Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарколяг Пікірэня: Зьменіцца рэжым — беларусы стануць меней піць


Уладзімер Пікірэня
Уладзімер Пікірэня
«Алькаголь на паліцах у крамах расстаўлены так, што яго немагчыма абмінуць. Гарэлка каштуе ў два разы таньней за каўбасу, а па тэлебачаньні спрэс расейскія фільмы, у якіх любы стрэс здымаецца алькаголем», — Уладзімер Пікірэня, урач-псыхіятар, нарколяг, тлумачыць, чаму беларусы апынуліся на першым месцы па спажываньні алькаголю ў сьвеце.

Пра гэта сьведчыць штогадовы даклад Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя на тэму алькаголю і здароўя.

Узровень спажываньня чыстага сьпірту на аднаго жыхара Беларусі, старэйшага за 15 гадоў, складае 17,5 літра. Мужчыны выпіваюць у год 27,5 літра чыстага сьпірту, жанчыны — 9,1 літра.

Гэтая навіна непрыемна ўражвае і нават палохае. Ня тое каб мы спадзяваліся на іншае, але не хацелася б быць рэкардсмэнамі ў такім рэйтынгу. Ці ёсьць спадзеў, што гэта памылка?

Гэтыя дадзеныя прыкладна адлюстроўваюць тую сытуацыю, якая існуе на самой справе. Ня ўпэўнены наконт месца — першае-другое, але гэтыя лічбы набліжаныя да рэальнасьці, а можа, і большыя. Гэта заканамерна, калі глядзець на тое, што ёсьць.

Мы з калегамі дыскутавалі, чаму Расея толькі на 4-м месцы. Але прыйшлі да высновы, што ў Расеі вялікая колькасьць мусульманаў, якія не ўжываюць алькаголь, таму сярэдняя лічба выходзіць меншая.

Ці структура спажываньня алькагольных напояў уплывае на тое, што Беларусь апынулася на першым месцы? Напрыклад, у параўнаньні зь іншымі краінамі беларусы п’юць толькі 5 працэнтаў віна, 47 працэнтаў — моцных напояў, а вось на таямнічае «іншае» прыпадае яшчэ 31 працэнт.

Канечне, уплывае. Даўно вядома, што чым мацнейшы алькаголь, тым больш шкодна ён уплывае на здароўе. Напрыклад, у больш разьвітых краінах слабаалькагольныя і больш якасныя напоі знаходзяцца ў значна лягчэйшым доступе ў параўнаньні з моцнымі алькагольнымі напоямі. Гэта палітыка зьніжэньня шкоды і абароны насельніцтва ад злоўжываньня моцнымі напоямі.

Якія самыя папулярныя ў Беларусі напоі і якія самыя небясьпечныя?

Найбольш папулярныя — моцныя напоі. Тая ж гарэлка. А сярод тых, у каго ўжо сфармавалася залежнасьць, — гэта танныя віны, пладова-ягадныя, як кажуць. У тых 30 адсотках «іншага» таксама, мне здаецца, вялікі працэнт самагону, які традыцыйна вырабляюць у Беларусі.

Ці вядома, ад якога алькагольнага напою хутчэй усталёўваецца залежнасьць?

Назваць канкрэтную марку, вядома, не змагу. Але чым большы градус — тым большая верагоднасьць залежнасьці.

Плюс на верагоднасьць разьвіцьця залежнасьці уплывае наяўнасьць газаў. Калі ўзяць напоі з аднолькавым утрыманьнем сьпірту, то больш аддыктыўным (такім, які выклікае залежнасьць) будзе прадукт з газамі, чым прадукт бяз газу — напрыклад, джын-тонік, піва і так далей.

А вось гэтыя славутыя пладова-ягадныя віны — ці гэта вынаходка толькі постсавецкай прасторы? Ці могуць дактары паўплываць на тое, каб іх вытворчасьць забаранілі?

Так, сапраўды, яны існуюць толькі на прасторах СНД. Дактары ў нашай краіне ня маюць уплыву на дзяржаўную палітыку. Аніякага! Якой бы думкі яны ні былі, ёсьць фінансавае лобі ў вышэйшых шэрагах улады, якому выгадна гэта прадаваць.

А ўлада, мы бачым, глядзіць не на доўгатэрміновую пэрспэктыву, а на кароткатэрміновую. Што будзе далей з нацыяй, зь людзьмі, — гэта для яе ня мае істотнага значэньня.

Як рана пачынаюць у Беларусі ўжываць алькаголь?

Прыкладна ў 13 гадоў першы раз падлеткі каштуюць алькаголь. Ён лёгка дасягальны, і залежнасьць фармуецца ў раньнім узросьце. Ну, і традыцыі таксама. Калі дзеці глядзяць тэлевізар, асабліва фільмы расейскай вытворчасьці, дзе любы стрэс здымаецца алькаголем. У сям’і таксама ёсьць культ алькаголю — аніякае сьвята не абыходзіцца бяз чаркі. Гэта ўсё стварае глебу для фармаваньня залежнасьці ў чалавека.

Ну вось у францускіх ці італьянскіх фільмах людзі п’юць віно проста ў абед. Відаць жа, ёсьць нейкая сацыяльная культура, якая дазваляе чалавеку піць бясьпечна, ня піць зашмат. Ці маглі б мы сфармаваць такую культуру? Ці, можа, дактары лічаць, што ня трэба піць увогуле?

Не, канечне. У Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ёсьць паняцьце — бясьпечная доза алькаголю. Культура ўжываньня алькаголю — важная рэч, і я ня думаю, што яе нельга зьмяніць. Калі паглядзець на 100–200 гадоў назад, то ў Беларусі алькагольнай культуры не было. А культура ўжываньня моцных напояў сфармавалася адносна нядаўна, можа, у 50-я гады мінулага стагодзьдзя. Таму пры жаданьні сфармаваць такую культуру можна.

Чаму беларусы п’юць?

Думаю, ёсьць і эканамічныя, і псыхалягічныя прычыны. Дакладна вядома, што на колькасьць спажываньня алькаголю ўплываюць такія фактары, як ягоны кошт адносна іншых прадуктаў у пакупніцкім кошыку. А таксама канцэнтрацыя пунктаў продажу на душу насельніцтва, на тысячу чалавек.

Беларусь па гэтай канцэнтрацыі — на адным зь першых месцаў у сьвеце. У нас даступнасьць алькаголю такая, што можна выйсьці з хаты і купіць яго літаральна праз сто мэтраў. Ён заўсёды ёсьць на крамных паліцах і групуецца так, каб чалавек міма ня мог прайсьці.

Калі параўнаць зь іншымі краінамі, то алькаголь у Беларусі прадаюць у позьні час. Акрамя таго, у нас пачынаюць прадаваць алькаголь з 18 гадоў, а не з 21.

Што да кошту, то стандартны кошт гарэлкі — 60–80 тысяч, а кіляграм добрай каўбасы каштуе 120 тысяч. Выходзіць, што гарэлка ў два разы таньнейшая, чым каўбаса! Гэта моцны фактар.

А калі браць псыхалягічныя прычыны, то мне здаецца, што таксама працуе тое, што ўлада, а за ёй і само грамадзтва пазбаўляюць чалавека магчымасьці праяўляць сябе, выказваць сваю думку, прымушаюць шукаць выйсьця ў нечым іншым. А алькаголь — якраз лёгкі і даступны спосаб.

Што трэба зрабіць, каб беларусы саступілі першынства ва ўжываньні алькаголю іншым?

Рэзка скараціць колькасьць продажу моцнага алькаголю

Падняць цэны на моцныя алькагольныя напоі ў некалькі разоў

Вывесьці з абароту пладова-ягадныя віны

Зьмена рэжыму таксама магла б быць выйсьцем. Цяпер людзі адчуваюць сябе вінцікамі сыстэмы, і гэта кепска на чалавеку адбіваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG