У Беларусі другі тыдзень стаіць надзвычайная сьпякота: слупок тэрмомэтра штодня трымаецца на ўзроўні больш за 30 градусаў цяпла. Тым часам гарадзкія ўлады Менску ня робяць дадатковых захадаў бясьпекі для людзей, і менчукі перажываюць сквар сваімі сіламі.
На менскіх вуліцах гэтымі днямі відавочна менш людзей, чым звычайна. Прычынай таму — ня толькі пэрыяд адпачынкаў, але і надзвычайная сьпёка, патлумачылі жыхары мікрараёну Малінаўка:
Карэспандэнтка: «Як вы і вашае дзіця перажываеце сьпёку?»
Юначка з вазком: «Ды мне лягчэй — яму вось цяжка. Бывае, у краму зайсьці нельга, каб вады купіць — то вазок не праходзіць у дзьверы, то чарга вялікая — складана вельмі».
Карэспандэнтка: А на вуліцы?
Юначка: «На вуліцы нашмат лягчэй, але вады тут, як бачыце, нідзе і няма. Таксама хацелася б, каб якія альтанкі былі, каб можна было з вазком заскочыць ад сьпёкі схавацца, ці ад дажджу, да прыкладу».
Спадарыня: «Прыходжу з працы — і хутчэй у ванну, каб нікуды не вылазіць і каб вады больш».
Карэспандэнтка: «А калі ў горадзе?»
Спадарыня: «Кожны ратуецца як можа. Галоўнае, каб была вада — з сабой даводзіцца вазіць. А ў цэнтры — гэта суцэльны жах. Тут хоць яшчэ пад дрэвамі схавацца можна, а ў цэнтры — ня ведаю, як там людзі жывуць».
Спадар: «Кажуць, сьпёку здымае цёплае — вось толькі што выпіў гарбаткі».
Карэспандэнтка: «Гэта ў краме, а калі на вуліцы?»
Спадар: «З сабой трэба вазіць. Сам сабе не дапаможаш — ніхто не дапаможа».
Кіроўца аўтамабіля, які штодня развозіць ваду ў менскія крамы, кажа, што гэтымі днямі загружае ўдвая большы аб’ём напояў і ўсім раіць толькі безалькагольныя:
Карэспандэнтка: «Ці больш замаўляюць вады?»
Кіроўца: «Так, значна больш: мінэралка, сокі, увечары піва. Алькаголь у такую сьпёку нельга піць».
Карэспандэнтка: «Што яшчэ параіце людзям?»
Кіроўца: «Больш піць вады, але не гарэлкі, не».
Калідор падземнага кіёску цалкам запоўнены ўпакоўкамі з рознымі напоямі, але прадавачка кажа, што гэтага складу ня будзе ўжо празь некалькі гадзін, а вады замаўляюць у разы больш, чым звычайна:
Прадавачка: «Утрая».
Карэспандэнтка: «Ці ёсьць магчымасьць яе ахалоджваць, захоўваць?»
Прадавачка: «Нам яе прывозяць халодную, і яна не пасьпявае нават нагрэцца — разьбіраюць».
У менскіх мікрараёнах мала пабачыш вулічных павільёнаў, дзе можна схавацца ды выпіць вады ці зьесьці марозіва. На цэнтральных вуліцах і праспэктах іх гэтулькі ж, як і ў звычайныя дні. Каля крамы «Генэрал-Маркет» на праспэкце Незалежнасьці ў адным з такіх — пуста. Побач — лядоўня з кока-колай на замку. Плястыкавыя пляшкі з вадой у самой краме на паліцах — лядоўні ў асноўным для мясных і малочных вырабаў. Дырэктар крамы наадрэз адмовіўся нешта пракамэнтаваць і нават назвацца самому:
Загадчык: «Я не зьбіраюся вам рабіць ніякай справаздачы, бо не хачу».
Карэспандэнтка: «Чаму, ёсьць сакрэт?»
Загадчык: «Не хачу, і ўсё».
Тым часам у некаторых менскіх крамах гэтымі днямі пітную ваду раздаюць бясплатна. Перадусім гэта крамы з прыватным капіталам. У дзяржаўных уладаў — Менскага гарвыканкаму — як выглядае, няма ніякай адмысловай праграмы дзеяньняў у сытуацыі працяглай сьпёкі. Прынамсі, начальнік управы гарадзкой гаспадаркі Менску Дзьмітры Янчык сказаў, што нічога пра гэта ня ведае:
«Я нічога не скажу, бо ня ведаю. А тыя меры, якія прымаліся — яны ж, кшталту, „спонсарскія“. Можа, хтосьці дзесьці і вывез ваду, але ж гэта асабістая справа гэтай арганізацыі альбо чалавека. Альбо ініцыятыву ДАІ праявіла, ці МНС, да прыкладу. Але ж я не зьбіраю гэтыя зьвесткі і не магу вам нічога сказаць».
Сьпякоту звычайна найбольш цяжка перажываюць малыя і людзі сталага веку, якія часта хварэюць. Але ў сталічным Менску з амаль двухмільённым насельніцтвам на пальцах можна пералічыць усе паркі, сквэры і нават фантаны. Таму клапаціцца пра абарону свайго здароўя, як і шмат якіх сваіх правоў, людзі, як звычайна, мусяць уласнымі сіламі, — гэтак пракамэнтаваў сытуацыю праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:
«Нашы людзі заўсёды застаюцца сам-насам са стыхіяй. А ўлады проста спрабуюць перажыць гэты момант, ня робячы ніякіх захадаў. Гэтак адбываецца цяпер у надзвычайную сьпёку, гэтак было і ў завіруху „Хаўер“, калі людзі ратавалі адзін аднаго, а камунальныя службы не маглі даць аніякай рады. У адрозьненьне ад краін Эўропы, дзе ў такія моманты абсталёўваюць халодныя пакоі, паўсюль прадаюць ці раздаюць ваду, у нас гэтага няма. У Менску ёсьць шырокія і прыгожыя вуліцы і праспэкты, па якіх, пэўна, зручна і прыемна ехаць, але не засталося нават дрэваў, каб схавацца мінакам. Мы ўсе пакутуем ад гэтай сьпёкі, а чыноўнікі схаваліся ў сваіх кабінэтах і ня робяць нават элемэнтарных захадаў, каб гэтыя дні лягчэй было перажыць».