Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей у колерах Расеі


Падчас учорашняга матчу паміж нацыянальнымі зборнымі Расеі і ЗША ўсталяваны рэкорд наведвальнасьці менскага чэмпіяната — пад дахам «Менск Арэны» налічылі больш за 14 тысяч чалавек.

Высокая яўка адзначаецца і на іншых гульнях, хоць максымальнай запаўняльнасьці арэнаў пакуль не было. Абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі арганізаваць спаборніцтвы так, каб не было ніводнага пустога месца, ня спраўджваюцца найперш з-за сыстэмы прымусовага распаўсюду квіткоў: несьвядомыя працаўнікі не выяўляюць імпэту да «спорту № 1» нават задарма.

Заўзятары на інтэрнэт-форумах абураюцца: падчас гульняў каманды Беларусі на трыбунах зеўраюць пляміны, не запоўненыя гледачамі. І гэта пры тым, што ў афіцыйнага распаўсюдніка квіткоў, міжнароднай кампаніі Ticketpro, квітковы ліміт на гульні беларусаў, а таксама такіх грандаў усясьветнага хакею, як ЗША, Чэхія, Канада, Швэцыя, Расея, даўно вычарпаны. Насамрэч выявілася, што багата квіткоў разьмяркоўвалі па працоўных калектывах, дзе ў людзей, відавочна, крыху іншыя прыярытэты, чым хакей. Раз-пораз запрашальнікі з пазнакай «бясплатна» зьяўляюцца за 200–300 тысяч рублёў у аб’явах аб продажы, але бальшыня ўладальнікаў кантрамарак ніякіх спробаў камэрцыі ня робіць і лічыць за лепшае пасядзець дома.

У офісе Ticketpro заявілі, што калі квіток набыты легальна, то ніхто ня можа перашкаджаць яго перапродажу. Але што да таго, якім чынам кваліфікаваць зарабляньне грошай на квітках для бясплатнага распаўсюду, то прававую ацэнку мусяць даваць кампэтэнтныя органы:

«На дадзеным этапе прададзена больш за 70% квіткоў, і яны ўвесь час раскупляюцца, што сьведчыць пра дастаткова высокую цікавасьць да чэмпіянату. Абсалютныя лідэры, як і прагназавалася, — заўзятары з Расейскай Фэдэрацыі, іх ужо блізу 20 тысяч. Далей — Латвія, а таксама Польшча і Нямеччына, якія таксама бяруць актыўны ўдзел у набыцьці білетаў. Ёсьць у гэтым пераліку і экзатычныя куткі — прыкладам, нават некаторыя краіны Афрыкі».

З тых, хто запаўняе «Чыжоўку» ды «Менск Арэну», бальшыню складаюць расейцы. З адной такой групай, чый адрас — Гусь-Хрустальны — быў напісаны на трыкалёры, давялося пару прыпынкаў праехаць у мэтро. Разгарачаныя беларускім піва-гарэлачным кактэйлем, маладыя людзі шумна абмяркоўвалі, як «шпокнут американцев» і вернуць на гістарычную радзіму Аляску: «Крым ужо наш, цяпер чарга за іншымі!», — гагаталі «гусі». Пацікавіўшыся, ці ў правільным кірунку яны едуць, і атрымаўшы ад мясцовай пэнсіянэркі нават «блаславеньне» на перамогу, расчуленыя госьці пачалі прапаноўваць прыціхлым беларусам забраць Аляску сабе, бо ў расейцаў зямлі і так хапае.

Пацікавіўшыся, ці ў правільным кірунку яны едуць, і атрымаўшы ад мясцовай пэнсіянэркі нават «блаславеньне» на перамогу, расчуленыя госьці пачалі прапаноўваць прыціхлым беларусам забраць Аляску сабе, бо ў расейцаў зямлі і так хапае
Хоць значных эксцэсаў з удзелам расейскіх заўзятараў пакуль не зафіксавана, але паводзяць яны сябе ў Менску часам занадта разьняволена. Як кажа адзін з актывістаў беларускага заўзятарскага руху Канстанцін Цітоў, — мабыць, лічаць, што Беларусь апрыёры належыць ім гэтак жа, як і Крым:

«Вядома, цяпер на тле падзеяў ва Ўкраіне людзі вельмі моцна падзяліліся, палітызаваліся. І калі раней была незадаволенасьць перадусім у тых, хто не хацеў залішняй апекі „вялікага брата“, то цяпер насьцярожаныя адносіны да Расеі, да расейскай улады абвастрыліся і ў іншых. Нарэшце задумаліся пра лёс краіны, пра будучыню Беларусі. Яна нібыта і незалежная, але, як паказвае практыка, варта толькі завесьці гаворку пра скіраванасьць у бок эўраінтэграцыі, то адразу ж тут зьявяцца, умоўна кажучы, „зялёныя чалавечкі“ ды іншыя атрыбуты „міратворства“. Зь іншага боку, бачыў я нейкае апытаньне, згодна зь якім частка насельніцтва і ў Менску, і ў рэгіёнах лічыць, што належыць да Расеі. То бок цалкам яшчэ няма пачуцьця нацыянальнай самаідэнтычнасьці, разуменьня ўласнай сувэрэннасьці. Зрэшты, дакладна гэтак жа лічаць і расейцы, таму так сябе тут і паводзяць».

Кіраўніцтва расейскай зборнай накіравала тэлеграму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, які патэлефанаваў у разьдзявальню каманды пасьля перамогі над амэрыканцамі. Ліст зьмешчаны на сайце Фэдэрацыі хакею Расеі і мае той жа ўхіл, што і ў заўзятараў:
«Хакейная зборная адчувае ўвагу і клопат з боку лідэра краіны. Радуе, што ў гэты няпросты ў глябальнай палітыцы момант мы змаглі парадаваць Вас і расейскі народ. Ведаем, што ў адным з матчаў Вы закінулі 6 шайбаў — столькі снарадаў наша каманда адправіла і ў амэрыканскія вароты. Зборная зробіць усё магчымае, каб і ў далейшым цешыць 140-мільённую краіну — ад шараговага заўзятара да прэзыдэнта».

Як паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце, больш за 17 тысяч заўзятараў скарысталіся бязьвізавым уездам у Беларусь, абвешчаным на пэрыяд ад 25 красавіка да 31 траўня. Гэта ня лічачы расейцаў і казахаў — як жыхароў Мытнага саюзу іх статыстыка не ахоплівае. Найбольш прыехала гасьцей з Латвіі — 7 тысяч. Каля 5 тысяч склалі палякі, у сярэднім па 1,5 тысячы літоўцаў і славакаў, па 1 тысячы — чэхаў, немцаў, фінаў.

Здарыўся і першы трагічны інцыдэнт. У ноч на 13 траўня ў Ратамцы раптоўна памёр 53-гадовы аматар хакею з Латвіі — старшыня думы Рыебіньскага краю Ілмарс Мелушкалнс. Паводле сьледзтва, дэпутат памёр з-за хваробы сэрца ў нумары гатэля, дзе разам зь іншымі заўзятарамі пасяліўся на час чэмпіянату.
XS
SM
MD
LG