Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўная цікавостка «беларускіх Мальдываў»


Што вабіць шматлікіх падарожнікаў на крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам? Ці магчыма зрабіць з крэйдавых кар’ераў сапраўдны курорт? І што самае цікавае ў тых краях?

На крэйдавыя кар’еры пад Краснасельскім, што на Ваўкавышчыне, я ўпершыню трапіў тры гады назад. І быў зьдзіўлены ня столькі блакітам вады, колькі паныласьцю шэрых берагоў, якія крута спускаліся ў ваду, ды крэйдавым пылам ад шматлікіх БелАЗаў, што вазілі тую крэйду на цэмэнтны камбінат. На захапленьне «незямною прыгажосьцю» мне хапіла хвілін пяці. Хутка б і забыў пра наведваньне гэтага месца, але крэйда надоўга ўелася ва ўсе шчыліны майго аўтамабіля.

Тым больш нечакана было сёлета назіраць ну проста нейкі бум у інтэрнэце з нагоды падарожжаў на тыя кар’еры. Пра «Беларускія Мальдывы» не даведаўся толькі лянівы. Хвалю папулярнасьці ўздымалі журналісты, блогеры і тэлевізійнікі. Прычым раскручвалі менавіта новыя кар’еры, дзе ідзе праца і куды турыстам уваход забаронены. Вельмі зьдзіўлены такім наплывам турыстаў краязнаўца Раман Ваўчок.

— Столькі расіян! З майскіх сьвятаў пачынаючы. Спачатку майскія, пасьля Дзень Расеі, чатыры дні выходных. Масквічы, піцерцы, Карэлія, Архангельск. 2000 кілямэтраў на некалькі дзён выходных! Прычым ехалі менавіта сюды. «Мы ўбачылі карцінкі і прыехалі сюды». Пасьля, калі пабачаць гэта ўсё, — ну, «красіва». Сфатаграфавалі, і ўсё.

Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Чаго яшчэ не паказваюць на фатаздымках, дык гэта колькасьць сьмецьця, якую пакідаюць пасьля сябе падарожнікі.

​— Адны прыяжджаюць па від. Усё залежыць ад людзей, іх выхаваньня, культуры. Я калі бачу ровар, — значыць, гэта нармальныя турысты. Яны ўбачылі карцінкі. Яны ня бачылі сьмецьця. А было неяк тэлебачаньне, дык казалі, што шкада, камэра ня можа перадаць пахі. Там смурод стаіць на сотні мэтраў.

​Калі нехта з вас раптам захоча пакупацца ў незвычайнага колеру вадзе прамысловых кар’ераў, помніце адну лічбу. На гэтыя кар’еры прыпадае траціна ўсіх няшчасных выпадкаў на беларускіх водах. Беларускія Мальдывы ня надта гасьцінныя. Слова краснасельскаму прадпрымальніку Дзянісу Ваканаву.

— Многія кажуць — арганізавалі б пляцоўку для аўтамабіляў. Але ў Эўропе няма такога. Там адпрацаваныя кар’еры спачатку рэкультывуюцца. І калі там стаіць таблічка «забаронена знаходжаньне людзей у прамысловай зоне», дык ніхто не ідзе туды. А ў нас што мы бачым? Масавае паломніцтва. Нас ня стрымліваюць ні таблічкі, ні знакі. Мы заплацім штраф. Але мы зьядзім гэты забаронены плод.

​Але паглядзець пад Краснасельскім сапраўды ёсьць што. Гэта старыя кар’еры. На якіх пачалі здабываць крэйду яшчэ сто гадоў таму. Бо Краснасельскі цэмэнтны завод можна назваць дзіцём Першай сусьветнай вайны. Напярэдадні якой Расейскай імпэрыі патрэбны быў якасны цэмэнт. На старых кар’ерах вада не такая ізумрудная, але высокія берагі, парослыя лясамі, проста зачароўваюць вока. А калі ўлічыць, што людзі тут пасяліліся 5000 гадоў таму... Дык, можа, гэтыя мясьціны маюць неблагую турыстычную будучыню? Мой суразмоўца распрацоўваў эскізны праект па асваеньні гэтых тэрыторыяў. І на турыстычныя пэрспэктывы старых кар’ераў глядзіць вельмі рэалістычна.

Краснасельск
Краснасельск

— На першым этапе тут плянавалася прыбраць сьмецьце каля берага і арганізаваць намётавае мястэчка. Кемпінг. Гэта першая стадыя разьвіцьця гэтай тэрыторыі. Другі этап — стварэньне гасьцінічнага комплексу. Тут недалёка старажытныя крамянёвыя шахты. Мэтраў сто адсюль. Вёска называлася б «Вёска каменнага веку. Першабытны гасьцінічны комплекс». Разьлічаны на год-два. Зьбіць гэтыя буданы, хаты. Частаколам гэта ўсё агарадзіць. І турысты маглі б адчуць на сабе жыцьцё першабытнага чалавека. Такая была ідэя. Міхал Чарняўскі, які штурхаў ідэю рэканструкцыі і музэефікацыі шахтаў, на жаль, памёр летась. Незаменная для нас страта. Бо няма каму ўжо штурхаць гэтыя шахты. Дзякуючы яму мы працавалі над гэтым праектам. Мы разьлічылі, што каштаваць гэта будзе 16 мільёнаў даляраў. І тэрмін акупнасьці складзе 350 гадоў. Можаце сабе ўявіць, што гэта толькі сацыяльны праект. І ніякі не камэрцыйны.

​Калісьці на месцы пасёлку Краснасельскага была вёска Краснае Сяло. Самая галоўная цікавостка гэтага паселішча, як гэта часта бывае, не будынак, а чалавек. Мастак Міхась Вераціла, 75-гадовы хлапчук, вясёлы гаварун, які ведае пра навакольле ўсе легенды, памятае ўсіх калярытных старажылаў. Дык вось, гэты чалавек у сябе на панадворку будуе свой музэй. Робіць шахту часоў каменнага веку. У натуральную велічыню, у два паверхі, выключна сваімі сіламі.

— Вось мая шахта. Асьцярожна.

— Вы хочаце зрабіць?..

— У натуральную велічыню. Шахцёра туды зрабіць. Бо макеты зрабілі ў Гародні, у гістарычным музэі. Дык гэта ж мышыныя норы! Ніякага ўяўленьня не даюць. На першым паверсе будзе крэмень. На другім — гісторыя шахтаў.

— Чаму вы гэта робіце ў сябе?

— Таму што ім ня трэба. А нам трэба.

— І колькі вам яшчэ працаваць над гэтым?

— Гарантуеце мне, што я столькі пражыву, колькі буду працаваць? Усё сваімі рукамі. Толькі зрэдку дапамагала жонка, дзе трэба падтрымаць. А так усе гэты камяні — гэта ўсё на пупе. Адсюль і грыжа, і гемарой.

50 стагодзьдзяў таму назад у гэтых мясьцінах здабывалі крэмень.

— Крэмень — гэта жалеза каменнага веку. З крэмню ўсе прылады адказныя. Тут акрамя таго, што жыло нейкае племя наша, сюды ж яшчэ прыходзілі шаравікі. З поўначы Германіі. Культура шарападобных амфар. А яны людажэры былі. Ім было проста. Ня трэба аленяў ганяць. Людзей, якія трапіліся на дарозе, злавілі і зьелі.

Але самая асалода — гэта слухаць аповеды старога Міхася пра старых краснасельцаў. У ягоных акторскіх расказах людзі літаральна ажываюць.

— Ужо нікога няма ў жывых. Быў такі Марка, той быў Манілавым. Ляжыць і марыць. «Вось каб такую дарогу пабудаваць з габляваных дошак, аж да Ваўкавыску. Каб ня трэсьціся па калдобінах, а раз — і там ужо. На кірмаш. Зіма прыходзіць. Халадзіна. А ён ні дровы ні рыхтаваў, нічога. Мерзьне. А ў яго ў гумне салома была. Ён у салому закопваецца з галавой і ляжыць там. Колькі можа, вытрымлівае, ня еўшы. Прыходзяць Саветы. У гумне дах абрынуўся. І каля зрубу трапіла некалькі каліваў канапель. А сонца няма. І тыя каноплі пачалі цягнуцца і вырасьлі вышэй за тын. Пад тры мэтры. А тут гэтыя камсамольцы. Год савецкай улады тут. І чаго мы дасягнулі? І давай хадзіць па хатах. Мо ў вас гарбуз вялікі ці агурок які? І тут бачаць — у гэтага каноплі. «Дзядзька, аддай каноплі на выставу». «Што вы, — кажа, — за ўлада такая жабрацкая, што канапель у вас няма? Выгадуйце і выстаўляйце». І не аддаў. Нават за грошы. Вось такі быў Марка.

А Журка? Той у бежанстве недзе па Расеі пашвэндаўся. Вярнуўся на бацькаўшчыну пры паляках. Уладкаваўся на завод рабіць. І вось да яго прыходзіць гэты кантынгент. «У вас задолжанасьць. Плаціце». Плаціць трэба. Журка на печ. Дастае торбу, як конская ж...ка. Высыпае кучу грошай. «Бярыце, якія трэба». Упаўнаважаны: «Вы што? Ізьдзяваецеся нада мной? Вы дзеньгі давайце, а ня этат мусар». А там «керанкі» розныя. Журка: «Ого! Як мне, дык давалі як грошы. А як ад мяне, дык „мусар“!» Прыходзіць другі. «Гражданін. Колькі ў вас зямлі?» — «О! Ад Беластоку і да Ўладзівастоку!» Вось такі быў. Няма ўжо іх.

Лішне казаць, што дзяржава нічым не дапамагае пану Міхасю ў стварэньні ягонага музэю. Але, гледзячы на імпэт старога майстра, можна спадзявацца, што неўзабаве мы ўбачым сапраўдную шахту часоў палеаліту.

1

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG