Расея і зараз не прызнае свайго ўдзелу ў забурэньнях на ўсходзе Ўкраіны, расейскія грамадзяне, якія ў іх удзельнічаюць, гэта, паводле Масквы, дабраахвотнікі, а складаная зброя і бронетэхніка, якая дзіўным чынам маецца ў ваяўнікоў – ну гэта кшталту ва ўкраінскага войска адбітае. Паводле заяваў Пуціна гэты дазвол не выкарыстоўваўся нават у Крыме, «ветлівыя людзі», паводле яго, баявых дзеяньняў там не вялі. А калі так, то што азначае гэты жэст?
Сёе-тое, здаецца, усё ж азначае. Да апошняга часу над Украінай увесь час навісала пагроза прамога расейскага вайсковага ўварваньня: зьяўленьне не дзясятка танкаў, а танкавых дывізіяў, зьнішчэньне з паветра ўкраінскай авіяцыі і бронетэхнікі, ня сотні дывэрсантаў, а дзясяткі тысячаў рэгулярнага войска. У пэўным сэнсе гэтая пагроза была мацнейшай за выкананьне, яна абмяжоўвала Кіеў у выбары сродкаў і маштабу баявых дзеяньняў супраць сэпаратыстаў.
Цяпер гэтая пагроза калі ня зьнікла, то зьменшылася. Расея – зусім ня ўзор праўнай дзяржавы, але юрыдычныя фармальнасьці там часам і выконваюцца. Дазвол Савету Фэдэрацыі быў карт-блянш на пачатак паўнамаштабнай кампаніі ў любы момант. Пасьля скасаваньня дазволу распачаць клясычнае ўварваньне ў любы момант будзе складаней хаця б псыхалягічна.
Выглядае, што галоўным матывам гэтага паўкроку назад стала пэрспэктыва санкцый трэцяй ступені, пагроза ўвядзеньня якіх адносна Расеі стала даволі рэальнай. Гэтае пытаньне будзе разглядацца на саміце Эўразьвязу на гэтым тыдні. Не зрабі Расея ніякага жэсту, працягвай яна рабіць ва Ўкраіне тое, што яна робіць – ЭЗ мог бы і яшчэ можа ўхваліць новыя санкцыі. А яны прынцыпова адрозныя ад папярэдніх. Ранейшыя, цяперашнія тычацца візавых забаронаў і блякаваньня актываў асобаў, набліжаных да Крамля. Санкцыі трэцяй ступені – гэта санкцыі супраць цэлых сэктараў расейскай эканомікі. Яна можа іх і вытрымае, але магчыма Пуціну ня надта хочацца экспэрымэнтаваць.
Да таго ж скасаваньне дазволу на выкарыстаньне войска, фармальна кажучы, не абмяжоўвае разнастайныя формы дапамогі ваяўнікам, што, уласна, Расея і рабіла да апошняга часу. Так што расейскі лідэр мог плянаваць сваім жэстам за невялікую плату прадухіліць увядзеньне новых санкцый.
Але ёсьць падставы меркаваць, што рашэньне мае больш шырокі характар і на яго маглі ўплываць і дадатковыя чыньнікі. Прэзыдэнт Парашэнка прыпыніў баявыя дзеяньні ўкраінскага войска. Парашэнка зрабіў крок, рызыкоўны ў ваенным сэнсе (за час замірэньня ваяўнікі могуць перагрупавацца, атрымаць новае ўзбраеньне і людзей, умацаваць свае пазыцыі), але моцны ў палітычным: я спыняю агонь, я хачу міру, вайны хоча іншы бок і тыя, хто за ім стаць. Дакажыце адваротнае.
Да таго ж у панядзелак адбылася яшчэ адна вельмі важная падзея: за адным сталом апынуліся прадстаўнікі Кіеву, хай і нефармальныя, у асобе экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы, і прадстаўнікі данецкіх і луганскіх ваяўнікоў. І гэта таксама вялікая рызыка прэзыдэнта Парашэнкі – ён сам казаў, што ня будзе весьці перамоваў з сэпаратыстамі, да ідэі такіх перамоваў кепска ставіцца прынамсі значная частка ягоных выбаршчыкаў. МЗС Украіны ня хоча называць гэтую сустрэчу перамовамі. Але размова людзей – гэта ў прынцыпе і ёсьць перамовы. І гледзячы па ўсім, гэтая сустрэча дала набор станоўчых вынікаў: адзін з прадстаўнікоў ваяўнікоў Барадай заявіў, што спыненьне агню да 27 чэрвеня будуць вытрымліваць і яны, была пэўная дамоўленасьць наконт вызваленьня закладнікаў.
Аднак гэтая сустрэча – гэта і яшчэ адзін чыньнік «мірнага наступу»: дзеля міру мы размаўляем нават з тымі, каго лічым тэрарыстамі, і чаго ўвесь час дамагалася Масква. А што гатовы зрабіць дзеля міру іншы бок?
Ціск Захаду плюс «мірны наступ» Кіеву – фактары, якія прымусілі Пуціна здаць назад. Неабавязкова далёка, але назад. Дарэчы, ваяўнікі ўжо выказалі незадавальненьне гэтым рашэньнем. Яны інтэрпрэтавалі яго ня толькі як тое, што расейская армія ня прыйдзе ім на дапамогу, але і тое, што спыніцца паток зброі, аснашчэньня і іншай дапамогі.
Пуцін сваім рашэньнем таксама ідзе на пэўную рызыку, прынамсі, у межах яго сьветапогляду. Малаімаверна, што да 27 чэрвеня ваяўнікі выканаюць патрабаваньне пляну Парашэнкі і акуратна складуць зброю. Аднак пасьля 27 чэрвеня Парашэнка, пазбавіўшыся ад пагрозы маштабнага ўварваньня, можа ўсёй вайсковай сілай, не абмяжоўваючы сябе ў спосабах вядзеньня баявых дзеяньняў, абрынуцца на мяцежныя рэгіёны, ніякія дывэрсанты, ніякія мэтады «гібрыднай вайны» не дапамогуць. І Пуціну пасьля ініцыяванага ім рашэньня Савету Фэдэрацыі застанецца толькі назіраць за гэтым.
Не, калі лічыць, што Пуцін узмахам рукі можа імгненна спыніць забурэньні ў Данбасе, то ніякай рызыкі, зразумела, няма. Але калі можа, то навошта робіць паўкроку, фактычна падстаўляючы мяцежны рэгіён суседняй краіны пад удар украінскай арміі?
Магчыма, тут мае месца гутарка на мове палітычных жэстаў. Парашэнка зрабіў крок назад, Пуцін зрабіў у адказ, спадзеючыся, што другі бок гэтым не скарыстаецца, вярнуўшыся на зыходную пазыцыю на лепшых умовах. Як Пуціну пасьля таго, як Савет Фэдэрацыі скасуе дазвол, будзе псыхалягічна нязручна імгненна адыграць назад, гэтак і Парашэнку пасьля гэтага рашэньня будзе псыхалягічна нязручна скарыстацца ім напоўніцу і зраўняць ачагі супраціву зь зямлёй.
Зробленыя невялічкія крокі назад ад бездані вайны. Сытуацыя можа ізноў абрынуцца ў яе. Але цяперашняе замірэньне, ініцыятыва Парашэнкі і рашэньне Пуціна даюць невялічкую надзею, што данбаскі вузел будзе разьвязаны безь вялікай крыві.