Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстанскія беларусы — пра расейскую экспансію


Пратэст каля генконсульства Расеі ў Алматы 3 сакавіка
Пратэст каля генконсульства Расеі ў Алматы 3 сакавіка

Расейская агрэсія супраць Украіны выклікала занепакоенасьць у саюзьнікаў Крамля па Эўразійскім саюзе. Спачатку Казахстан, а затым і Беларусь заявілі пра занепакоенасьць сытуацыяй. А прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў пра сваё жаданьне выступіць пасярэднікам у канфлікце Масквы і Кіева. Як ставяцца да сытуацыі грамадзяне Казахстану, якія маюць беларускія карані?

Па мацярынскай лініі родныя Аляксандры Раманавай — са Случчыны. Па бацькоўскай — з Чавусаў. Іх рэпрэсавалі пры сталінскім рэжыме. З таго часу сям’я асела ў Казахстане.

«Сытуацыя з Украінай вельмі непакоіць жыхароў Казахстану», — кажа Аляксандра Раманава:

«Дзе ні бываеш, усюды размовы пра Ўкраіну. Вельмі ўстрывожаныя людзі абвастрэньнем сытуацыі. У кожнай краіне павінна быць стабільнасьць. Людзі гавораць: а што будзе далей? Што нам трэба рабіць? Як мы можам дапамагчы братняму ўкраінскаму народу? Гэта ж працоўныя людзі, мэтанакіраваныя. І як быць нам, каб падтрымаць такіх людзей?»

Спадарыня Раманава кажа, што валодае казахскай мовай. Таму сочыць і за мэдыямі Казахстану. Але яны вельмі асьцярожна апавядаюць пра канфлікт:

«У нас з экранаў тэлевізара даюць толькі журналісцкія факты зь месца падзеяў. А вось каб у сюжэтах была нейкая агітацыя, то гэтага дакладна няма. Думкі не выказваюцца. Толькі канстатуюцца факты: адбылося тое і тое. А каб нейкія прапановы прагучалі, то я такога ня бачыла.

А людзі, вядома, гавораць. І старэйшыя, і маладзейшыя: вось, Украіна! І вечарам выйдзеш прайсьціся — адно і тое ж: Украіна. І гавораць зь перажываньнямі».

Продкі Леаніда Піталенкі — зь Лёзненскага раёну. Калісьці там у іх была свая зямля. Але лёс закінуў у Казахстан.

Спадар Піталенка кажа: усе, каго ён ведае, вельмі шкадуюць, што склалася такая канфліктная сытуацыя:
У любым выпадку праблемы ў адной краіне, тым больш — у суседзяў, ускосна закранаюць інтарэсы, асабліва маральна-псыхалягічныя, і іншага народу

«У любым выпадку праблемы ў адной краіне, тым больш — у суседзяў, ускосна закранаюць інтарэсы, асабліва маральна-псыхалягічныя, і іншага народу. Натуральна, што і ў Казахстане людзі неабыякава да гэтага ставяцца. Выказваецца адно жаданьне — хутчэй бы гэты канфлікт вырашыўся».

На думку Леаніда Піталенкі, дзяржаўныя СМІ Казахстану захоўваюць нэўтралітэт пры асьвятленьні падзеяў ва Ўкраіне:

«Тое, што я казаў на пачатку размовы, грунтуецца і на інфармацыі, якую я бяру зь мясцовых мэдыяў. А ня толькі на настроях людзей, зь якімі я сустракаюся. У цэлым СМІ Казахстану не мусіруюць гэтае пытаньне. І яны не становяцца на нечы адзін бок».

Аляксандра Раманава кажа: шкада, што раней у Маскве і Кіеве, Брусэлі і Вашынгтоне не прыслухаліся да мірных ініцыятываў прэзыдэнта Казахстану:

«Ён жа ў нас дыплямат, наш Назарбаеў. Ён, калі можна так сказаць, ня пора гарачку. Заўжды прадумана дзейнічае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG