Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Волкава зь «Белнафтахіму» забралі 2 кватэры, гараж, грошы і 8 гадоў волі


Уладзімер Волкаў
Уладзімер Волкаў

У Маскоўскім судзе Менску абвясьцілі прысуд былому намесьніку старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімеру Волкаву, якога судзілі за атрыманьне хабару.

Суд пад старшынствам Натальлі Кузьняцовай прызнаў былога намесьніка старшыні «Белнафтахіму» Ўладзімера Волкава вінаватым у атрыманьні хабару агульным памерам 18 тысяч даляраў і асудзіў на 8 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Уладзімеру Волкаву забаронена на 5 гадоў займаць кіроўныя пасады, а таксама ў яго канфіскавалі маёмасьць. Судзьдзя ў прысудзе агучыла яе сьпіс:

«Гараж па адрасе Лабанка, 93, памяшканьне 33, кватэра па адрасе Менск, вуліца Томская, 65, кватэра па адрасе Менск, вуліца Шаранговіча, 63, якія належаць Волкаву, — абярнуць у даход дзяржавы ў кошт кампэнсацыі маёмасьці».

Таксама ў Волкава канфіскавалі грошай амаль на 100 тысяч даляраў ЗША, швайцарскі гадзіньнік ды іншыя рэчы.

Уладзімер Волкаў выслухаў прысуд моўчкі, а потым на пытаньне судзьдзі адказаў, што прысуд разумее. Віны ў хабарніцтве ён не прызнаваў. Ці будзе падаваць скаргу на прысуд? На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды Волкаў толькі адмахнуўся. Сваякі асуджанага таксама адмовіліся камэнтаваць прысуд і ўвогуле размаўляць з прэсай.
Былога чыноўніка «Белнафтахіма» асудзілі на 8 гадоў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:43 0:00

Пракурор Анатоль Кабяк у канцы працэсу прасіў суд пакараць Уладзімера Волкава менавіта 8 гадамі зьняволеньня і выказаў задавальненьне, што суд зь ім пагадзіўся. Паводле пракурора, у судзе былі цалкам даказаныя 8 эпізодаў хабарніцтва агульным памерам больш як 18 тысяч даляраў. Некаторыя сьведкі на працэсе, у прыватнасьці зь «Белнафтахіму», аднак, абверглі высновы сьледзтва, якое даводзіла, што Ўладзімер Волкаў сам стварыў умовы для атрыманьня хабару і скарыстаўся гэтым на сваю карысьць. Пракурор Анатоль Кабяк мяркуе, што маюць рацыю сьледчыя, а ня сьведкі:

«Насамрэч рыхтавалася глеба для перадачы Шэлегам грашовых сродкаў Волкаву. Бо вырашэньне просьбы аб дазволе на перапрацоўку мазуту ў бітум доўгі час адкладалася. Калі было напісана хадайніцтва ад імя кампаніі „Тэра“, яно не разглядалася. Таксама з аўдыёзапісу вынікае, што Волкаў нематывавана вярнуў гэтае хадайніцтва, якое яму падрыхтавалі і перадалі на подпіс. Усё гэта сьведчыла пра тое, што сапраўды ствараліся ўмовы для перадачы грашовых сродкаў абвінавачанаму».

Намесьнік старшыні «Белнафтахіму» Ўладзімер Волкаў быў арыштаваны ў кастрычніку 2013 году. Пэўны час, калі ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары, пра ход расьсьледаваньня ягонай справы амаль не было афіцыйнай інфармацыі. У сакавіку 2014 году Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, што Волкава затрымалі за хабар пры разьмеркаваньні кантрактаў, а ўсьлед за ім, нібыта, быў арыштаваны «цэлы шлейф яго паплечнікаў» з прыватных структураў. Дагэтуль пра суды над гэтымі паплечнікамі нічога не вядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG