Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятае золата Беларусі – фрыстайліст Кушнір


Антон Кушнір на подыюме
Антон Кушнір на подыюме

Фрыстайлісты папоўнілі мэдалёвую скарбонку зборнай Беларусі. У супэрфінале 29-гадовы Антон Кушнір паказаў найлепшы вынік – гэта ягоная першая ўзнагарода на Алімпійскіх гульнях.

Выяўленьне мацнейшых у фрыстайле – адно з самых хуткацечных. Прынамсі, усё становіцца зразумелым цягам паўдня. Кваліфікацыйныя спаборніцтвы з удзелам двух дзясяткаў спартоўцаў плаўна перацякаюць ў два фінальныя этапы, а ў супэрфінале высьвятляць адносіны застаецца квартэт акрабатаў.

Адпачатку ў барацьбу ўключыліся чатыры беларускія спартоўцы: алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын, алімпійскі прызэр Дзьмітры Дашчынскі, а таксама прызэры Кубку сьвету Антон Кушнір і Дзяніс Восіпаў.

Аднак непрыемнасьць грымнула там, дзе яе мала хто чакаў. Першым з барацьбы за мэдалі вылецеў алімпійскі чэмпіён Ванкувэру-2010 Аляксей Грышын: дзьве грубыя памылкі падчас прызямленьня каштавалі яму пападаньня ў лік мацнейшых. Такім чынам, Грышын, які быў сьцяганосцам каманды Беларусі падчас цырымоніі адкрыцьця і скрытыкаваў за адмову несьці палотнішча Дар'ю Домрачаву, ня здолеў падмацаваць свой чэмпіёнскі тытул.

Затое іншыя беларускія ўдзельнік прадэманстравалі куды лепшыя вынікі і адразу ўтрох працягнулі спаборніцтвы ў вечаровай праграме. Пры гэтым Дзьмітры Дашчынскі паказаў найлепшы кваліфікацыйны вынік.

У першым фінале, калі фармавалася васьмёрка мацнейшых, крыху не хапіла для шчасьця Дзянісу Восіпаву – ён фінішаваў на дзявятай пазыцыі. Далей перастала клеіцца і ў іншага беларускага прадстаўніка: у чацьвёрку супэрфіналістаў ня здолеў прабіцца вэтэран Дзьмітры Дашчынскі. Шлях да мэдаля адкрыўся толькі Антону Кушніру. І ён з задачай годна справіўся.

У мінулую пятніцу сэнсацыйную перамогу ў жаночым фрыстайле атрымала Ала Цупер, а сёньня пацьвердзіла статус наймацнейшай біятляністкі ў Сочы Дар'я Домрачава: пасьля трэцяга залатога трыюмфу яна стала адзінай у гісторыі трохразовай чэмпіёнкай у індывідуальных біятлённых гонках. Па сукупнасьці заслугаў Лукашэнка ўзнагародзіў яе званьнем Героя Беларусі.

Яшчэ адзін мэдаль – бронзавы – на мінулым тыдні па выніках індывідуальнай гонкі заваявала іншая беларуская біятляністка Надзея Скардзіна.

Такім чынам, у актыве беларусаў 6 узнагародаў: 5 залатых і 1 бронза.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG