Менск жорстка абмяжоўвае свабоды, але беларускі рэжым далёкі ад таталітарнага. Цяпер, калі Расея ангажавалася ў ваенны канфлікт ва Ўкраіне, а беларускі прэзыдэнт узяў на сябе ролю міратворца, надышоў час Захаду памяняць бачаньне Беларусі.
Так лічыць беларускі аналітык Рыгор Астапеня ў артыкуле, апублікаваным на сайце брытанскай газэты The Guardian.
Фрагмэнты:
Былы дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс начапіла мянушку «апошняя дыктатура Эўропы» на Беларусь у 2005 годзе, і з таго часу яна стала клішэ, якое паўтараюць міжнародныя палітыкі і СМІ. Толькі ў 2012 годзе, напрыклад, выйшлі дзьве кнігі на ангельскай мове пра Беларусь з загалоўкамі, якія ўключаюць выраз «апошняя дыктатура» — адну напісаў навуковец і палітычны экспэрт Эндру Ўілсан, другую — былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Менску Браян Бэнэт.
Палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя свабоды ў Беларусі жорстка абмежаваныя. Выбары не зьяўляюцца свабоднымі і справядлівымі, прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка кіруе краінай ужо 20 гадоў, і ў краіне няма падзелу ўлады на выканаўчую, судовую і заканадаўчую сфэры. Але кантроль за грамадзтвам далёкі ад такой усёахопнасьці, калі б гэта была таталітарная дзяржава.
Рэжым прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў Расеі на працягу доўгага часу меў рэпутацыю больш памяркоўнага, чым рэжым Лукашэнкі, але цяпер яны наблізіліся адзін да аднаго ў значна большай ступені, чым некаторыя могуць падумаць. Уздым расейскага аўтарытарызму і вайна Крамля ва Ўкраіне наводзіць на думку, што калі Беларусь і зьяўляецца дыктатурай, дык яна не адзіная ў Эўропе і не найгоршая.
(...)
Беларусь, як падаецца, ніколі не была адзінай дыктатурай Эўропы. У Азэрбайджане, які знаходзіцца ў Радзе Эўропы, каля 100 палітвязьняў, вельмі цяжкая сытуацыя з правамі чалавека і аўтарытарнае кіраўніцтва. Тым ня менш, няма ніякіх міжнародных санкцый супраць уладаў Азэрбайджану.
Важна адзначыць, што беларускі і азэрбайджанскі аўтарытарызм — гэта, галоўным чынам, праблема беларусаў і азэрбайджанцаў. Расея тым часам адчуваецца як пагроза для ўсяго рэгіёну.
29 жніўня Арганізацыя Аб’яднаных Нацый паведаміла, што як мінімум 2593 чалавекі былі забітыя на ўсходзе Ўкраіны, пачынаючы з красавіка. Сотні грузінаў загінулі падчас расейскага ўварваньня ў 2008 годзе. Расейскія дзяржаўныя СМІ сваёй антызаходняй скіраванасьцю дапамаглі мабілізаваць грамадзкую думку супраць суседзяў, якія выбралі дэмакратыю заходняга ўзору і эўрапейскую інтэграцыю замест іншых альтэрнатываў. Цяжка сабе ўявіць, каб Беларусь пайшла вайной супраць нейкай краіны, у той час як Расея забірае па кавалку тэрыторыю суседніх дзяржаваў.
Малаверагодна, што Беларусь пазбавіцца свайго ярлыка ў бліжэйшы час. Масква, у адрозьненьне ад Менску, мае значна больш рычагоў уплыву на ЭЗ і ЗША ў выглядзе нафты, газу і ядзернай зброі, таму і ня стане ізгоем да такой ступені, як ейны партнэр у Мытным саюзе.
Але дзеяньні Крамля ва Ўкраіне і ўвага, якую ён прыцягвае да аўтарытарных захадаў унутры сваёй краіны, могуць паспрыяць новаму паразуменьню паміж Захадам і Беларусьсю. Відавочны нэўтралітэт Лукашэнкі ў канфлікце ва Ўкраіне і паслабленьне дэмакратыі ў Расеі дапамагае беларускаму рэжыму палепшыць свой імідж і дае магчымасьць для больш актыўнага ўзаемадзеяньня з ЭЗ і ЗША.
Хоць Беларусь застаецца эканамічна залежнай ад Расеі, Лукашэнка зьяўляецца вымушаным васалам Пуціна. Ён больш зацікаўлены ў захаваньні нэўтралітэту Беларусі і рээкспарце заходняй сельскагаспадарчай прадукцыі, чым ва ўдзеле ў канфлікце ці нават у поўнай падтрымцы Крамля.
Цяперашняя сытуацыя павінна стаць трывожным званком для заходніх палітыкаў, якія спадзяваліся, што Расея ўрэшце здолее дэмакратызаваць Беларусь, і лічылі, што Менск можа пакінуць зону ўплыву Масквы. Замест гэтага яны павінны рабіць усё магчымае, каб павялічыць асабістыя кантакты паміж людзьмі, лібэралізаваць візавы рэжым, дапамагчы беларусам умацаваць іх нацыянальную і грамадзянскую ідэнтычнасьць. На добры пачатак трэба было б адмовіцца ад бескарыснага ярлыка-клішэ, лічыць беларускі аналітык Рыгор Астапеня, чый артыкул публікуе брытанская газэта The Guardian.