Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славамір Адамовіч: На ўсходзе ў нас — патэнцыйны агрэсар


Славамір Адамовіч
Славамір Адамовіч

Прыватная мастацкая галерэя пад назвай «У Славаміра» адкрылася нядаўна ў Мар’інай Горцы. Якія мастацкія акцыі будуць адбывацца на новай творчай пляцоўцы? Ці патрэбныя Беларусі праварадыкальныя арганізацыі, якія папулярныя сёньня ва Ўкраіне?

Госьцем перадачы — паэт і заснавальнік галерэі Славамір Адамовіч.

— Славамір, зь якой мэтай стваралася твая галерэя? Хіба ты разьлічваеш, што ў няблізкую ад сталіцы Мар’іну Горку паедуць мастакі і паэты?

— Галерэя — гэта толькі адзін з элемэнтаў майго Беларускага Дому, гэта вынік маіх бадзяньняў па сьвеце. Мэта, ідэя, прызначэньне — быць месцам узаемінаў, месцам для сустрэчаў беларускіх творцаў зь любых нагодаў, найперш з творчых. А калі ёсьць месца, трэба яго абжываць. І найлепш абжываць, маючы ў галаве нейкую канкрэтную мэту. Я ня думаю, што да Мар’інай Горкі так далёка, у параўнаньні з эўрапейскімі меркамі. Трэба выносіць нашу згуртаванасьць са сталіцы. Тым болей нашы сёньняшнія ўмовы штурхаюць нас знаходзіць сабе месца, незалежнае ад нагляду і прыгляду цяперашняга рэжыму. Паглядзіце, што адбываецца ў Менску вакол «Арт-Сядзібы». Яе спрабуюць зарэгістраваць, у ёй адбываюцца рознага роду культурніцкія падзеі, але паколькі гэта не сваё памяшканьне, то ўзьнікаюць пастаянныя пературбацыі з уладай, зь дзейным у Беларусі рэжымам. У любым выпадку, мая задача прапанаваць беларускай грамадзе: ёсьць дзе зьбірацца. А як яно будзе — час пакажа. Спадзяюся, што зь цягам часу абжывемся, і тут будуць зьбірацца беларусы, якім ёсьць што прапанаваць, што паказаць.

Галерэя “Ў Славаміра”
Галерэя “Ў Славаміра”


— Ведаю, што ты ўважліва сочыш за падзеямі ва Ўкраіне. Якое тваё стаўленьне да тых расейскіх дзеячоў культуры, якія публічна падтрымалі Пуціна?

— Невясёлае маё стаўленьне. Што ж, гэтых дзеячоў, відаць, задавальняе дзейны ў Расеі рэжым. Яны падтрымалі свайго кіраўніка, і гэта было б іх унутранай справай, калі б яны вырашалі нейкія ўнутраныя пытаньні. Але праблема даўно выйшла на міжнародны ўзровень. Гаворка ідзе пра распадзел суседняй дзяржавы — Украіны. Таму мне вельмі сумна чытаць падобныя звароты. Відаць, у падпісантах сядзіць мікроб імпэрыялізму. Як у нашым беларускім народзе сядзіць мікроб несупраціўленьня, гэтак званай талерантнасьці — абы вайны не было. Мы таксама на гэта наракаем, прынамсі, пэўная частка беларускай інтэлігенцыі. Але мікроб ёсьць, ён аб’ектыўна прысутнічае. Гэты мікроб, гэты вірус разьвіўся настолькі, што дазволіў нам выбраць кіраўніка, які кіруе намі ўжо дваццаць гадоў. Тое ж самае і ў Расеі адбываецца.

— Масква і перад крымскім «рэфэрэндумам», і пасьля працягвае ўспамінаць, калі і пры якіх умовах перадавала Крым Украіне. І мне падумалася, што з гэткім жа імпэтам яна можа прыгадаць, як у 1926 годзе «ўзбуйняла» Беларусь. Ці магчымы такі варыянт разьвіцьця падзеяў?

— Ня толькі магчымы, але і абсалютна запраграмаваны. І нам трэба ясна ўсьведамляць, што на чарзе — Беларусь. І калі з Украінай ня так усё проста ў Масквы атрымліваецца, то нам прыйдзецца стакроць цяжэй. Я нядаўна вярнуўся з Кіева, таму магу разважаць з фактамі на руках і са сьвежымі думкамі і эмоцыямі. Калі практычнае ўварваньне на землі суседа пачалося — яно будзе працягнута. І цяпер ужо нам трэба думаць, што мы будзем рабіць заўтра, як нам рыхтавацца да горшага. Наколькі я магу меркаваць па сацыяльных сетках, у нас ня ўсё так проста. І ў вырашальны час яшчэ невядома, хто на які бок стане. А што значыць — стаць на той ці іншы бок? Гэта падтрымліваць тую ці іншую пазыцыю, тую ці іншую палітыку. Літаратар будзе падтрымліваць словам, іншы творчы чалавек — нейкімі мастацкімі акцыямі. Паўтараю, нам трэба будзе вызначацца. Таму ўжо сёньня мы мусім аб’ядноўвацца, прыходзіць да нейкай адзінай думкі. Беларусь, сувэрэнітэт
Сёньня трэба гуртавацца і ўспамінаць, як ператоргваецца затвор на зброі
Беларусі — паняткі неадменныя, яны не падлягаюць дыскусіі, ня могуць быць разьменнай манетай. Маўляў, калі нам больш газу дадуць, то мы падумаем... Ня хочацца выглядаць ні героем, ні прарокам, але хачу нагадаць тым, хто падзяляў са мной радыкальныя ідэі дваццаць гадоў таму. Прайшоў час, і аказалася, што мы мелі рацыю. Я, у прыватнасьці, рабіў спробы аб’яднаць людзей з «Правага рэваншу» зь людзьмі зь «Белага легіёну», «Краю», «Зубра» — былі ў Беларусі такія патрыятычныя аб’яднаньні. Але мая дзейнасьць не была належным чынам падтрымана. Нашым людзям не знайшлося месца ў палітычных структурах, у партыях, і на сёньня мы ня маем ніводнай парамілітарнай арганізацыі, якая ў выпадку падзеяў, падобных на ўкраінскія, магла б нас падтрымаць фізычна. Вось праблема. Я ня ведаю, хто мяне пачуе, але сёньня актуальным зьяўляецца аднаўленьне, стварэньне і навучаньне баявых адзінак. Добраахвотнікі для іх былі, думаю, ня ўсе яны зьехалі па-за межы Беларусі. Сёньня трэба гуртавацца і ўспамінаць, як ператоргваецца затвор на зброі.

— Вернемся, аднак да Ўкраіны. У яе супрацьстаяньні з Расеяй хто ёй можа дапамагчы? Эўразьвяз, NATO, ЗША?

— Калі мае месца ня толькі вонкавая агрэсія, але і грамадзянскае супрацьстаяньне, звонку ніхто не дапаможа. Я не прыхільнік тэорыяў змовы. Дапамагчы сам сабе зможа толькі народ Украіны. Пераможа той, у каго больш сілы. Як я ў адным зь вершаў пішу: «савецкі хахол альбо ўкраінец Шаўчэнкі». Пакуль што я больш-менш спакойны за Украіну і ўкраінцаў. Тое, што я бачыў у Кіеве, надае надзеі, што пераможа Ўкраіна Шаўчэнкі.

— Расея тэрмінова прымае законы аб абароне расейскамоўных у замежжы. У нашай моўнай сытуацыі гэта павялічвае небясьпеку?

— Адназначна павялічвае. Што да Беларусі, то ў нас, выяўляецца, увогуле няма шанцаў пры такой пастаноўцы пытаньня. Вельмі хітрай пастаноўцы. Нам трэба ясна ўсьведамляць, што гэта палітычны ход імпэрскай Расеі — зручней працаваць з расейскамоўным электаратам Украіны і Беларусі. Але, з другога боку, я ведаю, што і расейскамоўныя далёка ня дружнымі шыхтамі ідуць пад гэтыя заклікі і пад гэтую абарону. Тут ня ўсё так адназначна.

— Як нейкі зьдзек і цынізм успрымаецца той факт, што ў Маскве нядаўна быў адкрыты помнік Шаўчэнку. Гадоў зь дзесяць таму тамсама быў усталяваны і помнік Купалу. Давай паспрабуем уявіць, што сказаў бы новапрыбылы ў Маскву Тарас Рыгоравіч Яну Дамінікавічу, які там ужо нібыта абжыўся?

— Гэта для нас адкрыцьцё помніка — зьдзек і цынізм, а для крамлёўскіх палітыкаў гэта проста «фигура речи», пры дапамозе якой яны гуляюць з народам. З тым жа расейскамоўным людам Украіны, са сваім электаратам, якому яны праз сродкі масавай інфармацыі, праз прапаганду спачатку прамыюць мазгі, а потым расказваюць, што мы тут помнік паставілі, мы браты.
Думаю, нам з Расеяй на бліжэйшыя 100 гадоў трэба ўсталёўваць мяжу з кантрольна-сьледавой паласой
Сьпяваецца бясконцая песьня пра братэрства ў той час, калі на тэрыторыю суседняй дзяржавы ўводзяцца войскі. Я не магу ўявіць Шаўчэнку, які ў сёньняшняй сытуацыі прыяжджае ў Маскву... Думаю, і Купала там не зьявіўся б, каб пабачыў сучасную Беларусь, дзе ўжо зьнішчана практычна ўсё беларускае, што можна зьнішчыць. Таму ня там яны сустрэнуцца. Яны хутчэй сустрэнуцца ў незалежнай Украіне, у свабодным Кіеве.

— Расея сёньня плюе на міжнародныя пагадненьні, на брацтва і добрасуседзтва. Пры якіх умовах Беларусь зможа суіснаваць поруч з такой Расеяй?

— Думаю, нам з Расеяй на бліжэйшыя 100 гадоў трэба ўсталёўваць мяжу з кантрольна-сьледавой паласой. Мы мусім памятаць: на ўсходзе ў нас патэнцыйны агрэсар. А сёньня нам усімі сіламі душы трэба жадаць перамогі Ўкраіне. Пераможа Ўкраіна ў гэтым супрацьстаяньні — будзе зусім іншая сытуацыя з намі, і размаўляць з намі тая ж імпэрская Расея будзе па-іншаму.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG