Беларуская мова і бізнэс — ці сумяшчальныя яны ў Беларусі? Чым кіруюцца бізнэсоўцы, калі выкарыстоўваюць беларускую мову дзеля прасоўваньня на рынку сваіх тавараў і паслугаў? Чаму нацыянальная мова беларусаў не становіцца ў дзяржаве дамінантнай мовай бізнэсу? На гэтыя пытаньні адказваюць магілёўскія бізнэсоўцы, якія ў сваіх брэндах і гандлёвых знаках наважыліся скарыстаць беларушчыну.
Камэрцыйны праект Cukerki.by ужо згадваўся ў адным зь сюжэтаў на Радыё Свабода. Тады паведамлялася, што бізнэсоўцы дапамаглі Таварыству беларускай мовы адзначыць міжнародны Дзень роднай мовы. Яны ахвяравалі ТБМ-аўцам некалькі дзясяткаў кіляграмаў цукерак, якімі актывісты заахвочвалі магілёўцаў напісаць у адмысловым сшытку сваё ўлюбёнае беларускае слова.
Камэрцыйная арганізацыя, кажа адзін зь яе заснавальнікаў Сяргей Дымкоў, спэцыялізуецца на фармаваньні сьвяточных пакункаў з цукеркамі. Гэтае беларускае слова, адзначае бізнэсовец, і стала брэндам праекту. «Слова „цукеркі“ такое дзіцячае з усьмешкай — салодкае. Усе беларусы яго разумеюць. Яго рэдка ўжываюць, і таму мне падалося, што яно будзе клясна прасоўваць гэты прадукт», — тлумачыць Сяргей Дымкоў. Партнэры пагадзіліся з прапановаю: «Яно добра пішацца лацінкай і добра выглядае ў назьве сайту — Cukerki.by. Мы такім чынам далі яму новае брэндавае жыцьцё. Галоўнае: гэта слова дазваляе хутка прэзэнтаваць сябе», — зазначае бізнэсовец.
Беларускае слова ў брэндзе, тым ня менш, пакуль ня стала зарукай прыбытковасьці бізнэсу. На жаль, зазначае бізнэсовец, яно не «прадае» лепей. Людзей больш вабяць цэны і выбар прадукту. Паводле суразмоўніка, спажыўцы і прадпрымальнікі застаюцца ў палоне стэрэатыпаў і боязі. У бальшыні зь іх, кажа ён, «беларуская мова мае абсалютна не бізнэсовы ўжытак. Альбо культурніцкая сфэра — груба кажучы, вы настаўнік ці выкладчык. Альбо палітычная — бээнэфавец. Вось цягнецца такі стэрэатып», — тлумачыць Сяргей Дымкоў і прызнаецца: «Я не ўяўляю, як можна весьці, напрыклад, бізнэс-перапіску па-беларуску, бо мае ўсе заказчыкі расейскамоўныя. Дзеля прыбытку ды эканамічных фактараў я вымушаны зь імі гаварыць па-расейску, каб іх ня страціць».
Сам Сяргей Дымкоў удзельнічаў у ТБМ-аўскай акцыі валянтэрам. Бізнэсовец зазначае, што хоць эканамічнага эфэкту яна і не прынесла, але ён сваім удзелам застаўся задаволены:
«Мяне зьдзівіла колькасьць пазытыўнай рэакцыі. Многія людзі задумваліся. Яны хацелі знайсьці сваё шчырае беларускае слова, і яны прызнаваліся, што ня памятаюць беларускіх слоў. Я думаю, што тыя, хто трапіўся нам падчас акцыі, — працягвае валянтэр-бізнэсовец, — адчулі нястачу нечага роднага, што нешта сваё, якое яны лічылі каштоўнасьцю, яны неяк згубілі».
У той ТБМ-аўскай акцыі сярод мноства напісаных магілёўцамі беларускіх слоў найчасьцей сустракалася «каханьне».
Акцыянэрнае таварыства «Дыён-Тэлесэрвіз» зрабіла слова «Каханьне» брэндавым для аднаго з сваіх камэрцыйных праектаў. Рэклямныя стэнды інтэрнэт-парталу Kaxanne.by са слоганам «Спатканне, каханне, вяселле» вылучаюцца сярод мноства іншых у Магілёве менавіта беларускаю моваю.
Дырэктарка таварыства Людміла Астапава кажа: падбіраючы словы для праекту, супрацоўнікі рэклямнага агенцтва кіраваліся, сярод іншага, і маркетынгавым разьлікам. Беларуская мова, зазначае яна, вылучае іх з агульнай масы падобных праектаў і арганізацыяў, якія аказваюць паслугі маладажонам. Але, заяўляе суразмоўніца, клопат пра лёс мовы быў усё ж вызначальны:
«Мы стараемся беларускую мову захаваць у нашым горадзе. „Каханьне“, „Вясельле“, „Спатканьне“ — гэтыя словы дужа прыгожыя. І наагул беларуская мова дужа прыгожая сама па сабе. Проста нас не навучылі ў школе, у дзіцячым садку любіць гэтую мову. Лічылася, што калі ты гаворыш па-беларуску, то ты „калхозьнік“. Таму, на жаль, беларуская мова апынулася ў такім вось „загоне“. Мы хочам паказаць, што беларуская мова й беларускія традыцыі — сучасныя», — кажа Людміла Астапава.
Паводле суразмоўніцы, кліентаў беларускамоўе не палохае. Нэгатыву, кажа спадарыня Людміла, яно не выклікае. Дык чаму беларуская мова не становіцца мовай беларускага бізнэсу і што трэба, каб яна стала такой?
«У нас лічыцца: калі ты гаворыш па-беларуску, то ты апазыцыянэр, — адразу рэагуе на пытаньне спадарыня Людміла. Але тут жа, схамянуўшыся, адзначае: «Часы мяняюцца. Мы застанёмся беларусамі! Дужа хочацца, каб нацыя захавалася. Яна дужа прагрэсіўная й добрая. Мы ж ведаем, наколькі наш народ багаты і наколькі наша мова багатая. Наша задача — зрабіць мову моднай: не апазыцыйнай, а моднай. І тады яе будуць выкарыстоўваць паўсюль», — лічыць Людміла Астапава.
Магілёўскі прадпрымальнік Сяргей Бяляй пачынаў з продажу кветак. Адкрыў невялікую краму. Калі справы пайшлі ўгару, свой кветкавы бізнэс перадаў дачцэ. Цяпер яна ім займаецца. Сяргей жа мае іншы бізнэс — рамантуе лічыльнікі. Ува ўсіх сваіх пачынаньнях ён не цураецца беларускай мовы.
Квяткоўня, каля якой гутару зь ім, аформленая па-беларуску. Бізнэсовец зазначае, што яму сорамна за беларусаў, якія забываюць сваю родную мову. Таму, кажа, сваім беларускамоўем ён наважыўся нагадваць людзям, на якой мове гаварылі іхныя продкі.
Разьвіваць бізнэс і выкарыстоўваць пры гэтым беларускую мову надта цяжка, прызнаецца прадпрымальнік: «Многія не разумеюць і перасьцерагаюцца: «А што гэта вы такое напісалі?» Нехта падазрона паглядае і думае сабе: «Мо гэта нейкая апазыцыя», — дзеліцца назіраньнямі суразмоўца. Прызнаецца, што яму за гэта сорамна. Але ёсьць і іншыя, кажа: «Той, хто разумее, дык тыя дзякуюць ды вітаюць: «Во малайцы!»
З прыкрасьцю ён прызнае, што беларуская мова не дае прыбытку: «Каб заахвоціць пакупніка — зьніжаем цану. Вось гэтым і бяром».
Сяргей Бяляй упэўнены, што толькі мова можа згуртаваць беларусаў. Ён зазначае, што бальшыня тых, хто наважваецца зь ім спрачацца, прызнаюць гэта:
«Многія кажуць, што спачатку каб патрошку, каб не адразу ўва ўсім уводзілі, — пераказвае довады знаёмцаў бізнэсовец.
Сам жа ён упэўнены: «Я веру, што яшчэ ўбачу, як Беларусь пачне размаўляць па-беларуску. Я аптыміст».
Прадпрымальнік Валер Вярбіцкі свой бізнэс па рамонце абутку пачаў пятнаццаць гадоў таму. Шыльда на беларускай мове запрашае кліентаў у ягоную майстэрню. Наведнікаў нямала.
«У нас у беларусаў чамусьці, калі чалавек гаворыць на роднай мове ці намагаецца выкарыстоўваць яе — ён асаблівы нейкі. У Беларусі шыльды на беларускай мове — гэта нармальна. Кліенты вітаюць гэта. Адметнасьць ёсьць у гэтым», — прызнаецца суразмоўца.
Асаблівасьць беларускай сытуацыі ў тым, — працягвае ён, — што калі чалавек наважыцца гаварыць па-беларуску — гэта пакуль застаецца ўчынкам. А для бізнэсоўца пагатоў.
Валер Вярбіцкі зазначае, што даросламу чалавеку складана пачаць гаварыць па-беларуску. Хочацца адразу прамаўляць прыгожа, але ж не атрымліваецца гэта з ходу, таму многія і не наважваюцца працягваць. «Усё ж пачынаць варта зь дзіцячых садкоў, са школ, — адзначае ён. — Гэтак было на пачатку дзевяностых. Вось тады парасткі беларускамоўнага асяродзьдзя ўзыдуць. Сем’і таксама павінны адыгрываць сваю ролю, але ж дзяржаўны падмурак павінен быць», —— лічыць магілёўскі прадпрымальнік Валер Вярбіцкі.