майстэрня», фактычна грамадзкім музэем, аналягу якому няма нідзе ў СНД і які, сярод іншага, выдаў каля 47 публікацыяў ваеннай тэматыкі.

«Для нас нашмат важнейшае такое прызнаньне, чым прэстыж»

Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў вельмі важны, – падкрэсьлівае Ганс-Георг Вік. – У працэсе супрацоўніцтва заходніх структураў і ІВВ рэалізоўваюцца праекты, накіраваныя на падтрымку мясцовага самакіраваньня. У выніку такіх праектаў падтрымліваюцца людзі, якія могуць разам зь дзяржавай працаваць у сацыяльнай сфэры, як напрыклад у сфэры падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. І бяз гэтай падтрымкі звонку не было б магчымасьці рэалізоўваць такія праекты.

«Калі мы дапамагаем 100 людзям з абмежаванымі магчымасьцямі, то мы разумеем, што дзяржава кантралюе гэты працэс. Але адначасова дзяржава тым самым прызнае, што ў Беларусі ёсьць людзі з абмежаванымі магчымасьцямі. Для нас нашмат важнейшае такое прызнаньне, чым прэстыж ці ўхвала. Зусім няважна, калі беларуская дзяржава будзе гэтым ганарыцца, таму што гэта будзе прыклад для ўсіх. Я ня буду крытыкаваць ІВВ, калі іхнія праекты дапамагаюць людзям. Важна, што мяняецца ўспрыманьне грамадзтвам людзей з абмежаванымі магчымасьцямі».

У Нямеччыне дзейнічае Закон аб сацыяльнай замове, згодна зь якім ня толькі дзяржаўныя арганізацыі, але і недзяржаўныя аб’яднаньні могуць атрымліваць фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту на рэалізацыю сацыяльных праектаў. Як адзначае беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў, дзякуючы нямецкаму партнэру ІВВ – Дортмундзкаму адукацыйнаму цэнтру і пры спрыяньні беларускага Міністэрства сацыяльнай абароны ўдалося цягам трох гадоў прыняць і ў Беларусі Закон аб сацыяльнай замове, дзякуючы якому цяпер беларускія недзяржаўныя арганізацыі могуць падаваць заяўкі на рэалізацыю сацыяльных праектаў і атрымліваць фінансаваньне.

ІВВ – мясцовы партнэр нямецкай Праграмы падтрымкі недзяржаўных ініцыятываў, якую фінансуе Фэдэральнае міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця BMZ. У рамках гэтай праграмы выдзяляюцца гранты рознага памеру – ад 15 да 40 тысяч эўра і ад 40 да 75 тысяч эўра для рэалізацыі сумесных беларуска-нямецкіх праектаў, ініцыяваных беларускімі ці нямецкімі НДА. У 2012 годзе рэалізоўвалася чацьвёртая фаза гэтай праграмы з двух кампанэнтаў:

560 000 даляраў – на «Выбудоўваньне мадэлей сацыяльнага партнэрства для ўстойлівага разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў»

690 000 даляраў – на «Разьвіцьцё патэнцыялу грамадзянскай супольнасьці».

Калі сталы партнэр ІВВ – Менгарвыканкам, то натуральна, што складана рэалізоўваць праекты, зьвязаныя з грамадзянскай супольнасьцю. Ёсьць аргумэнты за і супраць, але рэальнасьць такая, што без такога партнэра гэтая структура ўвогуле не змагла б існаваць у Беларусі, канстатуюць назіральнікі.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстагу Марылюізы Бэк, сябры Камітэту Бундэстагу па зьнешняй палітыцы, сябры Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, лічыць, што праекты, якія рэалізоўваюцца праз ІВВ, павінны і далей працягвацца. Яны дапамагаюць каапэрацыі, супрацоўніцтву паміж ЭЗ і Беларусьсю, бо грошы ідуць на канкрэтныя патрэбы людзей.

​«Зразумела, што ІВВ застаецца ў непалітычнай сфэры. Мы ўсё ж лічым, што паралельна з гэтым мы павінны падтрымліваць незалежныя праекты грамадзкай супольнасьці. Дапусьцім, амбасадар Нямеччыны мог бы запрасіць прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці і зь імі весьці дыялёг пра іхнія патрэбы і клопаты. Мы маем на ўвазе і разьвіцьцё працы палітычных фондаў у Беларусі, якія застаюцца і працуюць у палітычнай сфэры. Нават пры тых умовах, што іхнія праекты вымушана праводзяцца за мяжой».

Палітыка «пераменаў шляхам збліжэньня»

Цяперашнюю палітыку Нямеччыны ў пытаньні дапамогі Беларусі можна патлумачыць у больш шырокім гістарычным кантэксьце, лічыць аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

«Гэтая палітыка палягае ў рэчышчы «пераменаў шляхам збліжэньня» — прынцыпу «ўсходняй палітыкі», які пасьляваенная Заходняя Нямеччына пачала праводзіць пры канцлеры Вілі Брандце напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Тады Бон пайшоў на прызнаньне пасьляваенных межаў, на дыпляматычнае прызнаньне Ўсходняй Нямеччыны, на шчыльнае гандлёвае, культурнае, палітычнае ўзаемадзеяньне з СССР, Польшчай, Усходняй Нямеччынай. Чаму? Чаму як бы аддавалі ўсе козыры, хіба ня бачылі, што ўзаемадзеяньне легітымізуюць савецкі і ўсходненямецкі рэжымы, ў пэўным сэнсе мацуюць іх? Бачылі і разумелі. Але быў стратэгічны разьлік, што самі па сабе стасункі, зьяўленьне адносінаў з Заходняй Нямеччынай, як фактару і ставак ва ўнутрыпалітычным працэсе ў камуністычных краінах, моц прыкладу будуць пакрысе расьцярушваць ідэалягічны і палітычны «бэтон», спакваля рыхтаваць перамены ў гэтых краінах.

Гэтая палітыка моцна крытыкавалася адразу пасьля яе зьяўленьня, крытыкавалася і пазьней. Але і пераемнікі Брандта працягвалі «ўсходнюю палітыку». Можна спрачацца, ці паспрыяла гэтая палітыка краху камунізму і вяртаньню Ўсходняй Нямеччыны ў нацыянальнае ўлоньне, але гэтыя працэсы адбыліся не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што савецкая і ўсходненямецкая камуністычная эліта напрыканцы 90-х была ўжо ня тая, якой была ў сталінскія часы, была больш «разбэшчаная», калі заўгодна, шматгадовым узаемадзеяньнем з Захадам, зь Заходняй Нямеччынай у прыватнасьці.

Плён падобнай палітыкі можна аспрэчваць. Аднак відавочных станоўчых вынікаў не дае і адваротны, жорсткі курс, ізаляцыя афіцыйнага Менску

Зразумела, часы іншыя, цяперашняя Беларусь — не Савецкі Саюз. Але можна ўбачыць нейкае падабенства ў палітыцы, якая праводзілася тады, і ў той, якая праводзіцца цяпер. Бэрлін не разьлічвае на хуткія перамены, на зрынаньне існага ў Беларусі рэжыму. Разьлік на эфэкт у доўгатэрміновай пэрспэктыве — заходняя, ў прыватнасьці, нямецкая, дапамога беларускай аўтарытарнай дзяржаве, робіць гэтую дзяржаву да пэўнай ступені залежнай ад гэтай дапамогі. З нагоды гэтай дапамогі ўзьнікаюць узаемадзеяньні, стасункі, знаёмствы беларускай уладнай эліты зь іх заходнімі партнэрамі, якія фармуюць структуру ўплыву. А тое, што грошы (ці іх частка) служаць у пэўным сэнсе ўмацаваньню рэжыму ці наагул банальна трапляюць у кішэні беларускіх чыноўнікаў — ну што ж, гэта плата за «расьцярушваньне маналіту».

Плён падобнай палітыкі можна аспрэчваць. Аднак відавочных станоўчых вынікаў не дае і адваротны, жорсткі курс, ізаляцыя афіцыйнага Менску. Што лепш — гэта прадмет спрэчак, у якіх нават гісторыя не зьяўляецца канчатковым крытэрам. Аднак варта падкрэсьліць, што цяперашняя палітыка нямецкай дапамогі грунтуецца на даўняй і моцнай нямецкай палітычнай традыцыі".

* * *

А пра падтрымку праектаў грамадзянскай супольнасьці Беларусі – у наступнай частцы расьсьледаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG