Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За фатаздымкі на фоне графіці — пад суд


Алена Шабуня і Тацяна Севярынец на фоне графіці ў Віцебску
Алена Шабуня і Тацяна Севярынец на фоне графіці ў Віцебску

Журналісты сфатаграфаваліся на фоне будынку, дзе на сьцяне намалявана, як папяровыя птушкі вылятаюць з клетак. Фатаздымкі былі разьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» на старонках некаторых журналістаў. Цяпер іх выклікаюць у Чыгуначны РАУС і складаюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

18 лістапада прадстаўнік Чыгуначнага райаддзелу міліцы Аляксандар Рыбакоў патэлефанаваў сябру ГА БАЖ Зьмітру Казакевічу. Адразу ж паведаміў, што гаворка пойдзе пра ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, кажа журналіст.

Паводле спадара Казакевіча, акцыяй міліцыянт лічыць «фатасэсію» некалькіх чалавек на фоне будынку былога раённага дому культуры, які цяпер зачынены на рэстаўрацыю. Журналісту было сказана, што фатаздымкі былі прыватнай справай, пакуль пра іх не напісалі на інтэрнэт-сайтах. А раз напісалі, то гэта ўжо акцыя. Зьміцер Казакевіч запярэчыў: на ягоную думку, ён проста фатаграфаваўся на фоне гарадзкога краявіду і ня можа несьці адказнасьць за чужыя інтэрпрэтацыі свайго ўчынку.

На Зьмітра Казакевіча склалі пратакол аб правапарушэньні паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 як на ўдзельніка несанкцыянаванай акцыі. У міліцыі яму паведамілі і дату суду — 28 лістапада.

У той самы дзень на суд выклікаюць і Алену Шабуню, актывістку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД. Яна далучылася да фатасэсіі ўвогуле выпадкова — праходзіла міма і ўбачыла знаёмых, якія фатаграфаваліся. І ў думках не было, што гэта можа быць расцэнена як нейкая акцыя, кажа спадарыня:

«Я дужа зьдзівілася, калі мне патэлефанавалі з РАУСу, што выклікаюць. Як? Чаго? Што я зрабіла? І калі патлумачылі, то проста сьмех разабраў. Гэта ж зь якой нагоды выклікаюць, замест таго каб міліцыі займацца сур’ёзнымі справамі, змагацца з правапарушальнікамі, зьніжаць узровень злачыннасьці ў Віцебску... Проста сьмех нейкі! Я магу сфатаграфавацца дзе заўгодна і з кім заўгодна. Фатаграфуюцца ж вясельлі, ці людзі ідуць, ядуць марозіва, упяцёх, разам фатаграфуюцца. Дык гэта што — таксама акцыя, пікет ці мітынг? І калі сёньня нельга фатаграфавацца ды выкладаць свае фатаздымкі ў інтэрнэт, то што ўжо тады будзе заўтра?»

Калі сёньня нельга фатаграфавацца ды выкладаць свае фатаздымкі ў інтэрнэт, то што ўжо тады будзе заўтра?

Па той самай справе тэлефонныя «запрашэньні» атрымалі яшчэ тры чалавекі. Журналіст Кастусь Мардзьвінцаў таксама ўжо ведае дату прызначанага над ім суду — 1 сьнежня.

Супрацоўнік міліцыі паказаў яму раздрукоўкі з сайту ГА БАЖ з артыкулам ад 6 лістапада. Паводле спадара Мардзьвінцава, там ні слова няма пра тое, што ў Віцебску журналісты праводзілі «акцыю». Толькі фатаграфаваліся на фоне графіці з птушкамі, згорнутымі з газэт у стылі арыгамі, падкрэсьлівае спадар Мардзьвінцаў:

«Я запытаў у спадара маёра, ці не вінаваты, на ягоную думку, і мастак, які гэта маляваў. На што мне адказалі „Гэта было даўно!“ Значыць, да адказнасьці прыцягнуць няможна. А што да мяне, то пратакол, лічу, складзены несправядліва. Хіба справядліва — расцэньваць фатасэсію як пікетаваньне?»

Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец таксама зьнялася разам са знаёмымі на фоне графіці. 1 сьнежня яе таксама выклікаюць у суд як удзельніцу «пікету»:

«Я ў кабінэце спадар Рыбакова так і сказала, што я абражаная такім стаўленьнем да групавога фатаграфаваньня і майго ўдзелу ў гэтай нібыта „акцыі“! Калі ў нас немагчыма фатаграфавацца там, дзе ты хочаш, і з тымі людзьмі, зь якімі табе прыемна, — то гэта гамон! Таму ў мяне ўражаньні вельмі непрыемныя, і я напісала, што я нязгодная».

Ніхто з тых, каго на сёньняшні дзень выклікалі ў міліцыю па гэтай справе, не пагаджаецца з абвінавачаньнем. Усе яны лічаць, што групавыя фатаздымкі ня могуць быць доказам удзелу ў масавай акцыі, як настойвае міліцыя. Дарэчы, ініцыятыва заняцца гэтай справай паходзіла не ад спадара Рыбакова — справу ініцыявалі ў абласной міліцэйскай управе і даслалі ў Чыгуначны райаддзел распараджэньне «разабрацца» з удзельнікамі фатасэсіі.

Здымкі журналістаў і актывістаў былі апублікаваныя на віцебскай старонцы «Нашы ў горадзе» пад агульнай назвай «Фатасэсія на фоне любімага гарадзкога графіці». На гэтай старонцы ў ФБ няма аніякіх матэрыялаў палітычнага зьместу — толькі фатаздымкі і артыкулы на тэму гарадзкога жыцьця Віцебску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG