Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар гандлю: Усе кавярні забітыя бітком. А мы кажам, што такія бедныя!


22 ліпеня ўступіў у сілу новы закон «Аб дзяржаўным рэгуляваньні гандлю і грамадзкага харчаваньня ў Рэспубліцы Беларусь». Якім чынам Мінгандаль будзе ажыцьцяўляць гэтае дзяржаўнае рэгуляваньне, наколькі яно адпавядае рынкавым прынцыпам і ці застанецца ў чыноўнікаў магчымасьць уплываць на спажывецкія цэны?

Летась у межах кампаніі скарачэньня чыноўнікаў гучалі прапановы ліквідаваць некаторыя міністэрствы — да прыкладу, Міністэрства гандлю, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. На думку эканаміста Леаніда Заікі, Мінгандаль наагул не патрэбны:

«Па вялікім рахунку, Міністэрства гандлю трэба закрываць. І ў прэзыдэнта было рашэньне закрыць міністэрства, але яны адбіліся. Калі гандаль канкурэнтны, ня трэба ніякага міністэрства».

Летась Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «скасаваньне Міністэрства гандлю, дзе працуе ня так ужо і шмат людзей, надвор’я ня зробіць», дадаўшы, што сёньня ў сфэры гандлю «поўны разброд і хістаньні». І прапанаваў надзяліць міністэрства новымі функцыямі, галоўнае ж — «гэта кантроль і арганізацыя гандлёвых сыстэм — прыватных, дзяржаўных, спажывецкай каапэрацыі».

І вось міністар гандлю Валянцін Чаканаў прадставіў новы закон «Аб дзяржаўным рэгуляваньні гандлю і грамадзкага харчаваньня ў Рэспубліцы Беларусь», які ўступіў у дзеяньне з 22 ліпеня:

«Асноўнымі навацыямі гэтага закону зьяўляецца, па-першае, тое, што ўсе крамы, якія маюць плошчу больш за 400 квадратных мэтраў, павінны быць зацьверджаныя схемай мясцовага выканкаму. Наступны момант — эканамічнае стымуляваньне крамаў „крокавай даступнасьці“. Таксама — каб на рынках, якія адкрываюцца, ня менш за 50% месцаў было для тых, хто сам гандлюе прадукцыяй уласнай вытворчасьці, тым, што вырошчвае на гародзе, у садзе. Каб чалавек сам мог прадаць, а не ішоў перапродаж».

Міністар пералічыў яшчэ дзясятак пунктаў, што новага будзе ў законе. Што ж да функцыі кантролю, апавёў, што з 24 ліпеня ягонае ведамства пачне праводзіць комплексныя праверкі рынкаў, гандлёвых цэнтраў. Запэўніў, што ня будзе ніякага патураньня індывідуальным прадпрымальнікам, ніякіх адтэрміновак.

Чацьвёрты год запар Беларусь застаецца ў лідэрах сярод постсавецкіх краінаў па росьце спажывецкіх цэнаў. Беларускія цэны на мяса чамусьці ў 3 разы вышэйшыя, чым у суседніх Літве і Польшчы. На пытаньне Радыё Свабода, ці прыслухоўваюцца да Міністэрства гандлю іншыя ведамствы — Мінэканомікі, Мінсельхасхарч — калі павышаюць кошты, міністар Валянцін Чаканаў запэўніў, што прыслухоўваюцца:

«Апошні выпадак — калі Міністэрства эканомікі вельмі сур’ёзную заўвагу зрабіла чатыром, а ўчора і пятаму прадпрыемству па вытворчасьці птушкі, і загадалі вярнуць цэны назад — на травеньскі ўзровень. І я перакананы, што яны гэта зробяць, таму што парушаюць антыманапольнае заканадаўства. Тое самае было сказана тым людзям, якія істотна павысілі цэны пасьля таго, як Мінэканомікі адмяніла гранічныя адпускныя цэны на мяса. Некаторыя гэтым скарысталіся. Але некаторыя вярнуліся да тых цэнаў, якія былі да траўня».

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Эканаміст Леанід Заіка параіў не пагражаць вытворцам, а загрузіць 3–4 саставы польскім мясам, якое польскія фэрмэры прадаюць па 1 даляру, і сюды завезьці. І гэта павінна было б зрабіць Міністэрства эканомікі, каб зьбіць манапалістычныя цэны. Бо цэны ў Беларусі, у мала адкрытай эканоміцы, павінны вызначацца зьнешнімі рынкамі, кажа эканаміст, дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«То бок у любой мала адкрытай эканоміцы цана павінна адпавядаць рэгіянальнай цане альбо ўсясьветнай. Калі рынак закрываецца высокім мытам (у прыватнасьці, на мяса ён закрыты, закрыты на многія прадукты харчаваньня практычна) — то цана складваецца манапольна, то бок — як калгасы і саўгасы зробяць».

Што да абсалютна неадэкватных часам коштаў у кавярнях і рэстарацыях, калі дранікі могуць каштаваць па 120–150 тысяч за порцыю, міністар гандлю Валянцін Чаканаў пагадзіўся, што часам бывае сорамна. Але выказаў такое меркаваньне:

«Я ня буду перад вамі апраўдвацца, але ў пятніцу, суботу, нядзелю, а ўчора вяртаўся ўвечары — усе кафэшкі ўздоўж праспэкту забітыя бітком. І мы кажам, што такія бедныя, дрэнна жывем! Я перакананы, што патэнцыял грамадзтва, заработная плата, якая сёньня дасягнула вельмі добрага ўзроўню, якраз і сьведчыць пра тое, што таваразварот — 110% (а мы разьлічвалі на 103,5%). Хіба гэта ня доказ таго, што калі плацім — нам выстаўляюць цану. Калі нам выстаўляюць цану — значыць, мы яе вытрымліваем».

Эканаміст Леанід Заіка на такую заяву міністра адказаў, што на тысячу жыхароў у Менску значна менш кавярняў, рэстаранаў, чым у Маскве, Лёндане, Парыжы:

«Нязначная колькасьць суб’ектаў спараджае перавышэньне попыту над прапановай. Па-другое: у Менску прыкладна 1 мільён 800 тысяч жыхароў. Калі міністар прайшоўся па праспэкце, максымальная колькасьць пасадачных месцаў будзе 2 тысячы. Няхай палічыць, якая гэта доля працэнта. Па-трэцяе, у Беларусі зарплата ў 2,2 разы ніжэйшая, чым у Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG