У Бабруйску працаўнікі заводу «Аграмаш» заяўляюць, што іх змушаюць рабіць прышчэпкі ад грыпу. Калі ж яны адмаўляюцца, то ў паліклініцы не даюць даведак пра допуск на працу. Людзі незадаволеныя галоўным чынам тым, што, што вакцына, якой робяць прышчэпкі — кітайскай вытворчасьці. Яны сумняваюцца ў эфэктыўнасьці прэпарату, вырабленага ў Кітаі. Мэдыкі ж адмаўляюць факт прымусовага вакцынаваньня.
Як кажа прадстаўнік цэхавага камітэту Ўладзімер Шчарбатых, са скаргамі на прымусовую вакцынацыю ён ужо зьвяртаўся ў шэраг выканаўчых і мэдычных ведамстваў. У адказах, паводле грамадзкага інспэктара аховы працы, гаворыцца, што згоду на прышчэпку ад грыпу наведнік паліклінікі мае даваць добраахвотна. Калі адмаўляецца, то ў амбуляторнай карце павінна рабіцца адпаведная пазнака. Уладзімер Шчарбатых настойвае, што яго і іншых працаўнікоў прымушаюць рабіць прышчэпкі:
«Нам кажуць, што вы абавязаныя іх рабіць, — заяўляе ён. — Людзей, якія ня хочуць рабіць прышчэпак, даволі шмат, але ім кажуць, што мы вам не паставім пячатку допуску да працы, пакуль вы ня зробіце прышчэпку. Я сам ужо працую другі тыдзень без такой пячаткі на допуск. Вакцына кітайская, і людзей насьцярожвае, што ўсё кітайскае — яно аднаразовае. Кажуць, што гэта маё асабістае права і мы ня хочам, каб нам нешта ў арганізм уводзілі. Навошта яно нам?»
Пра прымусовую вакцынацыю цьвердзіць працаўнік заводу Андрэй. Ён зазначае, што прайшоў абавязковы прафіляктычны агляд, але без прышчэпкі ад грыпу яго не дапускаюць да працы. На пытаньне, што кепскага ён бачыць у вакцынацыі, Андрэй адказвае:
Кажуць, што гэта распараджэньне нашага мэра. А вось ці запытваў ён у нас — хочам мы рабіць прышчэпку ці не?
«Ды таму, што яны прымушаюць мяне рабіць прышчэпку. Кажуць, што гэта распараджэньне нашага мэра. А вось ці запытваў ён у нас — хочам мы рабіць прышчэпку ці не? Цяпер мяне да працы не дапусьцяць — ня ведаю, што і рабіць. Хаця б мэдыкі патлумачылі, што яны колюць. Ніхто нічога не тлумачыць. Проста прымушаюць рабіць, і ўсё».
Яшчэ адна працаўніца заводу Марына заяўляе, што ня хоча рабіць прышчэпку з прычыны аслабленага імунітэту. Кажа, што прайшла мэдагляд, але заключэньне на допуск да працы не падпісваюць:
«Некалькі год таму зрабіўшы яе сабе і дачцэ, мы прахварэлі цэлую зіму. Пасьля гэтага я адмаўляюся рабіць такія прышчэпкі, — даводзіць працаўніца. — Да 1 лістапада я мушу прайсьці мэдычную камісію, калі я яе не прайду, то мяне маюць права не дапусьціць да працы. Прычына непадпісаньня заключэньня — што я адмаўляюся ад прышчэпкі. Сёлета ўсе з гэтым сутыкнуліся. Не падпісвалі ім заключэньня, і яны вымушаныя былі рабіць прышчэпкі. І людзі рабілі, хоць і не хацелі».
У паліклініцы № 7 Бабруйску, якая абслугоўвае працаўнікоў «Аграмашу», абвяргаюць заявы пра прымусовую вакцынацыю. Даводзяць, што ёсьць катэгорыі людзей, якія маюць прайсьці гэтую працэдуру паводле роду сваёй дзейнасьці.
Ніхто нікога не прымушае. Кожнаму растлумачваюць абавязковасьць і неабходнасьць гэтай працэдуры
«Ніхто нікога не прымушае. Кожнаму растлумачваюць абавязковасьць і неабходнасьць гэтай працэдуры, — кажа супрацоўніца паліклінікі. — Кітайская ж найбольш бюджэтная вакцына. Бюджэт закупіў вакцыну „Флюваксін“, кітайскую. Яна таньнейшая. Вядома ж, наведнікі за працэдуру ня плацяць зусім. Калі чалавек хоча прышчапіцца, то ёсьць вакцына і з Францыі, і зь Нідэрляндаў, і з Расеі, але яны за грошы».
Пазыцыю адміністрацыі прадпрыемства ў пытаньні прымусовай, як кажуць працаўнікі, вакцынацыі высьветліць не ўдалося. Там пацьвердзілі, што з такой праблемай нібыта разьбіраліся, але супрацоўніка, які займаўся гэтым, засьпець на працоўным месцы ня выпала.
Паводле Ўладзімера Шчарбатых, у прыватных гутарках мэдыкі спасылаюцца на распараджэньне Бабруйскага гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што людзей павінны накіроўваць на прышчэпкі. «Яны карыстаюцца гэтым распараджэньнем як законам, — абураецца Ўладзімер Шчарбатых, — хоць распараджэньне — гэта не закон, і людзі гэта разумеюць. Вакцыну гэтую, відаць, закупілі за сродкі бюджэту, і яе трэба абавязкова скарыстаць. Яны мяркуюць, што, зрабіўшы прышчэпку, людзі ня будуць хварэць».
«Кітайскія вакцыны таксама якасныя» — экспэрт
Сытуацыю, якая склалася вакол прымусовай вакцынацыі працаўнікоў бабруйскага заводу «Аграмаш», на просьбу «Свабоды» камэнтуе старшыня камісіі па ахове здароўя Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Цацоха. Ягоныя меркаваньні запісаў Уладзімер Глод.
Спадар Цацоха ўпэўнены: прышчэпкі кітайскай вытворчасьці якасныя. Калі б яны былі дрэнныя, то іх бы не куплялі:
«Усе вакцыны якасныя. Калі праводзяцца закупы лекаў, у тым ліку і вакцын, нашы спэцыялісты зыходзяць са спэцыяльных правілаў закупаў. Там дакладна агаворваецца, што няякасная прадукцыя наагул не закупляецца. Ніводныя лекі, калі яны няякасныя, на наш рынак ня могуць быць дапушчаныя. Тым больш, калі іх закупляе дзяржава. Калі такія вакцыны выстаўленыя на рынак, то яны абавязкова папярэдне прайшлі сэртыфікацыю. Праверана іх дзейнасьць, эфэктыўнасьць.
Шчыра кажучы, усе вакцыны прыкладна аднолькавыя. У дадзеным выпадку перамагла кітайская. На гэта патрачаныя дзяржаўныя грошы. Таму кітайская прышчэпка і робіцца бясплатна. Усё астатняе — за грошы. Калі вы хочаце зрабіць, напрыклад, францускую, то калі ласка. Але ўжо за грошы.
Сілай нікога нельга прымусіць зрабіць прышчэпку
Ведаеце, усе мы абывацелі. І многія разважаюць так: калі лекі бясплатныя, значыць, яны нічога не каштуюць, значыць, яны дрэнныя. Калі нехта прапануе купіць нам лекі таньней, чаму гэтым не скарыстацца? Нармальная сытуацыя. Чалавек ідзе ў краму і бачыць аднолькавыя тавары. Але адзін каштуе адну суму, другі — іншую. І звычайна думаецца — даражэйшы больш якасны. А насамрэч вытворца разумее, што лепш зьнізіць цану на вялікую партыю. І тады тавар хутчэй купяць. А той тавар, на які загнулі цану, будзе ляжаць доўгі час».
Зыходзячы з уласнай мэдычнай практыкі, Аляксандар Цацоха кажа: сустракаюцца некаторыя людзі, якія наадрэз адмаўляюцца ад прышчэпак:
«Сілай нікога нельга прымусіць зрабіць прышчэпку. Асабліва калі ёсьць мэдычныя супрацьпаказаньні. Ясна, ніхто чалавека прымушаць рабіць прышчэпку ня будзе.
Іншая справа, што ёсьць такія ўмовы працы, калі вакцынаваньне павінна стаць абавязковым. Гэта зьвязана з тым, што нейкі канкрэтны чалавек, калі ён захварэе, можа нанесьці шкоду людзям, зь якімі ён кантактуе. Гэта найперш тычыцца саміх мэдыкаў, працаўнікоў сфэры адукацыі. Ёсьць даволі вялікі пералік такіх прафэсіяў».