Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка ўступае ў пэрыяд рэцэсіі


Упершыню за шмат гадоў у Беларусі назіраецца падзеньне валавога ўнутранага прадукту. У чым прычыны гэтай зьявы? Як можна кампэнсаваць дэфіцыт валюты? За кошт чаго адбудзецца падвышэньне заробкаў бюджэтнікаў?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

У чым прычыны падзеньня валавога ўнутранага прадукту?


Валер Карбалевіч: «Здаецца, упершыню з пачатку 1990-х гадоў у Беларусі пачаў скарачацца валавы ўнутраны прадукт (ВУП). За студзень-люты ён паменшыўся ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году на 1,6%. А аб’ём прамысловай прадукцыі за гэты пэрыяд упаў на 5,5%.

Гэта азначае, што эканоміка ўступае ў пэрыяд рэцэсіі, то бок, сапраўды сытуацыя такая дрэнная, якой не было з пачатку 1990-х гадоў? На карысьць гэтай вэрсіі працуе і той факт, што зноў сталі імкліва нарастаць складзкія запасы: калі на 1 студзеня іх суадносіны да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці складалі 70%, то на 1 сакавіка — 84%. Прычым, бачачы, што ніякія меры не дапамагаюць, урад быў вымушаны пайсьці на адчайны крок — дазволіць стратным прадпрыемствам прадаваць тавары ніжэй за сабекошт. Правіла дзейнічае ўжо месяц. Але актыўнага распродажу не адбылося. Як гэта можна пракамэнтаваць? Можа, уся справа ў тым, што цяпер урад перастаў выцягваць любым коштам валавыя паказчыкі?»
Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
Барыс Жаліба: «Дасюль у беларускай эканоміцы быў пэрыяд стагнацыі. А сёньня наступіў пэрыяд рэцэсіі, таму што адбываецца падзеньне ВУП. Дасюль асноўным драйвэрам росту быў экспарт, але цяпер ён скарачаецца. Параўноўваць з пачаткам 1990-х гадоў не зусім правільна, бо тады развальвалася ўсё.

Пэўны нэгатыўны ўплыў на беларускую эканоміку робіць расейска-ўкраінскі канфлікт. Расейскі рынак, куды ідзе асноўная прадукцыя зь Беларусі, звужаецца. Вялікія выдаткі РФ на Крым яшчэ больш абвостраць гэтую праблему.

Урад Беларусі плянуе павялічыць экспарт у Расею на 6% за кошт таго, што там зьявіліся свабодныя нішы, бо ўкраінкі экспарт у РФ скараціўся. Але рэалізацыя гэтых плянаў пад вялікім пытаньнем. І я ня бачу пэрспэктываў паляпшэньня сытуацыі цягам наступных месяцаў».
Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык: «Падзеньне ВУП пачалося яшчэ ў чацьвёртым квартале мінулага году. Так што яно цягнецца ўжо два кварталы запар. Прычынаў такой сытуацыі некалькі.

Па-першае, эканоміка Расеі таксама ўвайшла ў рэцэсію. Па-другое, беларускі рубель пераацэнены адносна валют асноўных гандлёвых партнэраў: найперш, адносна расейскай і ўкраінскай валют. Апошнія гады інфляцыя ў Беларусі нашмат вышэйшая за тэмпы абясцэньваньня беларускага рубля. Таму атрымліваецца, што наш экспарт мае праблемы. У рамках Мытнага саюзу паўстаюць новыя перашкоды для нашага экспарту.

У гэтых умовах адзінай крыніцай росту ВУП мог бы стаць унутраны попыт. Але ўлады ня могуць падтрымліваць унутраны попыт, бо гэта можа выліцца ў чарговы валютны крызіс з усімі ягонымі адмоўнымі наступствамі. Таму ўлады вымушаныя стрымліваць гэты ўнутраны попыт за кошт стрымліваньня росту заробкаў, крэдытаваньня і інш. Адсюль і падзеньне ВУП».

Як можна кампэнсаваць дэфіцыт валюты?


Карбалевіч: «Што адбываецца на валютным рынку? Вось у студзені — лютым гэтага году валютная выручка Беларусі зьнізілася на 8% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам. Бо зьменшыўся экспарт. Даволі хутка аслабляецца абменны курс беларускага рубля. Патроху скарачаюцца золатавалютныя рэзэрвы. А новых крэдытаў пакуль няма. Чаго можна чакаць у гэтым пляне?»

Жаліба: «Скажу адразу: нічога добрага. Наш рубель працягвае дэвальвавацца, але павольна. Адносна расейскага рубля наш рубель нават рэвальваваўся, бо ў Расеі адбылася дэвальвацыя.

Чаму скарацілася валютная выручка? У Беларусі два асноўныя экспартныя тавары — гэта калій і нафтапрадукты. З экспартам калію сытуацыя трохі выпраўляецца, аднак наступствы „калійнай вайны“ мінулага году паміж Беларусьсю і „Ўралкаліем“ працягваюць адмоўна ўплываць на продаж гэтых угнаеньняў на ўсясьветным рынку. Сярэдні кошт на тону калію на 100 даляраў ніжэйшы, чым да пачатку „калійнай вайны“.
Нацбанк павінен быў бы паскорыць аслабленьне беларускага рубля, правесьці дэвальвацыю, але Нацбанк баіцца, што гэта выкліча паніку

А вось з нафтапрадуктамі сытуацыя лепей. Расея пастаўляе нафты столькі, колькі Беларусь запрасіла. „Прасеў“ украінскі рынак за кошт таго, што скараціўся экспарт туды беларускай машынабудаўнічай вытворчасьці. Таму што ва Ўкраіны няма грошай. Толькі нафтапрадукты купляе па-ранейшаму, бо бэнзын патрэбны і падчас вайны, і падчас крызісу.

Хачу нагадаць, што адбылася дэвальвацыя ня толькі расейскага рубля, але і ўкраінскай грыўны, і казахстанскага тэнге. А гэта ж нашы галоўныя партнэры. І гэта адна з прычынаў падзеньня нашага экспарту.

У такой сытуацыі наш Нацбанк павінен быў бы паскорыць аслабленьне беларускага рубля, правесьці дэвальвацыю. Але Нацбанк баіцца, што гэта выкліча паніку сярод беларускіх грамадзянаў, якія маюць банкаўскія ўклады. Яны могуць пачаць здымаць свае грошы. Гэта можа прывесьці да абвалу».

Чубрык: «Пра праблемы з нашым экспартам мы ўжо казалі. Другая праблема: высокі попыт на імпарт. Гэта і спажывецкі попыт, і попыт прадпрыемстваў, і попыт на інвэстыцыйныя тавары. Вось попыт на ўсе гэтыя тавары, акрамя энэргетычных, мінулым годам падвышаўся. То бок патэнцыялу для росту экспарту няма, а патэнцыял для росту імпарту вялікі. Імпарт трэба больш скарачаць, каб урэгуляваць валютныя праблемы.

Сытуацыю на валютным рынку трохі падтрымліваюць зьмены настрояў насельніцтва. Пасьля Новага году людзі больш прадаюць валюты, чым купляюць, растуць рублёвыя дэпазыты. Насельніцтва, навучанае горкім досьведам 2009 году, штогод чакае зноў дэвальвацыі ў першыя дні новага году. Яе не адбылося — і народ супакоіўся. Цяпер у людзей зьявіўся новы „маячок“. Яны лічаць, што да Чэмпіянату сьвету па хакеі дэвальвацыі ня будзе.
Цяпер у людзей зьявіўся новы „маячок“. Яны лічаць, што да Чэмпіянату сьвету па хакеі дэвальвацыі ня будзе

А зь іншага боку, павысіліся шмат якія спажывецкія цэны. А значыць на валютны рынак ідзе менш грошай, у тым ліку менш купляецца імпартных тавараў. Вось, напрыклад, упаў попыт на аўтамабілі. Але ўсяго гэтага недастаткова, каб вырашыць праблемы, якія існуюць на валютным рынку.

Улады павінны праводзіць жорсткую грашовую палітыку. А зь іншага боку, ня трэба штучна падтрымліваць адносна высокі абменны курс рубля, а давер насельніцтва да рубля будаваць на нейкай іншай аснове. Напрыклад, жорстка выконваць мэтавыя паказчыкі па інфляцыі. Бо людзі ж зарабляюць грошы ў рублях, а не ў далярах. Няправільна, калі паказчыкі заробкаў ці кошты на жытло вымяраюцца ў далярах».

За кошт чаго адбудзецца падвышэньне заробкаў бюджэтнікаў?


Карбалевіч: «На тле гэтых эканамічных цяжкасьцяў урад прымае рашэньне падвысіць заробкі бюджэтнікаў. Тарыфная стаўка першага разраду павялічыцца двойчы: зь 1 красавіка і зь 1 траўня. Дзе ж браць грошы, калі валавыя паказчыкі падаюць?»

Жаліба: «Калі няма росту ВУП, дык асноўная крыніца росту заробкаў адсутнічае. Дзяржаўны бюджэт у нас збалянсаваны, а бывае, што выконваецца і з прафіцытам. Хіба што з гэтай крыніцы можна браць грошы для росту заробкаў.

Але асноўная крыніца — гэта пераразьмеркаваньне. Можна, напрыклад, павысіць акцызы. Глядзіце, як падвысілі заробкі супрацоўнікам дзіцячых садкоў. Але цяпер бацькі будуць плаціць 100% за харчаваньне дзяцей у садках. У адных забралі, другім далі. Каб падвысіць заробкі работнікам асьветы і аховы здароўя, якіх апусьцілі на дно, магчыма, трэба зьменшыць заробкі ў чыноўнікаў, сілавікоў».

Чубрык: «Калі падвышаецца тарыфная стаўка першага разраду, дык гэта ня значыць, што істотна падвышаюцца заробкі. Заробкі складаюцца з заробкаў і прэміяў. І калі вырастуць заробкі, дык цалкам рэальна, што панізяцца прэміі.

Працягваюцца скарачэньні ў бюджэтным сэктары. За кошт гэтага можа адбыцца рост заробкаў. У цэлым я падтрымліваю рост заробкаў. Бо ўзровень аплаты ў бюджэтным сэктары не дазваляе захоўваць там кваліфікаваныя кадры. А гэта моцна падрывае эканамічны патэнцыял краіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG