Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Домрачава — Герой Беларусі, іншыя трыюмфатары — ардэнаносцы


Сёньня ў Палацы незалежнасьці, ён жа рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, уганаравалі прызэраў зімовай Алімпіяды-2014.

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава атрымала званьне Героя Беларусі, яе сяброўка па біятлённай камандзе Надзея Скардзіна, фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір узнагароджаныя ордэнамі Айчыны ІІІ ступені.

Адкрываючы імпрэзу, прэзыдэнт краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка заявіў, што трыюмфатары прынесьлі Беларусі ўсясьветную вядомасьць:

«Гэта былі незабыўныя хвіліны патрыятычнага ўздыму і адзінства нацыі».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь доўгія гады ішла да цяперашняга посьпеху, зрабіўшы стаўку на спорт як на адзін з прыярытэтаў сацыяльнага разьвіцьця, важнейшую крыніцу фізычнага і маральнага здароўя нацыі.

Кульмінацыяй стала ўручэньне Домрачавай зоркі Героя Беларусі:

«Заваяваўшы тры залатыя мэдалі на адной Алімпіядзе, ты, Даша, стала легендай усясьветнага спорту. І твой спартовы і грамадзянскі подзьвіг адзначаны найвышэйшым званьнем Героя Беларусі. А іх у нас зусім няшмат», — канстатаваў Лукашэнка.

Варта ўзгадаць, што кіраўнік краіны не прапусьціў нагоды «прымазацца» да дасягненьняў Домрачавай, расказаўшы, што ўласнаручна расклаў схему, як страляць і бегчы па дыстанцыі. На хвалі эўфарыі ад «сумеснай перамогі» нават загадаў паслаць па пераможцаў борт № 1, каб тыя з камфортам вярнуліся на радзіму. Аднак учора ў аэрапорце прызямліўся не абяцаны «Боінг», а стары Ту-154М, які пасьля абнаўленьня прэзыдэнцкага авіяпарку перадалі на балянс Савету міністраў.

Цяпер паўстае пытаньне своечасовых выплат прызэрам Алімпійскіх гульняў. Яшчэ перад адлётам у Сочы абяцалі істотнае матэрыяльнае стымуляваньне: 150 тысяч даляраў — за першае месца, 75 тысяч — за другое, 50 тысяч — за трэцяе. Зыходзячы з ранейшага досьведу, даводзіцца нямала пабегаць па кабінэтах, каб выцягнуць заслужаны ганарар. Адна толькі Домрачава настраляла ў Сочы на 450 тысяч даляраў, а з улікам Цупер, Кушніра і Скардзіны агульная сума склала 800 тысяч.

Падрабязнасьці — пазьней у эфіры і на сайце Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG