Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Васіль Быкаў ня быў маім прыхільнікам, але ў яго ёсьць клясныя творы


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сумняваецца ў аб’ектыўнасьці складу навучальных праграм, у тым ліку па беларускай літаратуры.

«Васіль Быкаў ня быў маім прыхільнікам, але ў яго ёсьць клясныя творы — тое, што мы і нашы дзеці павінны ведаць. Але ёсьць некаторыя (аўтары, уключаныя ў школьную праграму. — РС), якія толькі прозьвішча беларускае носяць, а чытаць няма чаго», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы зь фіналістамі рэспубліканскага конкурсу прафэсійнага майстэрства пэдагогаў «Настаўнік году Рэспублікі Беларусь».

Як паведамляе БЕЛТА, на сустрэчы Лукашэнка таксама заявіў, што недапушчальна перапісваць гісторыю пад тую ці іншую асобу, уключна з кіраўніком дзяржавы. «Гэтага быць не павінна. Самае страшнае, калі пасьля твайго сыходу пачнуць гэта ўсё пераацэньваць і наагул перакрэсьліваць. Мы ні ў якім разе, перш за ўсё гуманітарныя, дысцыпліны не павінны падладжваць пад кагосьці. Гэта павінна быць аб’ектыўна і сумленна — як было, так трэба і падаваць», — лічыць беларускі лідэр.

Лукашэнка таксама запэўніў, што на пасадзе кіраўніка дзяржавы ня мае намеру прыкладаць нейкія асаблівыя намаганьні, каб прыцягнуць на свой бок прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі.

«Гэта прыніжэньне інтэлігенцыі, і я ніколі, пакуль буду прэзыдэнтам, ня стану іх прымушаць хваліць мяне і мой пэрыяд кіраўніцтва. Гэта пасьля мяне яны няхай ацэняць, — заявіў ён. — Ніякай тут дыктатуры няма. Так, у нас ёсьць пэўная дзяржаўная пазыцыя, і мы вітаем, калі яе людзі падтрымліваюць. Але калі ў інтэлігента — мастака, пісьменьніка — ёсьць свой пункт гледжаньня і пазыцыя — калі ласка, гавары».

На сустрэчы таксама ўздымалася моўнае пытаньне. У гэтым пляне Лукашэнка чарговы раз падкрэсьліў важнасьць захаваньня і вывучэньня абедзьвюх дзяржаўных моў — як беларускай, так і расейскай. У гэтым, паводле ягоных слоў, сярод іншага палягае багацьце беларускага народа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG