Гітарыст «Крамы» Сяржук Трухановіч распавёў Свабодзе, чым новы альбом зьдзівіць фанатаў, як пройдзе прэзэнтацыя ў Менску і зь якімі абмежаваньнямі сутыкаецца гурт у Беларусі.
— Распавядзіце, як пройдзе прэзэнтацыя вашага новага альбома ў Менску.
— Па-першае, будуць новыя песьні — многія іх упершыню пачуюць. Падчас прэзэнтацыі плянуем прадаваць дыскі з новым альбомам. Дарэчы, мы толькі тысячу дыскаў замовілі, таму распаўсюджваць будзем пакуль толькі малым тыражом.
— У чым адметнасьць новага альбома?
— Самае цікавае, што мы пачалі яго запісваць яшчэ 4 гады таму. Запісалі 5 песень, але пасьля ў нас адбыўся нейкі ступар і мы перасталі працаваць. Нарэшце праз 3 гады мы зноў вярнуліся да альбома, але ўжо з новымі сіламі, новым поглядам, новай музычнай канцэпцыяй.
— Якая музычная канцэпцыя альбома?
— Перадусім наш новы альбом будзе больш філязофскі, больш лірычны, хоць там будуць таксама і драйвовыя песьні. Але ўсё ж альбом больш салідны. Музыкі пасталелі, цяпер у іх іншы погляд на сьвет. Гэта таксама будзе лепшы наш альбом па якасьці гучаньня.
— Вы атрымалі дазвол на правядзеньне прэзэнтацыі альбома ў сталічным Палацы чыгуначнікаў. Ці не сутыкаліся вы апошнім часам зь нейкімі забаронамі, абмежаваньнямі з боку ўладаў?
— Цяпер, як я мяркую, мала ў каго ёсьць забарона. Хіба апроч Ляпісаў практычна ўсім можна выступаць. Але хацелася б, каб больш дазволу было, напрыклад, каб прасьцей было рэклямаваць па тэлебачаньні свой выступ, альбом, свае кліпы. Напрыклад, наш новы кліп «Дзяўчынка са шклянымі вачыма» адмаўляюцца круціць па тэлебачаньні, хоць я раскінуў яго па сваіх каналах. Па радыё нашы песьні круцяць, а вось тэлебачаньне пакуль адмаўляецца. Незразумела чаму. Магчыма, перастрахоўваюцца.
— Дзе яшчэ плянуеце прэзэнтаваць альбом?
— Яшчэ перад прэзэнтацыяй у Менску мы выступім у Калінінградзе 22 лістапада. Нас там чакаюць з канцэртам беларусы — там вялікая суполка. Гэта будзе такая рэпэтыцыя перад прэзэнтацыяй, бо «Крама» выступіць у Калінінградзе ўпершыню. Але вялікі канцэрт, прысьвечаны новаму альбому, мы ўсё ж зробім у Менску.