Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэй за сельсаветы апазыцыю не пусьцілі


Ніколі раней беларуская апазыцыя не была прадстаўленая так сьціпла ў мясцовых саветах.

Пакуль вядома пра абраньне толькі адзінкавых дэпутатаў на ўзроўні сельсаветаў. Тым ня менш лідэры апазыцыі заяўляюць, што іхнія партыі падчас гэтай выбарчай кампаніі дасягнулі сваіх мэтаў.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што і ён, і іншыя партыйныя кандыдаты напоўніцу выкарысталі электаральную кампанію дзеля заплянаваных мэтаў — збору подпісаў у падтрымку пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму» і пікетаваньняў супраць расейскіх ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі:
Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Агулам кандыдаты ад Партыі БНФ правялі некалькі дзясяткаў пікетаў — як на этапе збору подпісаў, так і падчас агітацыі. Гэта былі пікеты супраць расейскіх вайсковых базаў, а таксама пікеты салідарнасьці з Украінай. Мы таксама выкарысталі гэтую кампанію, каб пераконваць людзей, якія цяпер замбаваныя расейскімі тэлеканаламі, у тым, што перамены патрэбныя ў любым выпадку. І разам з нашымі партнэрамі па кампаніі «Народнага рэфэрэндуму» мы сабралі больш за 50 тысяч подпісаў у падтрымку пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму».

Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі ня мае зьвестак, каб нехта з прадстаўнікоў партыі стаў дэпутатам мясцовых саветаў, хоць яна і вылучала 67 кандыдатаў. Пра гэта сказаў Свабодзе намесьнік старшыні АГП Леў Марголін:
Леў Марголін
Леў Марголін
«Чым гэтыя выбары нам запомняцца? Брутальным падыходам уладаў да ўсіх дзеяньняў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. І адначасова тым, што мы ўсё ж здолелі дайсьці да людзей. І тым, што былі сустрэчы з выбарцамі, якія не маглі б адбыцца, калі б не было гэтай кампаніі. І тым, што бальшыня нашых сьпікераў змагла выступіць праз радыё перад выбарцамі».

Леў Марголін кажа, што ў гэтай выбарчай кампаніі АГП арыентавалася на вылучэньне сваіх кандыдатаў у саветы буйнейшага роўню — абласныя і гарадзкія, і фактычна ігнаравала саветы сельскія і пасялковыя:

«Для нас тут пытаньня ніякага няма. Бо адзін, як кажуць, у полі ня воін. Тым больш, у складзе сельсавету.

Для нас, безумоўна, больш важная сама кампанія. І тыя магчымасьці, якія яна нам дае. А што да сельскіх саветаў, то рашаюць яны значна меней, чым раённыя саветы, ня кажучы ўжо пра абласныя. Бо там жа нават сельсавет ня мае самастойнага бюджэту. Што зьверху выдзяляюць, тое яны і маюць».

Такую тактыку палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць правільнай:
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Калі апазыцыя ставіць на першы плян у цяперашніх умовах працу з насельніцтвам (яна ўпэўненая, што галасы ня лічацца), то натуральна, што трэба браць густанаселеныя акругі. Трэба браць гарады, там, дзе можна максымальна распаўсюджваць свой уплыў».

Пакуль вядома толькі пра пяцёх новаабраных дэпутатаў ад апазыцыі. Гэта тры прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет», па адным — ад руху «За свабоду» і незарэгістраванай партыі БХД. Усе яны сталі дэпутатамі сельсаветаў. Гэта самы сьціплы вынік за ўсю гісторыю мясцовых выбараў у краіне.

Аляксандар Класкоўскі тлумачыць гэта дзьвюма прычынамі:

«Па-першае, кладучы руку на сэрца, ня так ужо і ламанулася апазыцыя на гэтыя выбары. Бо ёсьць такі фатальны настрой — ніхто галасы ня лічыць. І таму навошта траціць порах? Дый пораху гэтага няшмат.

А па-другое, паколькі электаральная арытмэтыка пакуль у руках вэртыкалі, дык яшчэ, магчыма, у сьвятле ўкраінскіх падзеяў была ўстаноўка — яшчэ больш жорстка падысьці да камплектацыі (ужыву гэтае слова) прадстаўнічых органаў улады. Каб туды не пратачылася нават мінімуму прадстаўнікоў „пятай калёны“.

Наш самы вялікі начальнік раз-пораз паўтарае, што нам ніякія Майданы непатрэбныя. І з гледзішча кіраўніцтва, з дробязяў, з маленькіх саступак, з праточваньня апазыцыі спачатку ў нізавыя органы ўлады можа і пачацца расхістваньне сыстэмы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG