У Бразыліі ў горадзе Рыа-дэ-Жанейра на стадыёне «Маракана» сёньня адбудзецца фінал 20-га чэмпіянату сьвету па футболе. У вырашальным матчы сустрэнуцца каманды зь Нямеччыны і Аргентыны.
Зборная Нідэрляндаў у матчы за трэцяе месца напярэдадні абыграла гаспадароў турніру бразыльцаў 3:0. Лік у матчы адкрыў капітан галяндцаў Робін ван Пэрсі, забіўшы гол з пэнальці на трэцяй хвіліне матчу. Ужо на 17-й хвіліне другі гол у браму бразыльцаў забіў абаронца галяндцаў Дэлі Блінд. У дададзены да другога тайму час зборная аранжавых правяла яшчэ адну дзейсную атаку. Зборная Нідэрляндаў упершыню ў сваёй гісторыі заваявала бронзавыя мэдалі чэмпіянату сьвету па футболе.
Бразылія за апошнія два матчы на сусьветным першынстве прапусьціла 10 мячоў, сем — ад зборнай Германіі ў паўфінале мундыялю, і тры — у супрацьстаяньні з камандай з Нідэрляндаў. Усяго ў браму бразыльцаў на цяперашнім чэмпіянаце сьвету было забіта 13 галоў. Гэта найгоршы вынік зборнай з 1938 году. Тады каманда прапусьціла 11 мячоў. Нягледзячы на няўдалы выступ, галоўны трэнэр зборнай Бразыліі па футболе Луіс Фэліпэ Скаляры не плянуе сыходзіць з каманды. Чакаецца, што футбольная фэдэрацыя краіны прыме рашэньне аб далейшым лёсе бразыльскага настаўніка ў зборнай на працягу бліжэйшага тыдня.
Скаляры ўзначаліў зборную Бразыліі ў 2012 годзе. У чэрвені 2013 бразыльцы пад яго кіраўніцтвам сталі пераможцамі Кубку Канфэдэрацыі, абыграўшы ў фінале каманду Гішпаніі зь лікам 3:0.