Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка як не абсалютнае зло


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Мы ўступаем у новую рэальнасьць, у якой Лукашэнка ўжо не зьяўляецца абсалютным злом — ні для Захаду, ні нават для беларускай апазыцыі.

Разрэклямаванае інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі Эўраньюз не прынесла ніякіх сэнсацыяў, але гэта добрая інфармацыйная нагода, каб зафіксаваць тэндэнцыю, якую, здаецца, ужо немагчыма ігнараваць.

Немагчыма ігнараваць тую новую ролю, якую цяпер займае ў беларускай і эўрапейскай палітыцы Аляксандар Лукашэнка. Банальна паўтарацца, але дэ-факта ён ужо не ізгой, не «апошні дыктатар Эўропы», а істотны чыньнік эўрапейскай геапалітыкі. Мы можам крыўдзіцца на эўрапейскіх палітыкаў (як раней крыўдзіліся на грузінаў, а потым на ўкраінцаў), але варта паспрабаваць зразумець іхнюю лёгіку. Яна прыблізна такая — «пазыцыі Лукашэнкі непахісныя, дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі пакуль не праглядаецца, таму адзінае, што мы можам рабіць — гэта ўплываць на афіцыйны Менск, заахвочваць яго займаць больш незалежную, не-расейскую пазыцыю»

Мы можам крыўдзіцца на эўрапейскіх палітыкаў, але варта паспрабаваць зразумець іхнюю лёгіку – “пазыцыі Лукашэнкі непахісныя, дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі пакуль не праглядаецца, адзінае, што мы можам рабіць – гэта ўплываць на афіцыйны Менск, заахвочваць яго займаць больш незалежную, не-расейскую пазыцыю”

Любы выклік — гэта яшчэ і шанец. Выклік расейска-ўкраінскага канфлікту Лукашэнка ператварыў у свой шанец, і выкарыстоўвае яго, варта прызнаць, палітычна амаль ідэальна. Сваімі новымі «міратворчымі» прапановамі Лукашэнка робіць бяспройгрышны ход. Прапанаваць увесьці беларускія міратворчыя сілы ў Данбас — гэта значыць апрыёры прапанаваць нешта такое, ад чаго партнэры абавязкова вымушаныя адмовіцца. А потым сказаць — ну я ж прапаноўваў, а яны не зразумелі маіх высокіх парываў. Канешне, больш складана было б выкручвацца, калі б украінцы раптам пагадзіліся (але Лукашэнка разумее, што гэта зусім малаімаверна). Але і тады заўсёды можна выйсьці з сытуацыі праз вылучэньне нейкіх нерэалістычных умоваў і абставінаў.

Лідэры беларускай апазыцыі, адрозна ад распаўсюджанага меркаваньня, якраз вельмі адэкватна ацэньваюць сытуацыю і рэалістычна ўзважваюць свае сёньняшнія шанцы

Ва ўнутранай палітыцы беларуская прапаганда гадамі палымяна, але даволі абстрактна выкарыстоўвала тэзіс «Абы не было вайны». А тут — такая нечаканая ўдача! — сапраўдная вайна каля беларускай мяжы, і анэкдатычны лёзунг раптам становіцца зусім не жартам, а рэальнай патрэбай масаў. На гэтым фоне можна ўвогуле нічога іншага не рабіць, але толькі адпрацоўваць схему — «я захоўваю ў краіне мір». Ды і як не гуляць на гэтым полі, калі звыш 60 працэнтаў беларусаў, паводле НІСЭПД, ухваляюць пераўтварэньне Менску ў перамоўную пляцоўку, а тры чвэрці ня хочуць, каб праз Беларусь праходзілі на Ўкраіну расейскія войскі.

Лідэры беларускай апазыцыі, адрозна ад распаўсюджанага меркаваньня, якраз вельмі адэкватна ацэньваюць сытуацыю і рэалістычна ўзважваюць свае сёньняшнія шанцы. Таму ніхто зь іх зараз і ня кліча на Плошчу, саму ідэю Плошчы ўсё часьцей увогуле называюць патэнцыйна небясьпечнай — маўляў, калі хто і будзе туды заклікаць, дык гэта хутчэй прарасейскі кандыдат.

Новы статус Лукашэнкі ставіць глыбокую маральную праблему перад усімі — як да гэтага ставіцца? Як палітычны аглядальнік, аналітык — я магу проста адстароненна фіксаваць у сілу сваіх здольнасьцяў гэтую тэндэнцыю. Як грамадзянін і публіцыст я магу радыкальна не пагаджацца з гэтым трэндам, магу горача заклікаць не забываць пра такія аспэкты 20-гадовага кіраваньня Лукашэнкі, як зьнікненьня палітычных апанэнтаў, зьнішчэньне беларускай мовы і культуры, масавыя рэпрэсіі пасьля 19 сьнежня 2010 году.

Але самае глупае будзе не заўважаць відавочнага: мы ўступаем у такую рэальнасьць, у якой Лукашэнка ўжо не зьяўляецца абсалютным злом — ні для Захаду, ні для большасьці насельніцтва, ні нават для беларускай апазыцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG