«Мы ўсё выканаем, і несумненна!» — улюбёны выраз першай жанчыны — намесьніцы прэм’ер-міністра.
Натальля Качанава 7 гадоў была мэрам Наваполацку, а з 27 сьнежня, паводле прызначэньня Аляксандра Лукашэнкі, стала намесьніцай прэм’ер-міністра па сацыяльных пытаньнях. Да таго ж — першай жанчынай на гэткай пасадзе.
Землякі Натальлі Качанавай уражаныя гэткім «узьлётам», але адзначаюць, што кар’ерны рывок у лёсе Натальлі Качанавай — не адзінкавы.
Новы кіраўнік Наваполацку яшчэ не прызначаны, але ўсе разумеюць, што выконваць абавязкі намесьніцы прэм’ер-міністра і разам з тым кіраваць горадам — немагчыма.
Таму ў Наваполацку чакаюць новага кіраўніка замест Натальлі Качанавай, якая адпрацавала на пасадзе старшыні гарвыканкаму 7 гадоў — зь лістапада 2007 году. Многія адзначаюць, што спадарыні Качанавай добра ўдавалася ладзіць зь людзьмі: на прыёмах па асабістых пытаньнях яна ўмела вокамгненна вырашыць нейкую камунальную праблему, чым адразу ж заваёўвала давер, асабліва ў пэнсіянэраў.
Былая настаўніца Валянціна Пятроўна згадвае:
«Яна заўжды падкрэсьлівала, што даступная для людзей. І калі мы тэлефанавалі да яе на прыём, што дах цячэ, яна тут жа ўсіх „строіла“ і праблему вырашала. Яна ўмела „пастроіць“. І заўжды любіла паўтараць: „Мы выканаем, і несумненна“. „Несумненна, наша моладзь самая лепшая“, „Несумненна, наша Беларусь самая лепшая“, „Наваполацак — найлепшы горад у Беларусі, несумненна!“»
Частае ўжываньне слова «несумненна», кажуць землякі, карэнным чынам адрозьнівала Натальлю Качанаву ад яе папярэдніка на пасадзе кіраўніка Наваполацку — Аляксандра Камарова. Той болей сумняваўся і часьцяком ужываў слова «напэўна»...
На пасадзе старшыні Наваполацкага гарвыканкаму спадарыня Качанава апынулася для многіх даволі нечакана. У 2002 годзе яна працавала на пасадзе вядучага інжынэра па тэхніцы бясьпекі прадпрыемства «Жыльлёва-камунальная гаспадарка гораду Полацку», там яе «заўважыў» тагачасны старшыня полацкага гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла. Так адбыўся першы кар’ерны скачок: адразу ў намесьнікі старшыні Полацкага гарвыканкаму па капітальным будаўніцтве і ЖКГ. У 2006 годзе колішняя выпускніца Наваполацкага палітэхнічнага інстытуту па спэцыялізацыі «Геадэзія і каналізацыя» скончыла Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. І ў 2007 годзе Натальлю Качанаву прызначылі кіраўніком Наваполацкага гавыканкама.
Паколькі яна — карэнная палачанка і шмат гадоў адпрацавала ў родным горадзе, то спадарыню Качанаву добра ведаюць у абодвух суседніх гарадох. Тыя, хто быў знаёмы зь ёй у маладосьці, згадваюць, што яна заўжды любіла вясёлыя кампаніі, умела павесяліцца і ахвотна дапамагала сваім сябрам, калі была такая мажлівасьць.
Старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў так разважае пра асобу Натальлі Качанавай:
«Яна просты савецкі чалавек, але які не прайшоў камуністычную школу. Яна не па гэтай лініі прыйшла ва ўладу. Таму такая простая і кампанейская. Ведае інтарэсы простых людзей. Так, пры ёй Наваполацак палепшаў, але ж ня трэба забывацца, што там ёсьць „Нафтан“. Яны там „Нафтан“ неяк раскруцілі на грошы і навялі парадак у горадзе: ходнікі роўненькія, двары акуратныя, дзіцячыя пляцоўкі — усё нібыта для людзей».
Новапалачанін Сяргей Сідараў лічыць, што пры жаданьні Натальля Качанава магла б зрабіць для гораду і болей:
Цяпер на новую пасаду вунь як узьляцела! Можа, яшчэ й прэзыдэнтам стане!
«Ну, Наваполацак нішто сабе выглядае, але ў асноўным — паказуха. Вось я шкадую, што не схадзіў да яе на прыём па праблеме нашага парку. Тут каруселі, цэнтар гораду, а яна ні разу й не была тут, здаецца. Намесьнікі толькі прыходзілі і толькі абяцалі, што „дапаможам“, „дапаможам“... А яна толькі ў газэце на першых старонках 7 гадоў была, і цяпер на новую пасаду вунь як узьляцела! Можа, яшчэ й прэзыдэнтам стане!»
Сяргей Сідараў сьмяецца з уласнага жарту. Бо перакананы: гэта ў Наваполацку ад мэра нешта залежыць і ён можа распараджацца фінансамі ды падначаленымі. А ў Менску Натальля Качанава страціць усялякую самастойнасьць і будзе рабіць тое, што ёй загадаюць. Таму нават неістотна, дзе яна будзе працаваць: ці то па спэцыяльнасьці «геадэзія і каналізацыя», ці то курыраваць сацыяльную сфэру — адукацыю і мэдыцыну.
У сувязі з новым прызначэньнем некаторыя згадваюць самае першае інтэрвію, якое Натальля Качанава дала на папярэдняй пасадзе старшыні Наваполацкага райвыканкаму. На пытаньне, ці ёсьць у яе ідэал палітычнага дзеяча, адказ быў прыкладна такі: «Чаго доўга думаць, калі ў мяне ёсьць выдатныя прыклады — Аляксандар Лукашэнка і наш старшыня аблвыканкаму». Ёсьць думка, што якраз тагачасны старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец, цяпер прызначаны кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі, і «запрасіў» з сабою Натальлю Качанаву.