Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траянскі конь


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У пятніцу на цырымоніі падпісаньня пагадненьня аб бязьвізавым рэжыме для грамадзян Ізраіля і Беларусі беларускі міністар замежных спраў Уладзімер Макей пракамэнтаваў ход перамоваў з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму. Ён сказаў:

«Я праціўнік таго, каб называць зараз нейкія канкрэтныя даты. Для нас галоўнае — якасьць гэтага пагадненьня. Мы настойваем на тым, каб паводле яго роўныя правы набывалі як грамадзяне Беларусі, якія хочуць наведаць Эўразьвяз, так і грамадзяне краінаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз, якія пажадаюць прыехаць да нас у Беларусь».

На першы погляд, заява міністра не зусім зразумелая. Што значыць фраза пра «роўныя правы»? Хіба можа быць інакш? Што стаіць за такой загадкавай тэзай? Гэта нейкая дыпляматычная крыптаграма, якая патрабуе расшыфроўкі.

Дарэчы, гэта ўжо ня першая такога кшталту заява Ўладзімера Макея. 9 чэрвеня ў інтэрвію агенцтву БелаПАН міністар замежных спраў Беларусі, адказваючы на пытаньне пра ход перамоваў з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму, падкрэсьліў: «Мы далі гэта выразна зразумець Эўрапейскаму Зьвязу, што мы не пацерпім ніякіх выпадкаў дыскрымінацыі».

Выкажу сваю гіпотэзу. Яна досыць простая, як і ўсё ў беларускай палітыцы.

Вы думаеце, што калі Макей кажа пра роўныя правы, то мае на ўвазе шараговых грамадзян Беларусі? Сумняваюся. Справа ў тым, што на сёньняшні дзень звыш 200 беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у парушэньні правоў чалавека, унесеныя ў «чорны сьпіс» Эўразьвязу. Ім забаронена наведваць краіны ЭЗ. Нагадаю, што на чале «чорнага сьпісу» стаіць Лукашэнка.

Дык вось, афіцыйны Менск хоча скарыстацца гэтымі перамовамі аб спрашчэньні візавага рэжыму, каб пад сурдзінку скасаваць санкцыі адносна чыноўнікаў. То бок — пры заключэньні дамовы не павінна быць «дыскрымінацыі» гэтых асобаў. І пытаньне ставіцца ў выглядзе ўльтыматуму. Калі ЭЗ не адменіць візавыя санкцыі адносна чыноўнікаў, то мы не падпішам увогуле ніякага пагадненьня. У выніку ўсе грамадзяне Беларусі не атрымаюць ільготаў, прадугледжаных у дакумэнце аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Тое, што для любой іншай краіны было б нонсэнсам, у Беларусі — правіла. Усе дзяржавы, якія вядуць з ЭЗ перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму, зацікаўленыя, каб іхнія грамадзяне маглі вальней езьдзіць у Эўропу.

Парадокс беларускай сытуацыі палягае ў тым, што ў спрашчэньні візавага рэжыму больш зацікаўлены ЭЗ, чым кіраўніцтва Беларусі. Брусэль прапанаваў Менску пачаць перамовы па гэтым пытаньні ў 2012 годзе. Беларускае кіраўніцтва пэўны час не давала ніякага адказу.

Хачу нагадаць, што афіцыйны Менск штучна блякуе рэалізацыю міжурадавых пагадненьняў аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторыяў зь Літвой і Польшчай. Яны былі падпісаныя некалькі гадоў таму. Літва і Польшча правялі ўсе неабходныя працэдуры і гатовыя ўвесьці ў дзеяньне гэтыя дакумэнты. Беларускі ж бок усяляк тармозіць згаданы працэс.

Калі на Віленскім саміце «Ўсходняга партнэрства» ў лістападзе мінулага году Макей заявіў, што Беларусь згодная пачаць перамовы па візавым пытаньні, усе ўзрадаваліся. Маўляў, вось і беларускае кіраўніцтва нарэшце пачало клапаціцца пра сваіх грамадзян. Але зь цяперашніх заяваў Макея вынікае, што згода беларускага боку пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму — гэта такі своеасаблівы траянскі конь. У гэтай ідэі быў схаваны намер не мыцьцём, дык катаньнем вызваліць вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы ад візавых санкцыяў. І цяпер прымяняецца шантаж. Маўляў, вы ж, эўрапейцы, зацікаўленыя, каб больш беларускіх грамадзян езьдзіла ў Эўропу, — а калі так, то здымайце санкцыі з чыноўнікаў. Калі ж не адменіце візавыя абмежаваньні, то пацерпіць усё насельніцтва Беларусі. Разьлік на эўрапейскі гуманізм. А ўсе шараговыя грамадзяне Беларусі становяцца нібы закладнікамі.

Кастусь Каліноўскі марыў пра той час, калі будзе «не народ для ўрада, а ўрад для народа». І Лукашэнка калісьці абвясьціў, што ў Беларусі ўпершыню пабудавана «дзяржава для народа». А насамрэч вось што атрымліваецца.

Быў бы рады, каб прэсавы сакратар МЗС выступіў у абарону сьветлага вобразу свайго міністэрства і абверг маю вэрсію, заявіўшы, што афіцыйны Менск ня ўвязвае пытаньня падпісаньня дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і ЭЗ з адменай візавых санкцыяў адносна беларускіх чыноўнікаў.

19.09.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG