Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўкраінцы абіраюць мітрапаліта, а беларусам прысылаюць з Расеі


Эпіскапы, якія ўваходзяць ва Ўкраінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату сёньня абяруць мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Украіны. Беларусам нядаўна новага мітрапаліта прыслалі з Разані.

Новы кіраўнік Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату будзе абраны на Саборы ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Абіраюць яго самі ўкраінскія герархі. І гэта зусім ня тое, як з Масквы быў прызначаны ў Беларусь мітрапалітам Менскім і Слуцкім грамадзянін Расеі эпіскап Павал.

Наталка Васілевіч
Наталка Васілевіч

«Для Ўкраіны сытуацыя з прызначэньнем звонку, ня ўлічваючы меркаваньня мясцовых людзей,— практычна неверагоднае разьвіцьцё падзей, — тлумачыць рэлігіязнаўца з Менска Натальля Васілевіч. — Украінцы бачаць сваю суб’ектнасьць у межах праваслаўнай царквы. Былі нават такія жарты, што Ўкраіна такая моцная ў межах РПЦ, што калі яна захоча аўтакефалію, то гэта не Ўкраіна павінная прасіць яе ад Маскоўскага патрыярхату, а Маскоўскі патрыярхат ад Украіны».

«Рэальна па колькасьці вернікаў, па дэмаграфічных паказчыках, па важнасьці ўплыву царквы на рэлігійнае жыцьцё, украінскае праваслаўе адрозьніваецца ад маскоўскага ў больш значны бок», — мяркуе экспэрт.

Выбары мітрапаліта кіеўскага УПЦ адбудуцца ў два туры. Спачатку больш за 70 герархаў выбіраюць трох кандыдатаў, а пасьля з трох — аднаго. Выбары будуць тайнымі.

«Насамрэч будуць абіраць ня толькі наступніка спачылага герарха (Уладзімера — рэд.), будуць абіраць нешта значна большае — шлях у будучыню для ўсёй Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату», — напісаў напярэдадні выбараў у блогу на сайце «Ўкраінская праўда» кіеўскі экспэрт Пятро Несьцярэнка.

Сьмерць мітрапаліта Ўладзімера, што кіраваў Кіеўскім патрыярхатам больш за дваццаць гадоў, які хоць і быў украінцам, але ўсё ж стаўленьнікам Маскоўскай патрыярхіі, прыйшлася на пераломны момант. Ва ўмовах усё большага недаверу да Расеі, пагрозы ўтварэньня Наваросіі, фактаў удзелу сьвятароў з Маскоўскага патрыярхату ў сэпаратысцкіх дзеяньнях і агульнага палітычнага і сацыяльнага крызысу, пазыцыі нацыянальнай праваслаўнай царквы — УПЦ Кіеўскага патрыярхату — узмацняюцца з кожным днём.

Сінод падчас вайны

«Маскоўскі патрыярхат ва Ўкраіне знаходзіцца ў складаных умовах, — пацьвярджае Свабодзе ўкраінскі гісторык і палітоляг Аляксандр Палій. — І пытаньні да ягонай дзейнасьці ўзьнікаюць не ў дзяржаўных структур, дзе ўсё абсалютна лібэральна і захоўваецца поўная свабода веравызнаньня. Пытаньні ўзьнікаюць у грамадзтва. Занадта шмат сьвятароў маскоўскага патрыярхату былі паплечнікамі ў тэрарыстаў. Некаторыя сьвятары былі затрыманыя са зброяй і схроны са зброяй былі ў цэрквах. З тэрыторыі цэркваў абстрэльваліся ўкраінскія войскі, прычым неаднаразова і гэта зафіксавана на відэа».

Праваслаўным вернікам, — кажа Палій, — ужо не даспадобы падлізваньне сьвятароў УПЦ Маскоўскага патрыярхату перад Масквой. Пятро Несьцярэнка ва ўжо згаданым блогу падрабязна апісвае намаганьні Масквы захаваць кантроль над украінскай тэрыторыяй. Паводле аўтара «Ўкраінскай праўды», шчыраваньні патрыярха Кірыла ва Ўкраіне па стаўленьні на месца Ўладзімера свайго кандыдата нагадвалі апэрацыю «Наступнік».

Аднак апошнія падзеі ва Ўкраіне значна пашкодзілі яе рэалізацыі.

«Калі шчыра казаць, то маскоўскі патрыярхат, маючы большасьць цэркваў і будынкаў, ператварыўся ў царкву меншасьці, — сьцьвярджае гісторык. — Сёньня больш за 30 працэнтаў веруючых лічаць сябе прыхаджанамі цэркваў Кіеўскага патрыярхату і каля 20 працэнтаў — Маскоўскага. І гэтыя лічбы былі „да вайны“. Думаю, што зараз яны зьмяніліся яўна ня ў бок Маскоўскага патрыярхату».

Вернікі пераходзяць у Кіеўскі патрыярхат

Па словах Палія, пад кіраўніцтва Кіеўскага патрыярхату вернікі пераходзяць цэлымі грамадамі і парафіямі. Украінскае заканадаўства гэта дазваляе.

«З тых, хто сьвядома выбірае нацыянальную царкву, большасьць робіць гэта з патрыятычных, а не царкоўных меркаваньняў, — мяркуе Натальля Васілевіч. — УПЦ Кіеўскага патрыярхату не прызнаная ўсясьветным праваслаўем. Таму цяжка выбраць сабе прыход, які не знаходзіцца ў супольнасьці з усімі праваслаўнымі вернікамі ў сьвеце. Гэта сьвядомае адарваньне сябе дзеля палітычных і патрыятычных перакананьняў, якія таксама могуць мець і рэлігійнае вымярэньне. Напрыклад, людзі могуць не давяраць РПЦ як сапраўды Хрыстовай царкве, якая не ўяўляе для іх эвангельскай ісьціны. Але патрыятычны складнік ў выбары Кіеўскага патрыярхату перад Маскоўскім вельмі моцны».

Усё гэта, магчыма, прывяло да таго, што Масква магла і страціць спадзеў захаваць пад сваім кантролем украінскія землі, ці прынамсі ня хоча яўна дэманстраваць сваю зацікаўленасьць.

Ці застанецца Расея ў баку?

«Што гэтыя ўкраінскія выбары будуць значыць для Расеі? Ня ведаю, — піша ў сваім блогу дыякан Андрэй Кураеў. — На фоне боесутыкненьняў у Данбасе царкоўныя падзеі і сувязі робяцца малазаўважнымі і малазначнымі. Не выпадкова і маскоўскі патрыярх і кіеўскі сынод па вялікім рахунку маўчаць і ніяк не ўмешваюцца ў разьвіцьцё ўкраінскіх падзеяў».

«Украінскія эпіскапы ў сваім жыцьці і кар’еры нічым не абавязаныя Маскоўскай патрыярхіі і патрыярху Кірылу, — пацьвярджае Кураеў. — Так што гэта будзе іхны выбар і іхная самаацэнка».

«Шчыра кажучы, крытычная маса герархаў завязаная на тым, што яны „не баяцца“ ўкраінскай дзяржавы, бо сапраўды ўкраінская дзяржава не ўмешваецца ў царкоўныя справы, — больш разгорнута тлумачыць сытуацыю Палій. — Яны не адчуваюць аніякага ціску з боку Ўкраіны. А зь іншага боку яны звыкліся да маскоўскіх грошай і да звычайнага стылю існаваньня, які не патрабуе ад іх асаблівых намаганьняў. Шмат хто проста звыкся да такога затуханьня Маскоўскай патрыярхіі, да функцыянаваньня ў повязі з уладай, асабліва былой, зь бізнэсам».

За Ўкраіну ці за Расею?

УПЦ Маскоўскага патрыярхату вельмі разнастайная, — кажа Натальля Васілевіч, апісваючы расклад сілаў:

«Там ёсьць і прарасейская, як хтосьці кажа меншасьць, а хтосьці — большасьць. Яна вельмі палітызаваная.

Ёсьць радыкальная нацыяналістычная пазыцыя, якая больш хоча аўтакефаліі, падазрона ставіцца да Масквы. І ня толькі з прычыны маральна-этычных і хрысьціянскіх перакананьняў (напрыклад, недавер да патрыярха як духоўнага лідэра), але і зыходзячы з патрыятычных перакананьняў кшталту тых, што Ўкраіна мае мець сваю царкву».

«Аднак большасьць эпіскапату і вернікаў — гэта звычайная ўкраінская большасьць, — лічыць Натальля. — Магчыма тая, якая не абавязкова цалкам стаяла на Майдане, але якая падтрымлівае і прызнае цяперашнія вынікі ўкраінскай рэвалюцыі, новых выбараў. Гэта патрыятызм „беларускага разьліву“, свойскі, які не ставіць палітычных мэтаў і радыкальна сябе не вызначае. Яны прызнаюць суб’ектнасьць Украіны і царквы, але не гатовыя да рэзкіх рухаў. Аднак калі паставіць іх перад выбарам, мяркую, большасьць будзе схіляцца да патрыятычнага лягеру».

Чаму беларусы ў РПЦ ня маюць такой самастойнасьці, як украінцы?

Як атрымалася, што ўкраінская праваслаўная царква нават у межах Маскоўскага патрыярхату атрымала такую самастойнасьць, а беларуская — не. Натальля Васілевіч лічыць, што для гэтага ёсьць аб’ектыўныя прычыны:

«Трэба ўлічваць і гістарычныя фактары — тое, як здаўна разьвівалася ўкраінскае і беларускае праваслаўе. Але і самі памеры краінаў і цэрквы зусім розныя па маштабе. Украінская царква нават ў савецкі час адыгрывала вельмі значную ролю. Было шмат прыходаў, некаторыя сьвятары нават у Маскве былі этнічнымі ўкраінцамі. Эпіскапы былі ўкраінцамі. Гэта значыць, што Ўкраіна заўжды моцна ўплывала на ўсю Расейскую праваслаўную царкву».

У цяперашніх умовах, — упэўненая Натальля Васілевіч. — самакіраваньне, незалежнасьць царквы — гэта не абсалютная каштоўнасьць, да якой трэба імкнуцца.

«Я не ўпэўненая, што незалежнасьць можа ў царкоўным сэнсе прынесьці добры плён, — адказвае Натальля на пытаньне, ці ёсьць унутры беларускай царквы запыт на большую самастойнасьць. — Яна можа стаць непадкантрольнасьцю ўладам царкоўным і дазволіць групам нават мафіёзным , якія кіруюцца ўласнымі нават матэрыяльнымі выгодамі, кіраваць царквой бескантрольна. І гэта магчымы варыянт падзеяў.

Таму мне вельмі цяжка вызначаць, ці ёсьць такія імкненьні, — напэўна ёсьць. Але мне цяжка таксама вызначаць, ці яны грунтуюцца на добры падставах. Ці гэта будзе незалежнасьць ад зла, ад дзяржаўных уладаў, палітычных і эканамічных груповак». Што да украінскіх выбараў, то, як мяркуе Натальля, «мы сутыкнёмся з рэчаіснасьцю, а не з аналітычнымі пабудовамі.

Хто сярод фаварытаў?

Найбольш верагодным кандыдатам на пост мітрапаліта Кіеўскага называюць цяперашняга месцаблюсьціцеля катэдры Мітрапаліта Чарнавецкага і Букавінскага Ануфрыя. Украінец паводле нацыянальнасьці, Ануфрый кіруе Чарнавецкай эпархіяй з 1990-га году.

Якая лінія пераможа з абраньнем новага мітрапаліта — прамаскоўская, праўкраінская, ці нешта сярэдняе нэўтральнае — зараз гэтае пытаньне шмат каго цікавіць», — запэўнівае Аляксандр Палій. — Але скрайніх праўкраінскіх і прарасейскіх ня будзе. Будуць абіраць такіх, хто задавальняе ўсіх. І такіх кандыдатураў шмат«.

«Аднак любыя прагнозы тут марныя. Гэта можна параўнаць з выбарамі 1994-га года ў Беларусі, — лічыць Натальля Васілевіч. — Калі здавалася, што пераможа Кебіч, а перамог зусім не Кебіч, а малады кандыдат Лукашэнка. Момант непрадказальнасьці заўжды ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG