1. Ешце рэгулярна
Ешце рэгулярна і не рабіце вялікіх перапынкаў паміж прыёмамі ежы. Перакусвайце кожныя 2-3 гадзіны.
2. Сачыце за памерам порцый
Ня ешце занадта вялікія порцыі і не зьядайце за раз зашмат прадуктаў з высокім утрыманьнем тлушчу.
3. Сачыце за колькасьцю выпітай вадкасьці
Абязводжваньне можа прывесьці да страты канцэнтрацыі. Выпівайце як мінімум шклянку вадкасьці (вады, гарбаты) кожныя 2 гадзіны. Калі такой звычкі няма, усталюйце напамін, напрыклад, на сваім тэлефоне.
4. Не дапускайце скокаў цукру ў крыві
Узровень глюкозы ў крыві наўпрост зьвязаны са спажываньнем вугляводаў. Так званыя «хуткія вугляводы» спрыяюць таму, што глюкоза хутка вылучаецца ў кроў, у выніку чаго чалавек атрымлівае прыліў энэргіі. Аднак праз кароткі час узровень глюкозы ў крыві драматычна падае, што прыводзіць літаральна да заняпаду агульнага ўзроўню энэргіі. «Павольныя» вугляводы, адпаведна, павольна выпускаюць глюкозу ў кроў і, такім чынам, узровень застаецца стабільным. «Хуткія» (= «дрэнныя») вугляводы знаходзяцца ў салодкіх прысмаках, апрацаваных харчовых прадуктах, ліманадзе, сталовым цукры, прадуктах зь белай мукі (хлеб, макароны, печыва, тарты). Разумна пазьбягаць гэтых прадуктаў. Калі вам надта хочацца печыва, дык лепш зьесьці яго пасьля комплекснага прыёму ежы, у гэтым выпадку вызваленьне цукру ў кроў будзе запаволеным. «Павольныя» (= «добрыя») вугляводы знаходзяцца ў прадуктах з высокім утрыманьнем харчовага валакна: суцэльным збожжы, бабах, сачавіцы, гароху, гародніне, садавіне, арэхах, семках, пшанічным вотруб’і.
5. Дазвольце сабе кубак кавы
Навукова даказана, што кава часова паляпшае кагнітыўныя здольнасьці, канцэнтрацыю і памяць. Аднак, чым часьцей і больш мы п'ем кавы, тым менш прыкметны яе эфэкт. Старайцеся не перавышаць ліміт 4 кубкі кавы на дзень. Калі ў вас падвышаная адчувальнасьць да кавы, калі вы дрэнна сьпіце пасьля яе, то ня піце каву пасьля абеду. Дарэчы, нядаўна навукоўцы ўсталявалі цікавы факт: найлепшы станоўчы эфэкт кавы дасягаецца, калі выпіваць яе паміж 10 і 11 гадзінамі раніцы.
6. Дазвольце сабе кавалачак шакаляду
Цёмны шакаляд добрай якасьці спрыяе павышэньню канцэнтрацыі ў дзяцей і дарослых. Гэта ня тычыцца малочнага шакаляду, які ўтрымлівае адносна малую колькасьць поліфэнолаў, якім прыпісваюцца гэтыя вышэй апісаныя якасьці.
7. Экзатычная парада: гуарана
Гуарана – гэта павойная расьліна, якая расьце ў раёне Амазонкі ў Бразыліі. Сваю вядомасьць гуарана набыла дзякуючы сваім пладам, якія па памеры і функцыі нагадваюць кававае зерне. Гуарана паскарае абмен рэчываў і спрыяе павышэньню энэргіі. У ходзе навуковых экспэрымэнтаў было ўстаноўлена, што прыём гуараны спрыяе больш эфэктыўнаму рашэньню задач, якія патрабуюць канцэнтрацыі і ўвагі. Акрамя таго, пры прыёме гуараны назіраецца паляпшэньне памяці. Гуарана ўтрымлівае вялікую колькасьць кафэіну і можа адыграць ролю «натуральнага наркотыка», гэта значыць выклікаць прыліў працяглых эўфарычных адчуваньняў. Я не рэкамэндую перавышаць дазіроўку 1 ч. л. у дзень.